viasna on patreon

Кейс журналіста Сяргея Сацука: самае галоўнае

2020 2020-03-27T10:03:44+0300 2020-03-27T16:30:17+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sacuk_zhurnalist.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У сераду, 25 сакавіка, супрацоўнікі Дэпартаменту фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю затрымалі галоўнага рэдактара беларускага парталу «Ежедневника» Сяргея Сацука. Як паведамляе "Беларуская асацыяцыя журналістаў", падставай для затрымання стала нібыта атрыманне Сяргеем Сацуком грашовых сродкаў для ажыццяўлення журналісцкіх расследаванняў больш за год таму. Па стане на раніцу 27 сакавіка абвінавачванне яму не прад’яўлена. У адносінах да журналіста была абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. 

Хто такі журналіст Сяргей Сацук?

Сяргей Сацук з’яўляецца галоўным рэдактарам беларускага партала «Ежедневник». Вядомы як журналіст і рэдактар, які займаецца журналісцкімі расследаваннямі. Як піша “БАЖ”, адным з яго гучных расследаванняў была серыя публікацый у «Ежедневнике» аб карупцыі ў сістэме аховы здароўя Беларусі. Пазней у дачыненні да шэрагу высокапастаўленых службовых асоб Міністэрства аховы здароўя былі вынесеныя абвінаваўчыя прысуды за карупцыйную дзейнасць.

23 сакавіка 2020 года на сайце "Ежедневник" была апублікаваная калонка Сяргея Сацука "Хто сее паніку вакол каранавіруса, прэзідэнт або сайты і каналы?". У матэрыяле аўтар ставіць пад сумнеў афіцыйную статыстыку па захворваннях ў Беларусі на каранавірус. Таксама журналіст сваёй калонкаў адрэагаваў на словы кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі, які даручыў КДБ разабрацца з «нягоднікамі, якія ўкідваюць фэйкі па каранавірусу».

За што затрымалі журналіста?

Ej.by зазначае, што Сацука падазраюць у тым, што ён нібыта ўзяў 5 тысяч даляраў за напісанне артыкула пра карупцыю ў Міністэрстве аховы здароўя. Пазней стала вядома, што ў дачыненні да журналіста распачата крымінальная справа па ч. 2 арт. 430 Крымінальнага кодэкса. Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў са штрафам і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

26 сакавіка ў офісе «Ежедневника» быў праведзены ператрус. У прысутнасці брата журналіста Сяргея Сацука супрацоўнікі ДФР правялі агляд дакументаў. Як паведмляе "БАЖ", падчас ператрусу побач з офісам знаходзілася шмат прадстаўнікоў розных медыя: журналісты сочаць за падзеямі, якія адбываюцца з калегам.

Па стане на раніцу 27 сакавіка, вядома, што журналіста дапыталі ў якасці падазраванага і пакінулі пад вартай на трое сутак.

За што Сяргей Сацук раней атрымліваў пагрозы?

У жніўні 2019 года Сяргей Сацук у інтэрв'ю БелаПАН заявіў, што атрымліваў пагрозы з-за сваёй журналісцкай дзейнасці.

Некалькі месяцаў таму, адчуўшы ціск з боку неназваных людзей, галоўны рэдактар ​​"Ежедневника" Сяргей Сацук пакінуў Еўрарадыё тэкст на выпадак свайго затрымання. У ім ён расказвае пра прычыны, па якіх можа быць затрыманы, і пра пагрозы, якія атрымаў у свой адрас ад "ганца" — прадстаўніка бізнесмена са сферы аховы здароўя.

Брат журналіста Аляксандр Сацук у інтэрв’ю “Радыё Свабода” зазначыў, што не выключае, што затрыманне Сяргея звязана з сюжэтам БТ, які паказалі 22 жніўня 2019 году.

Пра што быў сюжэт БТ?

ej.by_2.jpg
Фота: baj.by

Як піша «Радыё Свабода», у сюжэце апавядалася пра пачатак у Мінскім гарадскім судзе працэсу па гучнай справе медыкаў. Сярод 21 фігуранта справы былі прадстаўнікі бізнэсу. Аднак большая частка сюжэту была прысвечаная журналісту.

У сюжэце БТ бізнэсовец Віктар Мядведскі, які праходзіў па крымінальнай справе аб нясплаце падаткаў, заявіў на камеру, што перадаў Сяргею Сацуку інфармацыю пра карупцыйную схему.

«На сустрэчы я перадаў Сацуку ўсю інфармацыю, якая ў мяне была аб продажах па завышаных цэнах кампаніі Macopharma; яго гэта зацікавіла, і я яму прапанаваў грошы ў канцы сустрэчы ў суме 3 000 даляраў, якія я яму перадаў», — кажа на відэа Віктар Мядведскі. 

БТ паказала апэратыўныя відэаздымкі з сустрэчы, якая адбылася 4 студзеня 2019 году ў офісе бізнэсоўца. Паводле БТ, Сяргей Сацук нібыта ўзяў агулам 5 тысяч даляраў за напісанне артыкула пра карупцыю ў Міністэрстве аховы здароўя. Гэты артыкул меў назву «Карупцыя Міністэрства аховы здароўя: як у Беларусі зарабляюць на крыві». Ён апублікаваны 9 студзеня 2019 году.

На аператыўнай здымцы Сяргей кажа аб прапановах у тым ліку з боку бізнэсу падтрымкі журналісцкіх расследаванняў. Сяргей нібыта сказаў: «Я вось апублікаваў, калі хочаце, кідайце туды грошы».

У артыкуле «Ежедневника» пра затрыманне Сяргея Сацука сцвярджаецца, што аператыўныя здымкі з канвертам, які нібыта ўзяў Сяргей Сацук, былі змантаваныя «ў патрэбным ракурсе».

Чаму “БАЖ” патрабуе неадкладна вызваліць журналіста?

БАЖ заклікае неадкладна вызваліць Сяргея Сацука і спыніць крымінальны пераслед — ЗАЯВА

У сувязі з тым Сяргей Сацук раней атрымліваў пагрозы з-за сваёй дзейнасці, прадстаўнікі “БАЖ” лічаць, што затрыманне вядомага журналіста, якія пацягнулі выклікі на допыты іншых супрацоўнікаў «Ежедневника», могуць прывесці да запалохвання беларускіх журналістаў і развіццю самацэнзуры ў СМІ, якія асвятляюць грамадска значныя праблемы. У тым ліку гэта тычыцца тэмы карупцыі і каранавіруса ў Беларусі.

Грамадскае аб'яднанне «Беларуская асацыяцыя журналістаў» распаўсюдзіла заяву, у якой заклікае ўлады Рэспублікі Беларусь неадкладна вызваліць Сяргея Сацука і спыніць у дачыненні да яго крымінальны пераслед.

Таксама прадстаўнікі БАЖ звярнуліся да ўладаў, каб тыя выконвалі гарантыі, прадастаўленыя журналістам беларускім заканадаўствам і міжнароднымі абавязацельствамі Рэспублікі Беларусь, спыніць пераслед, запалохванне і іншыя агрэсіўныя дзеянні ў дачыненні да журналістаў за выкананне імі прафесійных абавязкаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства