viasna on patreon

FIDH патрабуе неадкладнага вызвалення Азімжана Аскарава

2020 2020-04-14T16:20:19+0300 2020-04-14T16:36:09+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/askarau_fidh_campaign_be.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека (FIDH) у межах кампаніі #ForFreedom заклікае ўрад Кыргызстана неадкладна вызваліць праваабаронцу Азімжана Аскарава, які адбывае пажыццёвае зняволенне за абарону правоў чалавека. Стан здароўя вязня робіць яго ўразлівым перад #COVID19. Прыйшоў час кыргызскім уладам вызваліць яго!

Хто такі Азімжан Аскараў?

Азімжана Аскараў – адзін з самых вядомых праваабаронцаў з поўдня Кыргызстана. Ён заснаваў і ўзначальваў на працягу 15 гадоў праваабарончую арганізацыю «Паветра», якая фіксавала выпадкі катаванняў людзей супрацоўнікамі міліцыі.

Адзін з самых вядомых выпадкаў, які расследаваў Аскараў – гісторыя жанчыны, якую ў 2006 годзе на працягу васьмі месяцаў незаконна ўтрымлівалі пад вартай. Міліцыянты шматразова гвалтавалі яе, а калі жанчына зацяжарыла, яны адвезлі яе ў шпіталь, каб ёй зрабілі аборт. Дзякуючы расследаванні Аскарава, двух міліцыянтаў звольнілі, а ў дачыненні да чацвярых распачалі крымінальную справу.

Яшчэ адно рэзананснае расследаванне Аскарава было пра кыргызстанку, якую міліцыянты прымусілі прызнацца ў забойстве. Аскараў адшукаў тую жанчыну, якую лічылі забітай, і прывёў яе прама ў залу суда. Абвінавачваную адпусцілі, а пракурора Базар-Каргонскага раёна звольнілі.

За сваю дзейнасць Аскараў быў узнагароджаны прэстыжнай прэміяй "Чалавек чалавеку" за "значны ўклад у барацьбу за правы чалавека і дэмакратыю". У 2012 годзе Аскараў, ужо знаходзячыся ў зняволенні, стаў лаўрэатам міжнароднай прэміі "Камітэта абароны журналістаў" за свабоду прэсы.

Чаму ж тады ён сядзіць?

Азімжан Аскараў быў затрыманы міліцыяй у чэрвені 2010 года, падчас этнічнага канфлікту паміж кыргызамі і ўзбекамі на поўдні Кыргызстана.

Следства абвінаваціла праваабаронцу ў забойстве міліцыянта з Базар-Каргона. Таксама яму прад'явілі абвінавачванні ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ва ўзбуджэнні міжнацыянальнай варожасці падчас канфлікту.

Пасля затрымання Аскарава катавалі некалькі дзён. Калі ён распавёў пра катаванні свайму адвакату, яго пазбавілі далейшага доступу да абароны.

Улічваючы, што Аскараў – этнічны узбек, у кампаніі супраць яго адразу ж разгарнулася нацыяналістычная рыторыка. Гэта прывяло да таго, што падчас судоў першай і другой інстанцыі, Аскараў падвергнуўся збіццю ў зале суда з боку невядомых. Яго адвакаты таксама падвяргаліся рэгулярнаму ціску.

У 2010 годзе самыя строгія прысуды па выніках канфлікту на поўдні краіны атрымалі этнічныя ўзбекі. Аскараў папоўніў іх шэрагі – у верасні 2010 года Базар-Каргонскі раённы суд асудзіў яго да пажыццёвага зняволення.

Праваабаронцы як унутры Кыргызстана, так і за яго межамі – падвергнулі працэс над Аскаравым надзвычай жорсткай крытыцы.

Міжнародная камісія юрыстаў заключыла, што ў тэксце прысуду Аскарава, які складаецца з 30 старонак, палова была нададзеная сведчанням міліцыянтаў супраць Аскарава, прысуду і апісанням дзеянняў Аскарава. Пры гэтым заяву самога праваабаронцы змясцілі ў адзін абзац.

Акрамя таго, у прысудзе не ўлічылі абставіны, якія адбываліся на поўдні краіны ў той перыяд. Па словах Аскарава, суд не прыняў паказанні відавочцаў і не даследаваў апраўдальных доказаў, фактычна пазбавіўшы праваабаронцу магчымасці абараняць сябе ў судзе.

Нягледзячы на ​​міжнародны ціск, суды вышэйстаячых інстанцый у 2010 годзе пакінулі ў сіле пажыццёвы прысуд Аскарава.

Што потым спрабавалі рабіць у яго абарону?

Міжнародная праваабарончая супольнасць неаднаразова ладзіла акцыі ў падтрымку Аскарава па ўсім свеце, аднак гэта не дапамагло – тым больш, што рашэнне Вярхоўнага суда ўжо не падлягала абскарджанню.

Адвакаты Аскарава падалі зварот у Камітэт ААН па правах чалавека, але, як гэта часта бывае з камітэтам ААН, працэс падачы і разгляду гэтай скаргі заняў некалькі гадоў.

Толькі ў 2016 годзе Камітэт ААН па правах чалавека прызнаў, што Аскарава катавалі, а судовы разгляд у дачыненні да праваабаронцы быў несправядлівым. Камітэт запатрабаваў, каб улады Кыргызстана анулявалі прысуд у дачыненні да Аскарава і неадкладна выпусцілі яго з-пад варты.

Справа Аскарава было адпраўлена на перагляд у Чуйскі абласны суд. У ходзе пасяджэнняў 2016 года, у судзе ўпершыню выступілі сведкі з боку Аскарава. Аднак гэта не дапамагло, і, нягледзячы на ​​патрабаванні Камітэта ААН па правах чалавека, Аскараву пакінулі ў сіле прысуд аб пажыццёвым зняволенні.

Аднак Аскараў абскардзіў рашэнне Чуйскага абласнога суда па рашэнні Камітэта ААН, і цяпер Вярхоўны суд павінен зрабіць выбар – выконваць міжнародныя рэкамендацыі і адпусціць Аскарава ці ж пакінуць яго ў калоніі пажыццёва.

Адвакаты Аскарава называюць гэты працэс апошняй магчымасцю для ўладаў адмяніць прысуд у дачыненні да праваабаронцы, так як абарона вычарпала ўсе магчымасці для абскарджання.

FIDH: Праваабаронцы павінны быць неадкладна вызваленыя з месцаў зняволення

У сувязі з імклівым распаўсюджваннем эпідэміі новага каранавіруса COVID-19, FIDH і яе сяброўскія арганізацыі выступілі з заявай, у якой нагадваюць пра абавязак ўрадаў забяспечыць бяспеку і здароўе асобаў, якія знаходзяцца ў зняволенні пад іх кантролем, і запускаюць глабальную кампанію #ForFreedom за вызваленне праваабаронцаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства