"Пір падчас чумы". Што думаюць пра парад 9 траўня праваабаронцы?
Днямі Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) апублікавала спіс рэкамендацый для Беларусі па выніках місіі экспертаў, якія ацэньвалі, як краіна змагаецца з каранавірусам. Сярод рэкамендацый беларускаму ўраду — адкласці ўсе масавыя зборы і імпрэзы. Пры гэтым улады Беларусі заяўляюць, што нават не разглядаюць магчымасць адмены або пераносу вайсковага параду 9 траўня.
Па апошніх дадзеных, у Беларусі зафіксаван 7 281 выпадак захворвання каранавірусам. Негледзячы на эпідэміялагічную абстаноўку ў краіне, рэкамендацыі СААЗ, адмену іншых мерапрыемстваў, беларускія ўлады не збіраюцца пераносіць традыцыйны парад перамогі, які ладзіцца штогод 9 траўня. З патрабаваннем адмяніць вайсковы парад, запланаваны ў Мінску 9 траўня, выступілі і беларусы. Адпаведная петыцыя з'явілася на сайце "Зручны горад" яшчэ 29 сакавіка, і пад ёй падпісаліся больш за 7 тысяч чалавек. Міністр абароны Віктар Хрэнін адказаў на петыцыю, што парад і рэпетыцыі адмяняць не збіраюцца — гэта частка баявой падрыхтоўкі арміі.
"Для Беларусі ваенныя парады гэта даніна гераізму і стойкасці нашага народа, самаадданай барацьбе супраць фашысцкіх захопнікаў, бяспрыкладнаму працоўнаму подзвігу тых, хто ўздымаў рэспубліку з руін. Гэта таксама традыцыя, якая сімвалізуе гатоўнасць беларускага народа адстойваць нацыянальныя інтарэсы дзяржавы", — тлумачыцца ў адказе Міністэрства абароны.
Што думаюць пра гэта праваабаронцы?
Алесь Бяляцкі: "Спадзяюся, што ў беларусаў спрацуе інстынкт самазахавання"
Старшыня Праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі лічыць немэтазгодным правядзенне параду ў цяперашніх умовах:
"Вайсковы парад, які Аляксандр Лукашэнка плануе правесці 9-га траўня, нагадвае мне першамайскія парады, якія праходзілі ў 1986 годзе ў Мінску, Гомелі, Хойніках, Нароўлі, Брагіне, Ветцы ды іншых беларускіх гарадах, на якія сыпаўся "нябачны" радыёактыўны ёд, цэзій, стронцый, плутоній. На самым версе ўлады тады вырашылі не адмяняць гэтыя парады, каб "не сеяць паніку", не ставіць пад сумненне непарушнасць ідэалогіі савецкай краіны. У выніку, сваім здароўем расплачваліся простыя беларусы.
Вось і зараз правядзенне параду на Дзень перамогі-2020 прэзідэнт Лукашэнка хоча аплаціць коштам здароўя звычайных беларускіх грамадзянаў. Ізноў на першае месца выходзяць палітычныя прычыны.
Неўзабаве пачнецца кампанія па выбарах прэзідэнта, і правядзенне параду — адная са складовых частак гэтай кампаніі. Улада павінна паказаць сваю манументальнасць і веліч. Парад для гэтага з'яўляецца найлепшай магчымасцю. У пэўным сэнсе, гэты парад — пір падчас чумы. Спадзяюся, што не гледзячы на ўвесь цынізм і неразважлівасць уладаў у гэтым выпадку, у беларусаў спрацуе інстынкт самазахавання.
Няхай бы за грошы, якія збіраюцца патраціць на парад, лепш бы набылі лекаў для хворых і сродкаў абароны для дактароў».
Андрэй Стрыжак: "Вельмі спадзяюся, што ўлада ўсё ж такі прыме нейкія меры, якія змогуць забяспечыць абарону здароўя людзей"
Кіраўнік гомельскай філіі Праваабарончага цэнтру “Вясна” Андрэй Стрыжак, адзін з каардынатараў кампаніі ByCovid19, распавядае, якія наступствы можа мець правядзенне ваеннага параду па традыцыйнаму сцэнару:
"Гэта вельмі складаная гісторыя з-за таго, што падобную сітуацыю мы ўжо праходзілі.
Негледзячы на тое, што перад Пасхай царкоўныя іерархіі на чале з патрыярхам заяўлялі, што абраднасць – гэта вельмі важна, але жыццё важней, людзі ўсё роўна пайшлі ў царкву. Гэта значыць, што прыблізна праз паўтары-два тыдні трэба чакаць яшчэ адной успышкі. Прычым яна можа быць абсалютна незразумела лакалізаванай, бо людзі пайшлі ў царкву паўсюль, і вірус цыркулюе па краіне таксама паўсюль. Таму верагодна, што мы ўбачым новыя кропкі каранавіруса на мапе Беларусі.
Што тычыцца 9 траўня, то, абсалютна разумеючы важнасць гэтага дня, і тое, што гэта юбілей, і для дзяржавы вельмі важна правесці гэтае свята, усё ж такі я вельмі спадзяюся, што будзе прынята рашэнне аб пераносе, напрыклад на 3 ліпеня, якое вельмі блізкае па духу да 9 траўня.
Ужо вядома, што ў Расіі парад 9 траўня будзе перанесены на іншы час, там ёсць пэўнае разуменне ўсіх рызыкаў. На жаль, пакуль няма такога рашэння ў Беларусі. Калі парад адбудзецца ў тым фармаце, у якім праводзіцца звычайна, то, на жаль, мы хутчэй за ўсё можам сутыкнуцца з новай успышкай каранавіруса яшчэ напрыканцы траўня. І ўся гэтая гісторыя для нас яшчэ больш расцягнецца.
Я вельмі спадзяюся, што ўлада ўсё ж такі прыслухаецца да рэкамендацый САЗ і прыме нейкія меры, якія змогуць забяспечыць абарону здароўя людзей. Спадзяюся, што будзе прынятае нейкае рашэнне, якое будзе адпавядаць і рэкамендацыям САЗ, і ўнутраным інтарэсам дзяржавы, і інтарэсам грамадства, якое хоча застацца здаровым і не атрымаць новы ўдар па і так перагружанай сістэме аховы здароўя».