Віцебск: Алена Янушкоўская не дамаглася адтэміноўкі па выплаце штрафаў
Віцебскую актывістку і блогерку Алену Янушкоўскую шэсць разоў судзілі за ўдзел і заклікі да ўдзелу ў акцыях за незалежнасць Беларусі. Агульная сума штрафаў, прысуджаных Янушкоўскай, складае 4725 рублёў.
Актывістка звярнулася з просьбай, каб суды дазволілі адтэрмінаваць выплату такой вялікай сумы грошай, але атрымала адмовы.
Па інфармацыі "Віцебскай Вясны", агулам Алену Янушкоўскую аштрафавалі на 175 базавых велічынь. Блогерка звярнулася з хадайніцтвамі да суддзяў, якія каралі яе штрафамі, каб на паўгода адклалі іх выплату.
Патлумачыла, што нядаўна перанесла цяжкую аперацыю на хрыбетніку, і зараз ня мае магчымасці працаваць і зарабіць такія вялікія грошы. Рахункаў у банку ці аўтамабіль, які можна было б прадаць, таксама ня мае. Паведаміла суддзям у тым ліку і пра тое, што зладзіла збор сродкаў на аплату штрафаў праз краўдфандынг у інтэрнэце і што, магчыма, цягам 6 месяцаў удасца сабраць патрэбную суму.
Але такія довады для суддзяў Алены Цыганковай (суд Чыгуначнага раёну), Міхаіла Зубені і Наталлі Трацяковай (абодва працуюць у судзе Віцебскага раёну) падаліся непераканаўчымі. Усе трое адмовілі Алене Янушкоўскай у адтэрміноўцы – без аніякіх тлумачэнняў.
Янушкоўская мяркуе, што такім чынам дзяржава спрабуе яшчэ больш запалохаць людзей, «якія нясуць праўду ў народ».
Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў мяркуе, што, як і ў выпадку з каронавірусам, улады ў чарговы раз паказваюць, што асобны жывы чалавек для іх – не галоўнае.
«Калі на прыкладзе Янушкоўскай, дык суды паказваюць грамадзтву Беларусі, што яны зусім не збіраюцца стаяць на варце інтарэсаў чалавека, а толькі – дзяржавы», – сказаў праваабаронца.
Дапамагчы сплаціць штрафы блогерцы Алене Янушкоўскай можна на сайце MolaMola. Актывістку падтрымала ўжо больш за 100 чалавек, але сабранай сумы (1800 рублёў) ня хопіць нават для аплаты паловы прысуджаных ёй штрафаў.