«Не ўспрымайце нас у штыкі, мы за вас». Да актывіста прыйшлі з сацыяльным расследаваннем
Актывіста Валера Рабцава наведала адміністрацыя школы ў рамках праверкі, ці належным чынам ён даглядае сваё непаўналетняе дзіця з інваліднасцю.
Нагадаем, што запыт аб правядзенні такой праверкі накіравала ў адміністрацыю школы суддзя суда Заводскага раёна г. Мінска Алена Капцэвіч пасля таго, як прыцягнула Рабцава да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у акцыях супраць інтэграцыі.
Прадстаўлялі адміністрацыю школы тры чалавекі. Яны ўручылі Валерыю Рабцаву апавяшчэнне, згодна з якім «адбудзецца наведванне непаўналетняга [дзіцяці Рабцава — заўв.] у рамках сацыяльнага расследавання, у адпаведнасці з п.12 Пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15 студзеня 2019 года №22 Аб прызнанні дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы".
"Сярод крытэрыяў гэтай Пастановы [у дачыненні да бацькі, па якому праводзіцца праверка — заўв.] пазначаны артыкулы 9.1 (наўмыснае прычыненне цялеснага пашкоджання), 17.1 (Дробнае хуліганства), 17.3 (Распіццё алкагольных напояў) КаАП і інш. Аднак ні па адным з гэтых крытэрыяў я не трапляю", — адзначыў актывіст.
Адміністрацыя школы з гэтым згодная:
"Яны сказалі: мы супраць вас нічога не маем, — успамінае Валер Рабцаў. — Жыллё ў задавальняючым стане, усе прыбрана. «Не ўспрымайце нас у штыкі, мы за вас». Я кажу, што разумею: на цяперашнім этапе вы за мяне, а потым у рэшце рэшт вы будзеце супраць мяне, калі будзе так загадана".
Прадстаўніцы адміністрацыі спаслаліся на "нейкую адміністрацыйную інструкцыю, згодна з якой ім неабходна хадзіць". Рабцаў у сваю чаргу спаслаўся на Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, дзе ўказана права на свабоду мірных сходаў, а таксама падкрэсліў, што міжнароднае заканадаўства мае прыярытэт над нацыянальным.
"А значыць, удзельнічаючы ў акцыях супраць інтэграцыі, я нічога не парушаў", — падкрэсліў актывіст.
Таксама Валер Рабцаў даведаўся, што дакументы, якія пасля наведвання склала на яго адміністрацыя школы, "будуць накіраваныя далей і ў рэшце рэшт адміністрацыя раёна будзе вырашаць, ці ставіць нас на СНБ".