“Вясна” заклікае кіраўніцтва МДЛУ адмяніць спагнанне Елізавеце Пракопчык і аднавіць яе ў правах студэнткі Дакумент Дапоўнена
Праваабарончы цэнтр “Вясна” накіраваў зварот на адрас рэктара Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Наталлі Баранавай з нагоды адлічэння студэнткі гэтай навучальнай установы Елізаветы Пракопчык.
Ад імя арганізацыі зварот падпісаў старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі.
“Праваабрончы цэнтр “Вясна” выказвае сур’ёзную заклапочанасць у сувязі з адлічэннем студэнткі МДЛУ Елізаветы Пракопчык з прычыны яе актыўнай грамадскай пазіцыі, накіраванай на ўвядзенне ва ўніверсітэце дыстанцыйнага навучання з-за распаўсюджання каранавіруснай інфекцыі”, – гаворыцца ў звароце.
Праваабаронцы лічаць, што неабходна ўлічваць кантэкст, у якім адбылося адлічэнне студэнткі. Сусветная арганізацыя аховы здароўя аб’явіла ў свеце пандэмію ў сувязі з распаўсюджаннем каранавіруснай інфекцыі і заклікала ўсе дзяржавы праводзіць прафілактычныя меры па недапушчэнню яе распаўсюджання. Пры гэтым Беларусь не прадпрымае актыўных дзеянняў, накіраваных на прафілактыку распаўсюду «COVID-19» і не зачыняе навучальныя ўстановы на каранцін, не ўводзіць паўсюдна дыстанцыйнае навучанне студэнтаў.
Елізавета Пракопчык мела да гэтага шэраг захворванняў (запаленне лёгкіх, бранхіт), яе дзеянні былі прадыктаваны клопатам пра сваё здароўе. Адпаведна, прычына пропуска заняткаў павінна быць прызнана ў гэтым выпадку паважнай, а спагнанне адменена як незаконнае.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” заклікае адмяніць спагнанне Елізавеце Пракопчык і аднавіць яе ў правах студэнткі Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.
У адваротным выпадку праваабаронцы будуць вымушаныя праінфармаваць міжнародную супольнасць пра парушэнне універсітэтам нормаў Балонскага працэсу, пра пераслед студэнцкай актывісткі Пракопчык, якая бароніць свае правы і правы іншых студэнтаў падчас эпідэміі каронавірусу.
“Таксама мы будзем вымушаныя паставіць пытанне пераследу студэнткі Е. Пракопчык перад замежнымі ўніверсітэтамі ды іншымі інстытуцыямі, якія маюць навучальныя і працоўныя кантакты з Вашым універсітэтам, з тым, каб яны сур’ёзна разглядзелі далейшыя перспектывы супрацоўніцтва”, – заяўляюць праваабаронцы.
Акрамя таго, паплечнікі Елізаветы запусцілі на сайце petitions.by анлайн-петыцыю за аднаўленне студэнткі ва ўніверсітэце. Яны лічаць, што адлічэнне дзяўчыны з'яўляецца неабгрунтаваным і супярэчыць палажэнням Кодэкса аб адукацыі і Правіламі ўнутранага распарадку МДЛУ. Далучыцца да петыцыі можа кожны жадаючы.
Аднавіць адлічаную студэнтку МДЛУ
Падпісаць петыцыю з падтрымку адлічанай студэнткі Елізаветы Пракопчык можна тут.
Файлы
- zvarot-prakopchyk-1.pdf (0.28 Mb)