viasna on patreon

Суботнік ва ўмовах пандэміі: "Ваша здароўе – у вашых руках"

2020 2020-04-23T13:49:06+0300 2020-04-23T13:49:07+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/subotnik01_logo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Нягледзячы на складаную сітуацыю з пандэміяй COVID-19, на 25 красавіка ў Беларусі прызначаны агульнарэспубліканскі суботнік. Але грашовыя сродкі, заробленыя ў гэты дзень, не накіруюць на дапамогу медыкам у барацьбе з каранавірусам.

Пастановай Савета Міністраў ад 16 красавіка рэкамендуецца нібыта добраахвотны парадак правядзення суботніка: на працоўных месцах або "ажыццявіць добраўпарадкаванне і прывядзенне ў належны стан гісторыка-культурных каштоўнасцяў, тэрыторый населеных пунктаў, падрыхтоўку дзіцячых аздараўленчых і спартыўна-аздараўленчых лагераў да летняга сезона". Пры гэтым кіраўнікам рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання і дзяржаўных арганізацый неабходна прыняць удзел ва ўборках асабіста.

Грашовыя сродкі, заробленыя ў дзень правядзення суботніка ў аб'ёмах, нібыта таксама вызначаных добраахвотна работнікамі, у тым ліку тых, дзейнасць якіх не звязана з вытворчасцю прадукцыі і аказаннем платных паслуг, пералічваюцца ў аблвыканкамы і Мінгарвыканкам і будуць расходавацца ў наступных прапорцыях:  

  • 50% – застаюцца ў распараджэнні аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама і накіроўваюцца на падрыхтоўку дзіцячых загарадных аздараўленчых лагераў да летняга сезона, добраўпарадкаванне і прывядзенне ў належны стан населеных пунктаў, а таксама рамонт, рэканструкцыю, рэстаўрацыю, аднаўленне мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы часоў Вялікай Айчыннай вайны;
  • 50% – пералічаць Міністэрству фінансаў і затым у роўных долях накіруюць Нацыянальнаму мастацкаму музею на завяршэнне рэстаўрацыйных работ і на фінансаванне аб'екта "Рэканструкцыя братэрняга пахавання на месцы спаленай вёскі Олы ў Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці".

Прыняць удзел у суботніку могуць і некамерцыйныя арганізацыі. Што тычыцца тых работнікаў, для якіх 25 красавіка і так з'яўляецца працоўным днём, то ўтрыманне грошай з іх заробкаў будзе праводзіцца наймальнікамі з іх згоды ў памерах, якія вызначаюцца добраахвотна калектывамі такіх работнікаў.

Акрамя непасрэдна ўдзельнікаў суботніка, павінны будуць актывізавацца і супрацоўнікі транспартных службаў, каб забяспечыць бесперабойную працу пасажырскага транспарту, і супрацоўнікі дзяржаўных СМІ, каб асвятляць ход падрыхтоўкі і правядзенне рэспубліканскага мерапрыемства.

Пры гэтым Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) падчас свайго візіту ў Беларусь рэкамендавала забараніць масавыя мерапрыемствы ў сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй, а паводле ацэнак Міністэрства аховы здароўя, пік захворвання каранавірусам як раз прыйдзецца на канец красавіка-пачатак траўня.

Тым часам у СМІ стала з'яўляцца інфармацыя аб тым, што работнікаў "адпраўляюць" на суботнік. Як паведамляе Радыё Свабода, адна з супрацоўніц Мінскай абласной бібліятэкі імя А. С. Пушкіна распавяла, што яе разам з калегамі ад працы "адпраўляюць" на добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі.

Праваабаронца "Вясны" Валянцін Стэфановіч са свайго боку адзначае, як раней, так і цяпер суботнікі з'яўляюцца адной з формаў прымусовай працы.

"Нягледзячы на тое, што ў пастанове Саўміна абумоўлены добраахвотны характар удзелу грамадзянаў у суботніку, на практыцы ўдзел работнікаў у суботніках адбываецца без іх волі, пад пагрозай негатыўных наступстваў за адмову ва ўдзеле ў іх з боку наймальніка. Улічваючы, што большасць прадпрыемстваў у Беларусі – дзяржаўнай формы ўласнасці, а большасць працоўных працуюць на іх на аснове кароткатэрміновых працоўных кантрактаў (як правіла ад года да трох), «арганізаваць» грамадзянаў на бясплатную працу ў інтарэсах дзяржавы не складана. Людзі вымушаныя ўдзельнічаць у суботніках пад пагрозай звальнення ў сувязі з заканчэннем тэрміну працоўнага кантракту", – падкрэслівае праваабаронца.

Валянцін Стэфановіч таксама звяртае ўвагу на тое, што вельмі часта праца на суботніках не афармляецца загадам наймальніка, і работнікі нават фармальна не знаёмяцца з ім. У выпадку атрымання вытворчай траўмы ў такім выпадку работнік рызыкуе застацца без адпаведных кампенсацый, паколькі няма ніякіх доказаў, што ён дзейнічаў па загадзе наймальніка і ў яго інтарэсах.

"Варта памятаць, што даручэнне наймальнікам работніку працы, не абумоўленай працоўнай дамовай (кантрактам), забаронена, а перавод на іншую працу – уборка тэрыторыі, усякага роду добраўпарадкаванні і г.д. – без згоды работніка, акрамя выпадкаў вытворчай неабходнасці, таксама забаронены. Суботнікі не адносяцца да пераліку падзей і абставінаў, што складаюць вытворчую неабходнасць наймальніка.  Выкананне сваіх звычайных працоўных функцый на сваім працоўным месцы ў выходны дзень таксама магчыма толькі са згоды работніка і пры выкананні гарантый звышурочнай працы, прадугледжаных нормамі Працоўнага кодэкса. Адмова работніка ад удзелу ў суботніку не з'яўляецца дысцыплінарнай правінай, што цягне прымяненне да яго якіх-небудзь санкцый з боку наймальніка", – кажа праваабаронца.

Валянцін Стэфановіч асобна адзначае і пагрозу распаўсюджвання COVID-19:

"Правядзенне ж суботніка ў перыяд росту захворванняў каранавірусам, коме іншага, уяўляе пагрозу заражэння як сябе, так і іншых. Рэкамендацыі СААЗ па барацьбе з эпідэміяй Рэспубліцы Беларусь кажуць пра неабходнасць абмежаваць сацыяльныя кантакты, ўстрымаюцца ад правядзення ўсякага роду масавых мерапрыемстваў. На жаль, урад Беларусі і прэзідэнт асабіста дэманструюць абсалютна іншыя падыходы да забеспячэння здароўя і бяспекі грамадзянаў.

У гэтай сітуацыі неабходна памятаць, што ваша здароўе – ў вашых руках".

Беларусь – адна з нямногіх краінаў на постсавецкай прасторы, дзе да гэтага часу захоўваецца практыка добраахвотна-прымусовай працы.

Што такое прымусовая праца ў Беларусі?

Як вызначыць, што такое прымусовая праца, і як адстаяць сваё права не быць да яе «прыцягнутым», у прававым лікбезе ад праваабаронцаў "Вясны".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства