У Рэчыцы суд вярнуў у міліцыю справу аб хуліганстве з-за здымкаў відэа ў паліклініцы
Павел Мар’еўскі, які здымаў на відэа блакаванне наведвальнікаў раённай паліклінікі ў Рэчыцы, 10 красавіка атрымаў позву ў суд у якасці асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс паводле артыкула 17.1 КабАП (дробнае хуліганства). Судовае пасяджэнне было запланавала на 17 красавіка. Пра гэта паведамляе “Палеская Вясна”.
15 красавіка Павел Мар’еўскі прыйшоў у суд Рэчыцкага раёна, каб азнаёміцца з матэрыяламі справы, але яму паведамілі, што суддзя вярнуў справу ў райаддзел міліцыі на дапрацоўку. Паводле словаў Паўла, дату новага судовага паседжання яму не паведамілі, сказалі, што яно пераносіцца на нявызначаны тэрмін.
Нагадаем, што 31 сакавіка ўчастковы інспектар міліцыі Арцём Нікалаеў склаў на Паўла Мар’еўскага пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, дзе пазначыў, што той «рабіў відэаздымкі, чым перашкаджаў выкананню медыцынскімі работнікамі сваіх службовых абавязкаў пры правядзенні эпідэміялагічных мерапрыемстваў». У якасці пацярпелай у міліцыю звярнулася загадчыца раённай паліклінікай Таццяна Кудзянчук. Само відэа Павел Мар’еўскі размясціў на youtube.