Алена Танкачова пра петыцыю ў абарону студэнткі МДЛУ: Подласці трэба супраціўляцца
Подпіс пад петыцыяй за аднаўленне студэнткі Лізаветы Пракопчык на вучобе ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце паставіла беларуская праваабаронца, старшыня праўлення Асветніцкай установы «Цэнтр прававой трансфармацыі» Алена Танкачова.
Яе пазіцыя паслядоўная і адназначная: подласці трэба супраціўляцца, супраціўляцца хоць малымі і даступнымі сродкамі:
“Вядома, я падпісала петыцыю ў абарону студэнткі Лізаветы Пракопчык. Думаю, што гэта нескладанае дзеянне даступна цяпер кожнаму, хто знаходзіцца за кампутарам. Гэта проста для маіх сяброў, якія больш за 25 гадоў ведаюць, што сапсаваць жыццё маладому чалавеку з грамадзянскай пазіцыяй проста (нас саміх білі не раз); проста і пакаленню маёй дачкі - яны ж ужо не маленькія і ведаюць, што подласці трэба супраціўляцца, супраціўляцца хоць малымі і даступнымі сродкамі. Безнадзейнасць, а гэта самае – як па мне – страшнае, калі ты нічога не зрабіў, ніколі ні-чо-га ў сітуацыі несправядлівасці. Ці будзе Лізавета адноўленая? Не ведаю. Але ... разумею, што чалавек знайшоў у сабе смеласць і, нягледзячы на ўсе іншыя абставіны, сказала тое, што лічыла важным: давайце выкажам адказнасць і пачнем каранцін. Колькі часу спатрэбілася адміністрацыі ўніверсітэта, месяц? Месяц на тое, каб прыгледзецца! А ці не дарослым – педагогам – варта было паказаць прыклад!
Што здарылася за 25 гадоў з людзьмі, сябрамі ўніверсітэцкай акадэмічнай супольнасці? Ім патрэбныя маладыя людзі, каб схавацца за іх спінамі! Спачатку схавацца, аддаць на разарванне для статыстыкі, а потым, калі ўжо не страшна як адрэагуе куратар КДБ – увесці дыстанцыйнае навучанне. Сорамна!
Ведаю, што петыцыя не паўплывае наўпрост на тых, хто прывык быць баязліўцамі. Думаю, што петыцыя падтрымае Лізавету і тых маладых людзей, якія хочуць быць педагогамі і часткай еўрапейскай вольнай супольнасці. Той супольнасці, дзе не б'юць наводмаш за пазіцыю – пазіцыю паважаюць. А астатнія ўрокі можна вывучыць (падчас эпідэміі або пасля)!
Студэнтку 4-га курсу Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэта Лізавету Пракопчык адлічылі за пропускі заняткаў (яна прытрымлівалася двухтыднёвага карантыну). Адміністрацыя ўніверсітэта не лічыць гэта адлічэнне палітычна матываваным, аднак сама cтудэнтка з гэтым не згодная.
Па словах Пракопчык, пад час пандэміі COVID-19 яна перастала наведваць заняткі ў сувязі з парушэннем, на яе думку, права на ахову жыцця і здароўя падчас адукацыйнага працэсу, гарантуемага любому студэнту згодна дзеючага Кодэкса аб адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама Правілаў унутранага распарадку МДЛУ. Пропускі заняткаў сталі падставай для вынясення ёй спагнання, а затым і адлічэння з МДЛУ.
Выкажы пазіцыю, падпішы зварот за аднаўленне на вучобе студэнткі!
Праваабаронцы "Вясны" таксама апавясцілі Спецыяльную дакладчыцу ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марын аб сітуацыі з выключэннем студэнткі 4-га курса Лізаветы Пракопчык з Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.