Палітвязень Мікіта Емельянаў: Перадачы нечым апрацоўваюць
Палітвязень Мікіта Емельянаў паведаміў ў лісце Дзмітрыю Паліенку, што не збіраецца прасіць памілавання, і гэта яго прынцыповае рашэнне, піша palitviazni.info. Таксама ён распавёў пра ўмовы ўтрымання ў жодзінскай турме падчас пандэміі каранавірусу.
“Не бачу сэнса штосьці прасіць, – напісаў Мікіта Емельянаў у лісце свайму сябру Дзмітрыю Паліенку. – Паліць турму, каб затым пісаць прашэнне аб памілаванні? Гэта смешна і нелагічна.
Калі ўжо змагацца за волю, то трэба змагацца, а не памілаванні пісаць. Трэба патрабаваць, а не прасіць. Такую пазіцыю я лічу годнай і правільнай для сябе. Не ведаю толькі, як бацькі паставяцца да майго выбару, але я так вырашыў. Прыйдзецца трымацца”.
Палітвязень паведаміў таксама, што “каранавірус да нас пакуль не дайшоў, хаця кажуць, што перадачы нечым апрацоўваюць”.
“Спатканні таксама пакуль не забаронены, бо ўсё роўна размаўляць даводзіцца па тэлефоне”, – дадае Мікіта Емельянаў.
Мінгарсуд разгледзіць апеляцыю Комара і Емельянава. Што не так са справай палітвязняў?
Нагадаем, што 12 лютага 2020 году суд Савецкага раёна Мінска асудзіў 19-гадовых анархістаў Мікіту Емяльянава і Івана Комара на сем гадоў пазбаўлення волі кожнага ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Іх асудзілі за дзве акцыі: Мікіта Емельянаў кінуў лямпачку з чырвонай фарбай у будынак Мінгарсуда, дзе ў той дзень мусіў пачацца суд на Дзмітрыем Паліенкам. А пазней двойчы кідаў «кактэйль Молатава» ў дзверы ізалятара на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Іван Комар ў гэты момант быў у суседнім скверы.
Абодвух прызналі вінаватымі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: артыкул 341, частка 1 артыкула 14, частка 2 артыкула 218, частка 2 артыкула 295-3. Свой учынак Мікіта Емельянаў патлумачыў тым, што ён выступае супраць пераследу палітычных зняволеных. Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Мікіту Емяльянава і Івана Комара палітычнымі зняволенымі і выступіла з патрабаваннем неадкладнага перагляду іх прысудаў.
27 сакавіка Мінскі гарадскі суд змяніў прысуд суда Савецкага раёна: Мікіце Емельянову – 4 гады пазбаўлення волі, Івану Комару – 3 гады 6 месяцаў пазбаўлення волі.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96