Пазіцыя праваабарончых арганізацый у сувязі з затрыманнем і заключэннем пад варту Сяргея Сацука
25 сакавіка 2020 года быў затрыманы Сяргей Сацук, журналіст і рэдактар інтэрнэт-рэсурсу "Ежедневник". 26 сакавіка яму была абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. 26 і 27 сакавіка былі праведзеныя ператрусы ў офісе "Ежедневника" і дома ў Сяргея Сацука, канфіскаваныя аргтэхніка, дакументы.
Падставай для крымінальнага пераследу стала нібыта атрыманне Сяргеем Сацуком больш за год таму грошай за падрыхтоўку і размяшчэнне на інтэрнэт-рэсурсе "Ежедневник" артыкула аб карупцыі. Гэтыя грашовыя сродкі разглядаюцца следствам як "хабар" па сэнсе ч. 2 арт. 430 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (атрыманне хабару, за што прадугледжана пакаранне на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў пазбаўлення волі).
Сяргей Сацук вядомы як журналіст і рэдактар, які займаецца журналісцкімі расследаваннямі. Адным з яго гучных расследаванняў была серыя публікацый у анлайн-выданні "Ежедневник" аб карупцыі ў сістэме аховы здароўя Беларусі. Пазней у дачыненні да шэрагу высокапастаўленых службовых асоб Міністэрства аховы здароўя былі вынесеныя абвінаваўчыя прысуды за карупцыйную дзейнасць.
Сяргей Сацук заявіў, што атрымліваў пагрозы з-за сваёй журналісцкай дзейнасці, звязаныя з гэтым расследаваннем. З апублікаванага пасля затрымання ягонага адкрытага ліста, перададзенага ў СМІ задоўга да затрымання, вядома, што яму паступалі пагрозы, у тым ліку пагрозы крымінальнага пераследу. Аднак Сяргей Сацук не прадпрымаў ніякіх спробаў змяніць месца жыхарства або схавацца ад магчымага крымінальнага пераследу. Больш таго, як вынікае з яго адкрытага ліста, гэта было немагчыма і з прычыны неабходнасці клопату аб сям'і і, у прыватнасці, з-за стану здароўя жонкі.
Затрыманне ў ходзе папярэдняга следства па крымінальнай справе і ўзяцце пад варту чалавека, які не хаваўся на працягу доўгага часу, з улікам стану яго здароўя і здароўя яго родных, выглядаюць непрапарцыйнымі і відавочна празмернымі мерамі. Гэта можа сведчыць аб наяўнасці палітычнага матыву ў пераследзе журналіста, накіраванага на прымус да спынення або змены характару яго дзейнасці па распаўсюджванні інфармацыі аб карупцыі.
Лічым неабходным неадкладна вызваліць Сяргея Сацука з-пад варты і прыняць усе меры па забеспячэнні яго працэсуальных правоў.
Праваабарончыя арганізацыі працягваюць уважліва сачыць за гэтай крымінальнай справай.
ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"
ПЦ "Вясна"
ППУ "Офіс па правах людзей з інваліднасцю"
РГА "Прававая ініцыятыва"
Ініцыятыўная група "Ідэнтычнасць і права"
Асветніцкая ўстанова "Цэнтр прававой трансфармацыі"
Экспертна-прававое Таварыства "Ініцыятыва FORB"
РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт"
РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр"
Установа "Human Constanta"
Беларускі дом правоў чалавека ім. Б. Звозскава
ПУ "Беларускі дакументацыйны цэнтр"