viasna on patreon

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Сакавік 2020

2020 2020-04-01T18:17:42+0300 2020-04-22T11:16:14+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vokladka_march_2020.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Высновы:

  • на працягу месяца ў месцах пазбаўлення волі працягваў знаходзіцца палітвязень Міхаіл Жамчужны;
  • 27 сакавіка судовая калегія па крымінальных справах Мінскага гарадскога суда разгледзела апеляцыйную скаргу асуджаных да сямі гадоў пазбаўлення волі актывістаў анархісцкага руху Мікіты Емяльянава і Івана Комара. У выніку прысуд першай інстанцыі быў зменены і суд прызначыў М. Емяльянаву 4 гады пазбаўлення волі, а І. Комару 3 з паловай гады пазбаўлення волі. Нягледзячы на ​​змякчэнне прысуду, ПЦ "Вясна" па-ранейшаму лічыць прызначанае пакаранне празмерна жорсткім, а самых асуджаных — палітвязнямі. ПЦ “Вясна” таксама патрабуе перагляду вынесеных судовых рашэнняў;
  • 18 сакавіка актывісту апазіцыйнай моладзевай групы «Малады Фронт» Піліпу Шаўрову, які быў затрыманы 19 студзеня 2020 г., было прад'яўлена канчатковае абвінавачанне. Яго абвінавачваюць у нанясенні шэрагу графіці палітычнага зместу і арганізацыі перформансу супраць г.зв. «паглыбленай інтэграцыі Расіі і Беларусі», а менавіта ў размалёўванні чырвонай фарбай рук помніка А.С. Пушкіну. Дадзеныя дзеянні П. Шаўрова кваліфікаваныя органамі следства па ч. 1 і ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства) з абраннем меры стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай. Эксперты ПЦ "Вясна" выказваюць сумневы ў правільнасці падобнай кваліфікацыі дзеянняў П. Шаўрова і лічаць, што яго ўтрыманне ўвесь гэты час пад вартай носіць відавочна непрапарцыйны характар, які можа сведчыць аб наяўнасцм палітычнага матыву ўладаў;
  • 5 сакавіка органамі ДФР быў затрыманы і змешчаны пад варту журналіст і рэдактар ​​інтэрнэт выдання «Ежедневник» Сяргей Сацук. Па наяўнай інфармацыі, ён абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынства па ч. 2 арт. 430 КК (атрыманне хабару паўторна або вымагальніцтвам, або групай асоб па папярэдняй змове або ў буйным памеры). БАЖ і шэраг іншых структур грамадзянскай супольнасці выступілі з заявамі з патрабаваннямі вызвалення і спынення крыміналнага пераследу С. Сацука;
  • нягледзячы на ​​агульны спад хвалі пераследу ўдзельнікаў мірных сходаў цягам сакавіка, да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 23.34 КаАП былі прыцягнуты два чалавекі, якія былі аштрафаваныя на агульную суму 35 б.в., а адзін арыштаваны на 15 сутак;
  • на працягу месяца фіксаваліся выпадкі пераследу журналістаў-фрылансераў, якія ажыццяўляюць супрацоўніцтва з замежнымі СМІ (тэлеканал “Белсат”);
  • 6 сакавіка Мінскі абласны суд вынес смяротны прысуд у дачыненні да 29-гадовага Віктара Скрундзіка. Гэта ўжо трэці чалавек, прысуджаны да пакарання смерцю з пачатку гэтага года.

Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед

27 сакавіка судовая калегія Мінскага гарадскога суда пад старшынствам В. Сцяпурка разгледзела апеляцыйныя скаргі актывістаў анархісцкага руху Мікіты Емяльянава і Івана Комара. У выніку прысуд быў зменены па некалькіх частках абвінавачання. Канчаткова шляхам частковага складання пакаранняў абвінавачаным вызначана: Мікіту Емяльянаву — 4 гады, Івану Комару — 3 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Самі абвінавачаныя ў суд дастаўлены не былі, і судовае паседжанне прайшло без іх удзелу.

12 лютага суд Савецкага р-на г. Мінска асудзіў анархістаў Мікіту Емяльянава і Івана Комара да сямі гадоў пазбаўлення волі кожнага за пашкоджанне маёмасці ў грамадскіх месцах (арт. 341 КК), замах на наўмыснае пашкоджанне маёмасці і наўмыснае пашкоджанне маёмасці, здзейсненае агульнанебяспечным спосабам (ч. 1 арт. 14, ч. 2 арт. 218 КК, ч. 2 арт. 218 КК), незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў (ч. 2 арт. 295-3 КК).

На думку праваабаронцаў, у парушэнне прынцыпаў справядлівага судовага разбору, Мікіта Емяльянаў быў асуджаны да празмерна жорсткага пакарання, якое з'яўляецца відавочна непрапарцыйным здзейсненаму. Іван Комар таксама быў пакараны празмерна жорстка, непрапарцыйна абвінавачанням, з парушэннем права не падвяргацца катаванням і жорсткаму абыходжанню. На думку праваабаронцаў, гэта звязана з прыналежнасцю абвінавачаных да анархічнай супольнасці.

Праваабарончая супольнасць прызнала асуджаных палітычнымі вязнямі і запатрабавала для Мікіты Емяльянава і Івана Комара неадкладнага перагляду прысуду пры захаванні права на справядлівае судовае разбіральніцтва і ліквідацыі пералічаных парушэнняў.

ПЦ "Вясна" адзначае, што значнае змякчэнне прысуду стала відавочным вынікам жорсткай крытыкі праваабарончай супольнасцю прысуду першай судовай інстанцыі і, нягледзячы на ​​гэта, па-ранейшаму лічыць прысуды празмерна жорсткімі, а саміх асуджаных палітвязнямі, патрабуючы перагляду вынесеных судовых рашэнняў.

18 сакавіка актывісту "Маладога Фронту" Піліпу Шаўрову прад'явілі канчатковае абвінавачанне. Як паведаміла "Вясне" яго жонка Вольга, у ягонай крымінальнай справе тры эпізоды:

  • ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса ("Хуліганства") — за тое, што пафарбаваў у чырвоны колер рукі помніка Пушкіну.
  • ч. 1. арт. 339 КК РБ — за намаляваны бел-чырвона-белы сцяг на памятным знаку загінулым міліцыянтам.
  • ч. 2 арт. 339 КК РБ ("Хуліганства, здзейсненае паўторна або групай асобаў") — за графіці "Свабоду Севярынцу".

Паводле апошняга абвінавачвання, Піліпа Шаўрова могуць пакараць арыштам, абмежаваннем волі на тэрмін да 3 гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад 1 да 6 гадоў.

Паводле інфармацыі "Радыё Свабода", агульны памер шкоды па трох эпізодах, паводле ацэнак следства, складае 228 рублёў 93 капейкі.

Актывісту адмовілі ў хадайніцтве аб змене меры стрымання, ён працягвае знаходзіцца ў СІЗА №1 на вул. Валадарскага. Маладафронтавец Піліп Шаўроў быў затрыманы 19 студзеня 2020 г. пасля таго, як сам прыйшоў у міліцыю, каб распавесці, што гэта менавіта ён размаляваў рукі помніка Пушкіну. У актывіста прайшоў ператрус, падчас якога было канфіскаванае адзенне. Праз некалькі дзён пасля затрымання яму было прад'яўлена першае абвінавачанне.

Эксперты ПЦ "Вясна" выказваюць сумневы ў правільнасці падобнай прававой кваліфікацыі дзеянняў П. Шаўрова і лічаць, што прымяненне ў дадзеным выпадку ч. 1 і ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства) было абумоўлена ў першую чаргу жаданнем ізаляцыі абвінавачанага. Прымяненне ў дачыненні да П. Шаўрова меры стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай носіць відавочна адвольны характар ​​і прымалася без уліку рэальных абставін справы, без уліку асобы абвінавачанага, што ў сваю чаргу можа сведчыць аб палітычным матыве уладаў. ПЦ "Вясна" працягвае ўважліва сачыць за дадзенай крымінальнай справай.

5 сакавіка журналіст і галоўны рэдактар ​​газеты «Ежедневник» Сяргей Сацук быў затрыманы ў Мінску Дэпартаментам фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю. 26 сакавіка супрацоўнікі вышэйназванага дзяржаўнага органа правялі канфіскацыю дакументаў у рэдакцыі газеты.

Згодна з інфармацыяй сваякоў і калегаў Сяргея Сацука, яму прад'яўленае абвінавачванне ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 430 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (атрыманне хабару паўторна або вымагальніцтвам, або групай асоб па папярэдняй змове або ў буйным памеры), пакаранне за якое прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў.

Прадстаўнікам грамадскіх арганізацый Беларусі Сяргей Сацук вядомы як журналіст, які працуе ў жанры журналісцкіх расследаванняў. Адна з яго апошніх гучных работ — серыя артыкулаў у выданні «Ежедневник» аб карупцыі ў сістэме Міністэрства аховы здароўя. Пазней многія з фігурантаў гэтых матэрыялаў былі асуджаныя да турэмных тэрмінаў за карупцыйныя злачынствы.

Журналісцкія расследавання Сяргея Сацука выклікалі хвалю негатыўных матэрыялаў пра яго ў дзяржаўных СМІ, у якіх галоўнага рэдактара выдання «Ежедневник» абвінавацілі ў напісанні заказных артыкулаў.

Паводле інтэрв'ю, якое Сяргей Сацук даў парталу Naviny.by у жніўні 2019 года, а таксама тэкста, апублікаванага на сайце “Еўрапейскага радыё для Беларусі” 26 сакавіка 2020 года, журналіст неаднаразова атрымліваў пагрозы за сваю журналісцкую дзейнасць.

Шэраг незалежных грамадзянскіх аб'яднанняў краіны выступілі з заявамі з патрабаваннем неадкладнага вызвалення Сяргея Сацука і спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да яго. Неадкладна вызваліць галоўнага рэдактара інтэрнэт-выдання «Ежедневник» Сяргея Сацука і зняць з яго ўсе абвінавачанні заклікала міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў».

ПЦ "Вясна" таксама працягвае сачыць за дадзенай крымінальнай справай.

Смяротнае пакаранне

6 сакавіка Мінскі абласны суд на выязным пасяджэнні ў Слуцку абвясціў чарговы смяротны прысуд у дачыненні да 29-гадовага Віктара Скрундзіка. Нагадаем, што гэта ўжо трэці асуджаны да смяротнага пакарання з пачатку гэтага года.

Першы смяротны прысуд быў вынесены ў горадзе Чэрыкаў ў дачыненні да братоў Іллі і Станіслава Косцевых.

Сястра асуджаных публічна выступіла з просьбай падтрымаць яе петыцыю аб памілаванні і замене прысуду на пазбаўленне волі або пажыццёвае зняволенне і падпісаць зварот да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. ПЦ "Вясна" падтрымаў гэтую ініцыятыву і ў сваю чаргу звярнуўся да ўсіх неабыякавых грамадзян краіны, якія выступаюць за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі, з просьбай далучыцца да дадзенай петыцыі.

Свабода мірных сходаў і выказвання меркаванняў

У сакавіку прайшлі апошнія суды ў дачыненні да ўдзельнікаў мірных сходаў у абарону незалежнасці Беларусі; да адказнасці прыцягнуты ўдзельнікі і арганізатары іншых акцый.

2 сакавіка суд Полацка і Полацкага раёна разгледзеў адміністрацыйную справу прафсаюзнага актывіста Мікалая Шараха, якога абвінавачвалі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (артыкул 23.34 КаАП). Пакаранне — штраф у памеры 15 базавых велічынь (405 беларускіх рублёў).

Юрысты Праваабарончага цэнтра "Вясна" накіравалі Працоўнай групе па адвольных затрыманнях ААН паведамленне пра пераслед блогераў і актывістаў за іх удзел у мірных акцыях пратэсту супраць "паглыбленай інтэграцыі" з Расіяй.

Сумарна Грамадская прыёмная ПЦ "Вясна" ў Мінску па адміністрацыйных справах за ўдзел у пратэстах у абарону незалежнасці падрыхтавала 122 скаргі, з якіх 55 аформілі юрысты-валанцёры.

Пад рэпрэсіі ўладаў трапляюць не толькі ўдзельнікі акцый палітычнага пратэсту, але і іншыя формы грамадскай актыўнасці.

Блогер Уладзімір Цыгановіч завочна асуджаны на 15 сутак арышту за заклікі ў інтэрнэце да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Гаворка ідзе пра сустрэчу-мітынг каля будынка "Белнафтахіма" ў Мінску, якая прайшла 25 лютага. Напярэдадні Уладзімір Цыгановіч заклікаў прыйсці туды ўсіх, каго турбуе пастаяннае павышэнне цэнаў на паліва, і задаць пытанні на гэты конт кіраўніцтву канцэрна, што ў выніку атрымалася: на сустрэчу прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек.

25 сакавіка блогера са Слуцка Уладзіміра Няронскага аштрафавалі на 20 базавых велічыняў (540 рублёў) за тое, што ён арганізаваў сустрэчу з жыхарамі горада каля мясцовай рэчкі Случ.

Аднавілася практыка рэпрэсій за распаўсюд «экстрэмісцкай прадукцыі».

Так, Андрэй Войніч размясціў на сваім youtube-канале ролік, дзе размаўляе з актывістам «Еўрапейскай Беларусі» Алесем Круткіным у пад'ездзе жылога дома. У кадр патрапіў надпіс, зроблены на сцяне лесвічнага пралёта — абрэвіятура, прызнаная экстрэмісцкай, і уключаная ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. 24 студзеня 2020 года яна была знойдзена супрацоўнікамі органаў унутраных спраў, а 21 лютага суддзя суда Маскоўскага раёна г. Мінска Таццяна Матыль вынесла пастанову, згодна з якой Войніч падвергнуты максімальнаму штрафу ў 50 базавых велічынь (1 350 руб.) па ч. 2 арт. 17.11 КаАП (Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў).

31 сакавіка суддзя суда Чыгуначнага раёна Гомеля Яўген Шаршнёў прызначыў штраф у 135 беларускіх рублёў (5 базавых велічыняў) гамяльчаніну Ігару Мазейку за дэманстрацыю ў «ВКонтакте» відэазапісу «Лукашэнка пра Гітлера», які суправаджаўся выявай нацысцкага сцяга. Яшчэ адзін пратакол па абвінавачванні ў экстрэмізме суд вярнуў у міліцыю для ліквідацыі недахопаў.

Жорсткае абыходжанне

Зняволены магілёўскай турмы Пётр Кучура і яго жонка Людміла спрабуюць дамагчыся расследавання парушэння правоў зняволенага: нанясення ўдараў начальнікам калоніі, дзе раней утрымліваўся П. Кучура, схілення яго да самагубства, прымянення ін'екцыі невядомых лекаў без медыцынскіх паказанняў. Суды адмаўляюць у разглядзе скаргаў на рашэнні службовых асобаў ДВП, МУС і Следчага камітэта, прынятыя па выніках праверак, ініцыяваных жонкай зняволенага Людмілай Кучура.

Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Аляксей Лойка зноў звярнуўся ў пракуратуру горада са скаргай на адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы і бяздзейнасць пракуратуры Першамайскага раёна г. Мінска. На працягу практычна трох гадоў праваабаронца спрабуе дамагчыся справядлівасці і пакараць вінаватых супрацоўнікаў АМАП за неправамернае прычыненне яму цялесных пашкоджанняў пры налёце на офіс «Вясны» 25 сакавіка 2017 года.

Тры гады таму 19-гадовую Яну Чуліцкую падчас затрымання на акцыі пратэсту на Дзень Волі моцна ўдарыў па галаве міліцыянт, і ўжо праз тыдзень у дзяўчыны пачаліся першыя прыступы эпілепсіі. Міліцыянт да гэтага часу застаецца беспакараным, а здароўе Яны на працягу гэтых трох гадоў пастаянна пагаршаецца. З мінулага лета Яне двойчы адмаўлялі ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць АМАПаўцаў. Следчыя не знайшлі вінаватых, хоць Яна прадставіла відэа, дзе бачны адзін з міліцыянтаў, а таксама чутны голас другога — таго, які ударыў дзяўчыну. Следчыя накіравалі запыт у ГУУС для пошуку гэтых супрацоўнікаў, але там ніякага адказу не далі. На гэтым СК спыніў «пошукі». У цяперашні час Яна чакае вынікаў адноўленай па яе чарговай скарзе праверкі.

У адказ на новыя публікацыі гісторыі Яны да яе на кватэру з'явіўся нарад міліцыі і стаў пагражаць прымусовай шпіталізацыяй ў псіхіятрычную бальніцу. Дзяўчына удакладніла сітуацыю ў свайго лекара і пераканалася, што ні аб якім абавязковым лячэнні гаворкі не ідзе. Гэта азначае, што МУС распачало спробы запалохаць пацярпелую ад міліцэйскай жорсткасці.

Суд Партызанскага раёна г. Мінска цалкам задаволіў патрабаванні скаргі Дзмітрыя Серады аб адмене пастановы аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце незаконнага ўварвання ў кватэру мінчука і яго збіцця супрацоўнікамі АМАП пры затрыманні. Больш за тры гады Дзмітрый Серада спрабуе прыцягнуць да крымінальнай адказнасці вінаватых у яго незаконным затрыманні і збіванні. За гэты час ён атрымаў восем адмоваў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць АМАПаўцаў. І столькі ж разоў праверка па ягонай справе аднаўлялася.

Больш за чатыры гады таму, 29 студзеня 2016 г. Алег Багданаў памёр у Жодзінскай турме №8 ад вострай сардэчнай недастатковасці. Увесь гэты час яго маці Марыя Георгіеўна дамагаецца, каб вінаватыя ў смерці сына панеслі пакаранне за неналежнае выкананне сваіх абавязкаў. Справу Алега Багданава неаднаразова ўзбуджалі і спынялі ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства. Пасля таго, як у пачатку лютага Генпракуратура адмяніла рашэнне УСК па Мінскай вобласці аб спыненні расследавання па крымінальнай справе па факце смерці ў Жодзінскай турме №8, аднавіліся следчыя дзеянні. Створана новая следчая група ў складзе чатырох чалавек. Аднак следчыя нечакана засяродзілі свае намаганні на высвятленні аўтарства лістоў, у якіх Багданаў паведамляў сваім родным пра недахопы ў медыцынскім абслугоўванні, адсутнасць лекаў і аб жорсткім абыходжанні.

Пераслед журналістаў

27 сакавіка ў судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва суддзя Жанна Пушкіна аштрафавала фрылансера Міхаіла Аршынскага на 20 базавых велічынь за журналісцкую дзейнасць. Аршынскага абвінавацілі ў “незаконным вырабе прадукцыі СМІ” за рэпартаж, які выйшаў на тэлеканале “Белсат”. Сюжэт быў прысвечаны акцыі пратэсту магілёўскіх аўтамабілістаў супраць павышэння цэнаў на бензін каля гандлёвага цэнтра «Е-Сіці» 8 лютага.

Раней, 24 сакавіка, за той жа самы рэпартаж Кастрычніцкі суд аштрафаваў на 25 базавых велічынь калегу Аршынскага Дар'ю Чульцову.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства