viasna on patreon

Пазіцыя ПЦ "Вясна" па крымінальнай справе ў дачыненні да актывіста арганізацыі "Малады Фронт" Піліпа Шаўрова Дакумент

2020 2020-04-16T09:50:00+0300 2020-04-16T11:15:23+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/filip_shaurou20201.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" прааналізаваў пастанову Цэнтральнага раённага аддзела Следчага камітэта горада Мінска аб прыцягненні ў якасці абвінавачанага па крымінальнай справе актывіста "Маладога фронта" Піліпа Шаўрова. Праваабаронцы прыйшлі да высновы, што крымінальную справу па ч.1 арт. 339 і ч.2 арт. 339 КК РБ неабходна спыніць і вызваліць актывіста з-пад варты.

Філіп Шаўроў. Фота з сацыяльных сетак
Філіп Шаўроў. Фота з сацыяльных сетак

Піліп Шаўроў прыцягнуты ў якасці абвінавачанага па крымінальнай справе: яму прад'яўленае абвінавачванне ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч.1 арт. 339, ч. 2 арт. 339 КК РБ. Справа накіравана ў суд.

У адпаведнасці з Крымінальным кодэксам, хуліганствам з'яўляюцца наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выказваюць відавочную непавагу да грамадства, якія суправаджаюцца прымяненнем гвалту або пагрозай яго ўжывання альбо знішчэннем або пашкоджаннем чужой маёмасці альбо адрозніваючыеся па сваім змесце выключным цынізмам.

Аб'ектыўна дзеянні П. Шаврова заключаліся ў наступным: 16-17 студзеня (паводле абвінавачання) ён нанёс фарбай невялікую адносна памеру помніка выяву бел-чырвона-белага сцяга на гранітны складнік помніка загінуўшым супрацоўнікам МУС, а таксама пафарбаваў у чырвоны колер рукі помніка А. Пушкіну; 17-19 студзеня нанёс надпіс “1937” на плот помпавай станцыі на ўскраіне Мінска.

Піліпу Шаўрову прад’яўлена канчатковае абвінавачванне. Яму пагражае да 6 гадоў зняволення

Актывісту “Маладога Фронту” Філіпу Шаўрову, затрыманаму за расфарбаваныя рукі помніка Пушкіну, прад’явілі канчатковыя абвінавачванні. Як паведаміла “Вясне” яго жонка Вольга, у яго крымінальнай справе акрамя інцыдэнту з помнікам яшчэ два эпізоды.

Кваліфікаваць гэтыя дзеянні актывіста як хуліганства немагчыма зыходзячы з наступнага:

У адпаведнасці з пастановай Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь "Аб судовай практыцы па крымінальных справах аб хуліганстве" ад 24 сакавіка 2005 г. № 1, знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці пры здзяйсненні хуліганскіх дзеянняў можа выяўляцца ў прывядзенні яго ў стан поўнай або частковай непрыдатнасці альбо да страты маёмасцю спажывецкіх уласцівасцяў.

У нанясенні малюнка сцяга на помнік і афарбоўцы рук скульптуры складана ўбачыць прыкметы пашкоджання чужой маёмасці, паколькі гэта не прыводзіць помнікі ў стан поўнай або частковай непрыдатнасці і не вядзе да страты помнікамі сваіх «спажывецкіх уласцівасцяў»: гэтыя скульптуры могуць і далей выкарыстоўвацца па прызначэнні. Безумоўна, з мэтай вяртання скульптур у першапачатковы выгляд, які адпавядаў бы мастацкай задуме аўтараў, магчыма зрабіць іх ачыстку, усклаўшы выдаткі на таго, хто нанёс шкоду.

Яшчэ менш паўплываў надпіс “1937” на спажывецкія якасці плота помпавай станцыі водазабору, які належыць прадпрыемству "Мінскводаканал". Уласнік, безумоўна, меў права вярнуць плот у першапачатковы выгляд за кошт аўтара надпіса.

Больш за то, варта мець на ўвазе, што суб'ектыўны бок хуліганства выяўляецца ў выглядзе намеру на грубае парушэнне грамадскага парадку з матывам яўнай непавагі да грамадства. На гэта, у прыватнасці, можа паказваць здзяйсненне вінаватым без якой-небудзь нагоды ці ж з выкарыстаннем нязначнай падставы дзеянняў, якія сведчаць аб імкненні праявіць сваю непавагу да грамадства і прадэманстраваць грэбаванне да агульнапрынятых правілаў грамадскага побыту, правоў іншых асоб, здольнасць да бясчынства, аб жаданні зняважыць і прынізіць іншага чалавека, наздзекавацца над яго інтарэсамі або інтарэсамі грамадства.

Падобных супрацьпраўных матываў у дзеяннях П. Шаўрова не было. Змест малюнка і надпісу, а таксама праекцыя зместу некаторых твораў расійскага паэта на асаблівасці сучасных расійска-беларускіх міждзяржаўных стасункаў, працэсы "паглыбленай інтэграцыі", пратэсты супраць якой ахапілі гарады Беларусі ў канцы 2019 года, сведчылі аб тым, што іх нанясенне Шаўровым мела матывам выказванне меркавання, якое падпадае пад абарону Міжнародного Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, а не названае ў працэсуальным дакуменце "неўтаймаванае жаданне самасцвярдзіцца з дапамогай дзёрзкіх выхадак, паказваючы сваю беспакаранасць і перавагу над асяроддзем, блюзнерства і вандалізм”.

Варта мець на ўвазе, што ў адпаведнасці з артыкулам 19 Пакта кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэта права ўключае свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага роду інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова або праз друк або мастацкія формы выказвання, ці іншымі спосабамі па свайму выбару. Карыстанне гэтымі правамі накладае асаблівыя абавязкі і асаблівую адказнасць. Яно можа быць, такім чынам, спалучана з некаторымі абмежаваннямі, якія, аднак, павінны быць устаноўлены Законам і з'яўляцца неабходнымі: для павагі правоў і рэпутацыі іншых асоб; для аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя або маральнасці насельніцтва. Такім чынам, дзеянні П. Шаўрова, якія насілі выключна мірны характар, не падпадаюць пад дапушчальныя абмежаванні арт.19.

У пастанове аб прыцягненні ў якасці абвінавачанага не ўказаны змест малюнкаў і надпісы, што парушае права абвінавачанага на абарону. Пералічаныя малюнкі і надпіс, ва ўсякім выпадку, адназначна не маглі характарызавацца тэрмінамі, выкарыстанымі ў пастанове “цынічная выява, якая абражае грамадскую маральнасць" у дачыненні да выявы сцяга і пафарбаваных рук помніка і "цынічная выява і надпіс, якая абражае грамадскую маральнасць" - у дачыненні да надпісу “1937”. Роўна не адпавядае сэнсу зробленага вызначэнне "апаганіў і запляміў азначанае збудаванне прыніжаючай, ганебнай для чалавечай годнасці, абражаючай грамадскую маральнасць... выявай".

Несправядліва і гістарычна няправільна сцвярджаць, што П. Шаўроў нанёс малюнак бел-чырвона-белага сцяга, «грэбуючы і выяўляючы здзек над памяццю супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і вайскоўцаў унутраных войскаў МУС Беларусі, якія загінулі пры выкананні службовага абавязку па ахове грамадскага парадку і барацьбе са злачыннасцю»: як мінімум варта ўлічыць, што з 1991 года на працягу амаль чатырох гадоў гэта быў дзяржаўны сцяг Беларусі, пад якім супрацоўнікі органаў унутраных спраў з 1992 года прымалі прысягу і малюнак якога быў элементам форменнай сімволікі МУС.

Сам па сабе факт нанясення малюнка на скульптуру можа мець розныя ацэнкі, але адназначна не заслугоўвае вызначэння "адкрыта апаганіў і здзекаваўся над традыцыямі і звычаямі беларускага народа": абвінавачаны не паквапіўся на сакральныя ці гісторыка-культурныя каштоўнасці, не знішчыў, не нанёс незваротных пашкоджанняў, не выкарыстоўваў нецэнзурную лексіку ў надпісах, альбо мову варожасці і нянавісці па прыкметах нацыянальнасці, расы, рэлігійнай прыналежнасці, сацыяльнага паходжання і іншых прыкметах.

Справа Піліпа Шаўрова ў судзе. Сам ён мужна ставіцца да магчымых цяжкіх перспектыў

Крымінальная справа актывіста “Маладога Фронту” Піліпа Шаўрова перададзеная з пракуратуры ў суд Цэнтральнага раёна Мінска. Дата працэсу пакуль не прызначаная. Сам Піліп выказвае ў сваім лісце сябрам меркаванне, што суд над ім можа распачацца ў сярэдзіне красавіка.

На думку Вярхоўнага Суда, грубае парушэнне грамадскага парадку можа выяўляцца ў здзяйсненні такіх дзеянняў, якія пацягнулі зрыў масавага мерапрыемства, часовае спыненне нармальнай дзейнасці ўстановы, прадпрыемства, грамадскага транспарту і т.п., а таксама прычыненне шкоды здароўю, законным правам і інтарэсам чалавека, у працяглым і ўпарта не спыняльным парушэнні грамадскага спакою, збіцці пацярпелых.

Гэтыя дзеі могуць выяўляцца і ў знішчэнні або пашкоджанні маёмасці, але крыміналізавана толькі такое пашкоджанне маёмасці, якое характарызуецца свядомым грэбаваннем вінаватым агульнапрынятымі нормамі паводзінаў у грамадстве, актыўным супрацьпастаўленнем сваёй асобы інтарэсам грамадства або асобных асоб. Таксама хуліганствам з'яўляецца пашкоджанне маёмасці, якое адрозніваецца па сваім змесце выключным цынізмам.

Выключны цынізм у складзе хуліганства — гэта праява ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выказваюць відавочную непавагу да грамадства, вельмі пагардлівага стаўлення да асноўных маральных каштоўнасцяў грамадства. Выключным цынізмам, у прыватнасці, можа быць прызнана праява бессаромнасці, здзекі над хворымі, састарэлымі, асобамі, якія знаходзяцца ў бездапаможным стане, здзяйсненне хуліганскіх дзеянняў ва ўмовах грамадскага або стыхійнага бедства, здзек над звычаямі, традыцыямі і т. п.

Як бачна, дзеянні П. Шаўрова ў сукупнасці з мэтамі і матывам іх здзяйснення пад вызначэнне хуліганства не падпадаюць, нягледзячы на бязладнае багацце ў пастанове следчага тэрмінаў, якія маглі б характарызаваць нейкія супрацьпраўныя дзеянні, але якія не маюць нічога агульнага з абставінамі разгляданай справы.

Неабходна адмяжоўваць хуліганства ад іншых дзеянняў у залежнасці ад зместу і накіраванасці намеру вінаватага, матываў, мэтаў і акалічнасцяў здзейсненых ім дзеянняў. Так, наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці, здзяйсненне іншых дзеянняў, вонкава падобных на хуліганства, не могуць быць кваліфікаваныя як хуліганства, пры ўмове, што яны не былі спалучаныя са свядомым для вінаватага грубым парушэннем грамадскага парадку і выказваннем відавочнай непавагі да грамадства.

Па артыкуле 341 КК (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці) пераследуецца апаганьванне будынкаў ці іншых збудаванняў цынічнымі надпісамі або малюнкамі, псаванне маёмасці на грамадскім транспарце або ў іншых грамадскіх месцах пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства. Гэта злачынства аднесена да катэгорый, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі; у дачыненні да абвінавачаных па гэтым артыкуле немагчыма прымяненне меры стрымання ў выглядзе заключэння пад вартай.

У нейкай меры зробленае П. Шаўровым ў выпадку ўстанаўлення ў гэтым яго віны мае асобныя прыкметы названага складу злачынства, аднак у большай ступені прапарцыйнай мерай ўздзеяння на яго, у духу павагі да права на свабоднае выказванне меркаванняў, было б ускладанне абавязку пакрыць выдаткі на прывядзенне маёмасці ў першапачатковы стан у грамадзянскім парадку.

Ужыванне да П. Шаўрова меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту з улікам абставінаў справы, паводзін абвінавачанага пасля здзяйснення дзеянняў, магчымасці і мэтазгоднасці спробы схавацца ад органа, які вядзе крымінальны працэс, і суда з'яўляецца неабгрунтаваным: такая мера з'яўляецца празмернай і можа расцэньвацца толькі як спосаб аказаць ціск на абвінавачанага з помсты за рэалізацыю ім агульнапрызнаных грамадзянскіх правоў і ў сувязі з прыналежнасцю Шаўрова да апазіцыйнай моладзевай арганізацыі «Малады Фронт», сябры якой рэгулярна пераследуюцца ўладамі Беларусі. У гэтым сэнсе пазбаўленне волі П. Шаўрова з'яўляецца адвольным, што дае права патрабаваць яго неадкладнага вызвалення.

У сувязі з гэтым лічым неабходным патрабаваць спынення крымінальнага пераследу П. Шаўрова па артыкуле 339 Крымінальнага кодэкса з адменай меры стрымання і вызвалення яго з-пад варты.

Пазіцыя ПЦ "Вясна" па крымінальнай справе ў дачыненні да актывіста арганізацыі "Малады Фронт" Піліпа Шаўрова

Файлы

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства