Блог Паўла Сапелкі: Сядай, «два»!
Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка ў новым выпуску блога "Слова аб праве" у "БелГазеце" крытыкуе наяўнасць у заканадаўстве і прымяненне на практыцы да асуджаных артыкула 411 Крымінальнага кодэкса.
Артыкул 411 - "Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі" - унікальны інструмент у руках МУС, пры дапамозе якога можна запалохваць турэмнае насельніцтва, падаўжаць практычна бясконца знаходжанне зняволенага за кратамі.
Ахвярамі гэтага артыкула становяцца і вядомыя ў пэўных колах фігуры, і «радавыя» арміі зняволеных. Вядомы мне рэкардсмен - Уладзімір Бандарэнка, мінімум восем разоў асуджаны па 411-й, у яго васьмігадовы тэрмін цягнецца другі дзясятак гадоў. Не абыйшла 411-я бокам Дзмітрыя Галеева, якога калісьці нечакана выдала Швецыя на дакладнае разарванне беларускай Фемідзе, і яго ж такі асудзілі з парушэннем усіх мажлівых гарантый справядлівага суда тэрмінам на 10 гадоў. Гэтага здалося, мабыць, мала - дадалі.
Вось і нядаўні новы прысуд Аляксандру Логінаву - фігуранту некалькіх крымінальных спраў, за якія ён ужо практычна адбыў усё адмераныя судом 14 гадоў і па адной з якіх пакараныя дзеянні ў канфлікце з удзелам некалькіх вядомых асобаў у начным клубе, - прымусіў вярнуцца да тэмы існавання ў КК праславутага артыкула.
Па сэнсе артыкула 411 пазбаўленнем свабоды павінна карацца "супрацьдзеянне адміністрацыі ў ажыццяўленні яе функцый", якое становіцца крымінальным, калі чалавек зробіць пэўны комплекс парушэнняў, ажыццявіўшы тым самым "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі". Аднак суды па-ранейшаму звыкла штампуюць прысуды за гэтыя самыя парушэнні, не ўнікаючы ў дыспазіцыю артыкула.
Ключавы выраз гэтай самай дыспазіцыі вызначае сэнс крымінальнага пераследу: барацьба з процідзеяннем адміністрацыі ў ажыццяўленні яе функцый. Загадкавая з'явай, трэба сказаць. Гэтыя "функцыі" не апісаны як паняцце ў Крымінальна-выканаўчым кодэксе і Правілах ўнутранага распарадку, таму разумець іх значэнне можна толькі на ўзроўні літаральнага тлумачэння. Хоць, уласна, можна на гэтым і скончыць, абгрунтавана заявіўшы, што, калі функцыі адміністрацыі папраўчай установы законам не вызначаныя, значыць, наўмысна процідзейнічаць чамусьці нявызначанаму нельга.
А калі ўсё ж працягнуць: найбольш блізкім па сэнсе сінонімам "функцыі", мабыць, будзе "дзейнасць"? Па ПВК можна знайсці некалькі разрозненых згадак пра віды дзейнасці органа па выкананні пакарання: аператыўна-вышуковая, выхаваўчая, напрыклад. Г.зн. кандыдат на "раскрутку" па 411-м павінен перашкаджаць пералічаным відам дзейнасці адміністрацыі, процідзейнічаючы фарміраванні і ўмацаванню ў асуджаных імкнення да занятку грамадска карыснай дзейнасцю, добрасумленнага стаўлення да працы; захаванню патрабаванняў заканадаўства і прынятых у грамадстве правілаў паводзін. Таксама ён можа рабіць немагчымым або абцяжарваць "забеспячэнне асабістай бяспекі асуджаных, работнікаў папраўчых устаноў i iншых асобаў, выяўленне і папярэджанне злачынстваў, што рыхтуюцца, вышук ва ўстаноўленым парадку асуджаных, якiя ўцяклi з папраўчых устаноў, а таксама асуджаных, якія ўхіляюцца ад адбывання пазбаўлення волі, садзейнічанне ў выяўленні і спыненні злачынстваў, учыненых асуджанымі да прыбыцця ў папраўчую ўстанову".
Ну і дзе ў гэтым шматслоўі месца адмовы ад фізічных практыкаванняў на зарадцы, ад уборкі турэмных панадворкаў, камеры і іншым пералічаным ў прысудзе грахоў асобна ўзятага зняволенага? Там у турме хлопчыкі-зайчыкі сядзяць і ходзяць, і калі ўмоўны Логінаў не зробіць зарадку, то і яны не будуць? А гэта хтосьці зафіксаваў - уплыў пылу ў камеры, адмовы ад фізкультуры і няпоўны даклад "дзяжурнага па камеры", - на настрой і працэс выпраўлення астатніх зняволеных? Або на бяспеку, папярэджанне злачынстваў? Канешне не.
У прысудах гэтага няма: там толькі аб парушэннях як такіх. А такіх парушэнняў можна напладзіць без абмежаванняў.
Таму складваецца ўражанне, што некаторым сядзець прыйдзецца столькі, колькі палічаць патрэбным у адным з упраўленняў МУС, былы начальнік якога, зрабіўшы ўсё магчымае для барацьбы з арганізаванай злачыннасцю, выдаліўся на супакой, а потым - у СІЗА КДБ. Хоць ходзяць чуткі, што ў бясконцым тэрміне канкрэтна Логінава зацікаўлены не толькі міліцэйскія чыны: дастаткова ўспомніць, хто з'яўляўся самым вядомым пацярпелым па яго справах.