Удзельніка акцый за незалежнасць падазраюць у неналежным даглядзе за дзіцём
Актывіста Валера Рабцава, асуджанага за ўдзел у акцыях за незалежнасць, збіраецца наведаць камісія, каб праверыць, ці належным чынам ён даглядае сваё дзіця з інваліднасцю.
Раней Валера Рабцава судзілі за ўдзел у акцыях, што адбыліся 7, 8 і 21 снежня 2019 года. У выніку ён атрымаў штраф агулам у 80 базавых велічынь (2160 рублёў).
Пасля вынясення рашэння суддзя суда Заводскага раёна г. Мінска Алена Капцэвіч звярнулася ў сацыяльныя службы, а таксама ў калектыў школы з запытам, ці належным чынам Валер Рабцаў даглядае сваё дзіця з інваліднасцю.
Сам актывіст атрымлівае дапамогу па дагляду за дзіцём з інваліднасцю з 2014 года.
“Калі сын атрымаў інваліднасць, мне прыйшлося звольніцца з працы і пайсці на гэта аднакапеешнае пасобіе”, — распавёў актывіст.
Актывіста ўжо наведалі сацыяльныя службы. Прычына іх візіта – пытанні наконт дапамогі, якую атрымлівае Рабцаў:
“Яны прыйшлі да мяне каля месяца назад і пачалі мне казаць, кшталту што не будуць мне больш афармляць пасобіе, бо павінна быць заяўніком маці дзіцяці [а ім з’яўляецца Рабцаў — заўв]. Але я ім распавёў, што згодна з заканадаўствам, заяўніком можа быць любы законны прадстаўнік. Тады неяк сацыяльныя службы ад мяне адчапіліся”.
Але 12 сакавіка Валеру Рабцаву патэлефанавала класная кіраўніца яго дзіцяці і папярэдзіла, што да яго “заўтра прыйдзе нейкая камісія”:
“Калі я пачаў распытваць кіраўніцу, то яна зачытала пастанову суддзі пра тое, што я 7, 8 і 21-га снежня з такога-та па такі-та час знаходзіўся там-та і там-та (то бок у гэты час я знаходзіўся на мітынгах за незалежнасць). Логіка такая: калі чалавек быў на акцыях, то – не даглядаў сваё дзіцё ў гэты час.
Яшчэ класная кіраўніца паведаміла, што яны павінны адпісаць у паліклініку, МНС і Інспекцыю па справах непаўнагадовых. Магчыма, усе гэтыя службы і заявяцца да мяне заўтра”.
Ніякіх дакументаў і пастановаў аб наведванні камісіі актывіст пакуль не атрымаў. Ён збіраецца патрабаваць іх у камісіі, калі тая да яго прыйдзе.
Сітуацыю пракаментаваў юрыст ПЦ “Вясна” Алег Пашкевіч:
“Атрымліваецца, што сам удзел у мірных сходах і выказванне свайго меркавання з пункту гледжання суда з’яўляецца падставай для таго, каб ставіць пытанне, ці належным чынам чалавек даглядае дзяцей і ці ўсё добра ў яго ў іншых сферах (у яго асабістым жыцці). Па-першае, гэта дзіўна, а па-другое, гэта яшчэ адзін з метадаў ціску на грамадскіх актывістаў. Бо тое, што чалавек на гадзіну-дзе выйшаў на плошчу і штосьці там рабіў (што не стварыла ніякіх пагрозаў для грамадства і іншых грамадзян), не можа быць падставай для таго, каб да яго накіроўваць нейкія камісіі, глядзець, як ён даглядае сваё дзіця. Гэта свядомы ціск на актывістаў”.