Магілёўскую журналістку Дар’ю Чульцову будуць судзіць
Як паведамляе БАЖ, магілёўскую журналістку Дар’ю Чульцову збіраюцца прыцягнуць да адказнасці паводле ч. 2 арт.22.9 КаАП — нібыта за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ.
19 сакавіка супрацоўнікі міліцыі спынілі журналістку ў двары каля дома, дзе яна жыве, і ўручылі позву з патрабаваннем з’явіцца ў Кастрычніцкі РАУС Магілёва 20 сакавіка.
Сёння Дар’я Чульцова наведала РАУС, і старшы ўчастковы інспектар Аляксандр Волкаў склаў на яе пратакол аб парушэнні заканадаўства аб СМІ. Як і меркавала журналістка, падставай для адміністрацыйнага пераследу стаў яе ўдзел у асвятленні акцыі супраць павышэння коштаў на бензін, якая праходзіла 8 лютага каля гіпермаркета “Е-сіці” ў Магілёве.
Міліцыянт таксама уручыў Чульцовай позву з патрабаваннем з’явіцца ў суд Кастрычніцкага раёна Магілёва 24 сакавіка ў 10.30 раніцы. На гэты час запланаваны разгляд яе адміністрацыйнай справы.
27 сакавіка ў судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва павінен адбыцца разгляд справы журналіста Міхаіла Аршынскага. Адміністрацыйны пратакол на яго склалі за відэаздымку ўсе той жа акцыі пратэсту супраць падвышэння коштаў на бензін.
Праваабаронца "Вясны" з Магілёва Барыс Бухель параіў журналістам звярнуцца ў Кастрычніцкі райсуд з хадайніцтвам, каб іх справы аб’ядналі і даручылі разглядаць аднаму суддзі. Ці адрэагуе суд на просьбу журналістаў, пакуль не зразумела.
Нагадаем, што сёння суд Ленінскага раёна Магілёва пакараў штрафамі ў памеры 50 базавых велічынь фрылансераў Аліну Скрабунову і Аляксандра Сідарэўскага. Крыху раней за працу без акрэдытацыі іх аштрафаваў Кастрычніцкі райсуд Магілёва. Ва ўсіх выпадках журналістам ставілася ў віну парушэнне ч. 2 арт.22.9 КаАП Рэспублікі Беларусь.