viasna on patreon

Гомельскую журналістку Ларысу Шчыракову зноў хочуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці

2020 2020-04-21T10:58:13+0300 2021-10-01T15:13:31+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/shchirakova2020_kalia_suda.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ларыса Шчыракова. Фота "Гомельская Вясны"

Ларыса Шчыракова. Фота "Гомельская Вясны"

Журналістка-фрылансерка з Гомеля Ларыса Шчыракова атрымала па пошце новы пратакол за парушэнне артыкула 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). Аднак у ім не пазначана, якое менавіта супрацьпраўнае дзеянне яна зрабіла.

Пратакол склаў капітанам міліцыі Цэнтральнага РАУС Пётр Грамадцоў, піша “Гомельская Вясна”. Журналістку вінавацяць у тым, што яна зрабіла апытанне студэнтаў ГДУ наконт неабходнасці ўвядзення карантыну ў ВНУ, якое было паказана на тэлеканале Белсат.

«Каля 4 – га корпуса ГДУ ім. Фр. Скарыны, – пазначана ў пратаколе, – парушыла п.3.4 арт.35 Закона “Аб сродках масавай інфармацыі”, фактычна выконвала функцыю журналіста замежнага СМІ і з парушэннем абавязкаў журналіста ўдзельнічала ў вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ ў выглядзе сюжэта, які быў змешчаны ў раздзеле «Аб’ектыў", у эфіры тэлеканала Белсат».

Гэта ўжо другі пратакол у дачыненні да журналісткі за «нібыта» незаконны выраб прадукцыі СМІ. 13 красавіка Ларыса Шчыракова была аштрафавана суддзёй суду Цэнтральнага раёну Сяргеем Салоўскім на 945 рублёў за здымкі сюжэта пра мірную пратэсную акцыю «Прагулкі па набярэжнай». Суд быў прызначаны на дзень народзінаў фрылансеркі.

Фрылансерку Ларысу Шчыракову судзілі ў день народзінаў

Свой чарговы дзень народзінаў гомельская журналістка-фрылансерка Ларыса Шчыракова правяла ў судзе.

«Дарэчы, гэты пратакол за апытанне студэнтаў мне гэты капітан міліцыі дасылае ўжо другі раз. – распавядае Ларыса Шчыракова. – Першы пратакол быў абсалютна не чытэльны. Я нават збіралася скардзіцца яго кіраўніцтву на такі пратакол, у якім немагчыма нічога разабраць. Я не пайшла на складанне пратаколу, па тэлефоне адмовілася нешта казаць, калі адбудзецца суд, таксама адмоўлюся нешта казаць пра акалічнасці справы, бо гэта абсалютна бессэнсоўна. Але пратакол канешне дзіўны: пазначана у колькі я была ля будынку ГДУ, з кім была, ля якога канкрэтна будынку, але не пазначана, што канкрэтна супрацьпраўнага зрабіла. Цікава, ці такі абсурдны пратакол дойдзе да суда”.

Нагадаем, цягам некалькіх год Ларыса Шчыракова прыцягвалася каля 30 разоў да адміністратыўнай адказнасці за супрацу з тэлеканалам «Белсат». У сярэднім штрафы былі ў памеры ад 300 да 500 у.а. Таксама на яе аказвалі псіхалагічны ціск і нават пагражалі адабраннем непаўнагадовага сына. Летам 2018 года пераслед актывісткі часова спыніўся, але ў сакавіку 2020 года ціск распачаўся ізноў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства