viasna on patreon

26 красавіка Праваабарончаму цэнтру "Вясна" спаўняецца 24 гады

2020 2020-04-26T16:30:21+0300 2022-04-21T15:18:25+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/2000-viasna_gistoryja.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

26 красавіка Праваабарончаму цэнтру “Вясна” спаўняецца 24 гады.

Як узнікла “Вясна”? Якой была гісторыя арганізацыі ды ўвогуле праваабарончага руху Беларусі? Пра гэта распавёў старшыня “Вясны” Алесь Бяляцкі падчас анлайн-сустрэчы, якую зладзіла Валанцёрская служба “Вясны”. Калі вы на ёй не змаглі папрысутнічаць, то сёння, з нагоды Дня народзінаў “Вясны”, прапануем вам яе тэкставую версію, каб даведацца ды прасачыць, як усё разгортвалася, — праз успаміны Алеся Бяляцкага.

ales-bialiacki-knigi-1024x768.jpg
Праваабаронца Алесь Бяляцкі

Якім быў агульнапалітычны кантэкст у тыя часы? 

У 1994 годзе адбыліся першыя выбары прэзідэнта, а ў 1995-м пачаліся першыя сур’ёзныя праблемы з правамі чалавека “ўжо у новым часе”. Таму што, напрыклад, першы раз мяне арыштавалі ў 1988 годзе — падчас акцыі Дзяды, а гэта быў яшчэ Савецкі саюз. Потым даволі напружанымі часы былі 1989-1991, і пасля гэтага была пэўная паўза, калі ў нас не было палітычных зняволеных, былі дэмакратычныя прынцыпы правядзення мерапрыемстваў ды сустрэчаў. Тым больш што дэмакратычная частка грамадства была прадстаўлена ў Вярхоўным савеце, у Мінскім гарадскім савеце. Дэмакратычныя дэпутаты шмат у чым вырашалі палітычнае і грамадскае развіццё краіны.

У 1994 годзе змянілася ўлада, хутка мы адчулі, што пачынае “пахнуць паленым”. У 1995 годзе была першая крымінальная справа за ўдзел у масавым мерапрыемстве. А ў 1996 годзе сітуацыя яшчэ больш пагоршылася. У новым парламенце было менш дэмакратычных дэпутатаў, а Беларускі Народны Фронт не быў там увогуле прадстаўлены. Пачала аднаўляцца вулічная актыўнасць, у 1996 годзе палітыка ізноў вылілася на вуліцы. 26 красавіка 1996 года ў Мінску быў праведзены Чарнобыльскі шлях. Тады сабралася некалькі дзясяткаў тысяч чалавек, якія збіраліся прайсці па праспекце ў знак памяці пра Чарнобыльскую катастрофу і ў знак пратэсту супраць антыбеларускай палітыкі, якую пачынаў праводзіць прэзідэнт. Ён заняўся рэстаўрацыяй аўтарытарных парадкаў, якія былі ў СССР.

На праспекце, які тады меў імя Францішка Скарыны, міліцыя зрабіла “заслон”, і ўпершыню адбыліся сутычкі, якіх не было з 1988 года, — дэманстрантаў з міліцыяй.

1996-viasna_gistoryja.jpg
Чарнобыльскі шлях у 1996 годзе

Пасля гэтага адразу пачаліся рэпрэсіі. Былі ўзбуджаныя крымінальныя справы за масавыя беспарадкі, былі затрыманыя сотні людзей. А на той час у людзей не было сотавых тэлефонаў. І быў такі шок — ніхто не ведаў, што з затрыманымі і дзе яны знаходзяцца. І вось тады стварылася група хуткага рэагавання. У музеі Максіма Багдановіча [дзе на той момант працаваў Алесь Бяляцкі — заўв.] мы пачалі збіраць першую дапамогу для тых, хто сядзеў на той час на Акрэсціна. Зараз, напрыклад, падчас сітуацыі з COVID-19 паствараліся ініцыятыўныя каманды, якія збіраюць дапамогу для дактароў. А мы збіралі такім жа чынам дапамогу для ахвяраў палітычных рэпрэсій. Мы пакавалі ежу ў пакункі з эмблемай музея Максіма Багдановіча, і калі людзі выходзілі з Акрэсціна, то ім такі пакуначак давалі — гэта як пэўная сатысфакцыя, знак прызнання таго, што чалавек пацярпеў несправядліва.

З гэтага часу актыўна пачала працаваць ініцыятыўная група па дапамозе ахвярам. Тады мы думалі, што гэтая праца працягнецца адзін-два гады — і памыліліся. Сітуацыя пагаршалася: як у заканадаўчай сферы (калі проста перапісваліся законы, якія датычыліся грамадзянскіх правоў), так і ў агульнай — увесь час ішлі масавыя рэпрэсіі, затрыманні, збіццё людзей.

У 1997 годзе ў нас з’явіліся сапраўдныя палітзняволеныя — пасля адной з акцый пяцёра чалавек былі асуджаныя да абмежавання свабоды ў выглядзе "хіміі". Іх разаслалі ў розныя месцы яе адбываць.

Для гэтых людзей я збіраў грошы проста на адным з мітынгаў, калі хадзіў з такім вялікім поліэтыленавым пакетам (таму што грошы тады былі таннымі), і людзі наскідалі мне цэлы мех гэтых “зайчыкаў”. І мы кожнаму “хіміку” іх перадалі. Яны былі моцна ўражаныя і ўдзячныя. І было зразумела, што праца ў такім кірунку патрэбная.

У лютым 1998 года была зарэгістравана мінская гарадская арганізацыя “Вясна 96”. Рэгістрацыя цягнулася паўтара месяца.

Паступова стала зразумела, што мы павінны працягнуць праводзіць маніторынгі, збіраць дадзеныя — хто патрапіў на суткі, супраць каго узбуджаная крымінальная справа, колькі чалавек было затрымана, якога плану дапамога чалавеку патрэбна. І першыя звесткі мы набіралі проста на друкавальных машынках. Яны друкаваліся пэўнай хронікай у бюлетэні “Беларускія ведамасці”. Такая калонка была года паўтара, дзе мы стваралі пэўную базу пераследу і ахвяраў палітычных рэпрэсій. Зараз жа на сайце "Вясны" ёсць база адміністратыўна рэпрэсаваных.

У 1998 годзе стала зразумела, што нам трэба пашырацца. Мы навязалі кантакты з актывістамі з рэгіёнаў, якім цікавы правы чалавека. У 1999 годзе мы  зарэгістравалі рэспубліканскую арганізацыю. З 1998 года мы перайшлі на штодзённую праваабарончую працу.

Пасведчанне аб рэгістрацыі Праваабарончага цэнтра
Пасведчанне аб рэгістрацыі Праваабарончага цэнтра "Вясна-96".

Я вымушаны быў пакінуць музей Багдановіча, таму што перад мной паставілі пытанне рубам: ці праваабарона, ці праца ў культуры, на што я сказаў: "Да пабачэння", — і напісаў заяву аб сыходзе па ўласным жаданні.

Акцыя 1998 года. Плакат трымаюць праваабарончы Валянцін Стэфановіч і Паліна Сцепаненка.
Акцыя 1998 года. Плакат трымаюць праваабаронцы Валянцін Стэфановіч і Паліна Сцепаненка.

У 2000-м пачаліся знікненні палітычных апанентаў Лукашэнкі — прападалі вядомыя палітыкі, журналісты. Мы адразу пачалі падазраваць, што іх знішчылі. І ў 2000 годзе мы рабілі хадзячыя пікеты (там удзельнічалі прадстаўнікі розных праваабарончых арганізацый), бо ўжо тады атрымаць дазвол на правядзенне пікета было ўсё цяжэй. Было раздадзена каля ста накідак з выявамі зніклых, а таксама мы раздавалі Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека.

Валянцін Стэфановіч, Алесь Бяляцкі і Андрэй Ягораў падчас акцыі ў 2000 годзе.
Валянцін Стэфановіч, Алесь Бяляцкі і Андрэй Ягораў падчас акцыі ў 2000 годзе

У 2001 годзе мы пачалі займацца назіраннем падчас выбараў. Гэта была вялікая кампанія, у якой брала ўдзел 14 няўрадавых арганізацый (у тым ліку "Вясна" і Беларускі Хельсінскі камітэт). Колькасць незалежных назіральнікаў была болей за дзесяць тысяч асобаў, ад "Вясны" вылучылі каля трох тысяч. І нас ужо тады пачалі дыскрымінаваць. Нашых многіх назіральнікаў літаральна за некалькі дзён да выбараў знялі, засталося назіраць каля тысячы чалавек.

Валянцін Стэфановіч, Алесь Бяляцкі і Андрэй Ягораў падчас акцыі ў 2000 годзе.

У 2003 годзе Міністэрства юстыцыі ў рамках барацьбы з незалежнымі дэмакратычнымі няўрадавымі арганізацыямі вырашыла зачыніць “Вясну”. У 2003-2004 годзе Мінюст зачыніў некалькі сотняў арганізацыяў. Нас абвінавацілі ў парушэннях падчас назірання ў 2001 годзе. У кастрычніку 2003 году нас пазбавілі рэгістрацыі.

Паўстала пытанне: што рабіць далей? Але праваабаронцы у Савецкім саюзе працавалі “па факце” — і фармальна, спрабуючы працаваць як арганізацыя, і нефармальна — як асобныя адзінкі. Гэта было тое, з чым уладам цяжка было змагацца. "Вясна" зрабіла такім самым чынам. Мы працягнулі праваабарончую працу без рэгістрацыі. Беларускія улады праз нашую ліквідацыю хацелі паказаць усім: калі ў краіне няма праваабаронцаў — значыць няма і праблемаў з правамі чалавека. Але гэта ў іх не атрымалася: мы пачалі актыўна наладжваць кантакты з міжнароднай супольнасцю, і там нас прызнавалі. Тым больш, у 1998 годзе Генеральнай Асамблеяй ААН была прынята Дэкларацыя праваабаронцаў, дзе напісана: любы чалавек мае права займацца абаронай правоў чалавека.

Нашая праца была інтэнсіўнай: кожны год былі дзясяткі палітычна матываваных крымінальных справаў. Мы імкнуліся дапамагчы несправядліва пераследаваным людзям. Мы выпускалі бюлетэнь “Права на волю”, агляды парушэння правоў чалавека (ад году ў год яны станавіліся ўсё больш таўсцейшымі). Колькасць рэпрэсаваных адміністратыўна была тысяча-паўтары тысячы чалавек.

У 2006 годзе прайшлі чарговыя прэзідэнцкія выбары: намётавы гарадок на плошчы Каліноўскага (Кастрычніцкай) быў захоплены амапаўцамі, і больш за 500 чалавек затрымалі. Аб’ём працы быў проста велічэзны. І ў тым жа годзе споўнілася дзесяцігоддзе працы "Вясны". Мы займелі пэўны аўтарытэт — Вацлаў Гавэл уручыў нам прэмію “Homo homini” у Празе. Для нас гэты момант быў важным і сімвалічным, бо Вацлаў Гавэл — грамадскі дзеяч і дысідэнт, які адсядзеў амаль пяць гадоў у турме, а потым стаў прэзідэнтам Чэхаславакіі.

Вацлаў Гавэл уручае прэмію Алесю Бяляцкаму
Вацлаў Гавэл уручае прэмію Алесю Бяляцкаму

Пасля 2006 года насталі не лепшыя гады. У 2007 годзе быў прыняты артыкул 193.1 (крымінальная адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі), некалькі чалавек сядзела ў зняволенні, і Amnesty international арганізавала кампанію ў падтрымку Змітра Дашкевіча. Яны заклікалі выцінаць папяровых жураўлікаў, якія збіраліся па ўсім свеце і дасылаліся ў цэнтральны офіс у Лондане. Калі назбіралася болей за 7000, яны даслалі гэтыя жураўлікі нам, каб мы перадалі іх ў Міністэрства ўнутраных спраў.

У 2008 годзе споўнілася 60 гадоў з падпісання Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Мы правялі акцыю каля ГУМа — раздавалі дэкларацыі. І нас затрымалі. Пратрымаўшы тры гадзіны, адпусцілі — але ўсю нашу прадукцыю канфіскавалі.

Ірыну Тоўсцік затрымалі падчас акцыі з нагоды 60 гадоў Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека
Ірыну Тоўсцік затрымалі падчас акцыі з нагоды 60-годдзя Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека

У 2008 годзе ўсё ж такі назіралася першая адліга — улады пайшлі на змякчэнне сітуацыі і павыпускалі палітзняволеных, зарэгістравалі рух "Салідарнасць", у кіёсках з’явіліся такія газеты, як “Наша ніва” і “Народная воля”. На жаль, гэтае "шчасце" працягнулася нядоўга, бо ў 2010 годзе прайшлі чарговыя прэзідэнцкія выбары.

Вялікая дэманстрацыя 19 снежня 2010 года скончылася масавым збіццём людзей і ўзбуджэннем крымінальных справаў у дачыненні да актыўных удзельнікаў акцыі, у тым ліку і кандыдатаў у прэзідэнты. У той вечар было затрымана 7 з 10 кандыдатаў, а таксама больш за 1000 чалавек. А нашу працу ўскладніла тое, што ноччу ў нас прайшоў вобшук, дзе забралі ўсе камп'ютары. Тым не менш мы хутка аднавілі сваю працу, бо сотні людзей патрабавалі канкрэтнай бягучай дапамогі. Палітычная частка грамадства была дэзарганізавана, амаль 40 чалавек сядзелі ў турме, быў вялікі страх. І атрымалася так, што на першай лініі абароны апынуліся праваабаронцы і журналісты. І мы павінны былі бараніць людзей.

Мы выкарыстоўвалі самыя разнастайныя міжнародныя механізмы: нам удалося запусціць Маскоўскі механізм АБСЕ. Для разгляду сітуацыі ў Беларусі былі вызначаны спецдакладчыкі ад АБСЕ, Рады Еўропы, Еўрапейскага саюза. Усім ім мы давалі інфармацыю. З’явіўся спіс неўязных чыноўнікаў у ЕС і ЗША, з боку міжнароднай супольнасці да рэжыму былі ўжытыя некаторыя эканамічныя санкцыі. І гэта прывяло да таго, што ў жніўні 2011 года палітычных зняволеных пачалі выпускаць.

Але 4 жніўня арыштавалі мяне. Гэта быў вынік шматмесячных пошукаў і КДБ, і падатковай інспекцыі, і ДФР, якія спрабавалі знайсці кампраметуючы матэрыял супраць сябраў "Вясны". Сродкі, якія мы выдаткоўвалі на дапамогу ахвярам палітычных рэпрэсій, на правядзенне адукацыйных мерапрыемстваў, на выданне кніжак і г.д. — былі палічаны асабістым даходам, з якога не быў сплочаны падатак. І таму была распачатая крымінальная справа.

Гэта было вельмі сур’езным выпрабаваннем арганізацыі. Улады ставілі задачу знішчыць "Вясну". Але гэтага не атрымалася.

2013.jpg
Алесь Бяляцкі падчас зняволення

Я правёў у калоніі амаль тры гады зняволення (пра гэта можна падрабязней прачытаць у блогу “Турма. Забытыя людзі”). Але "Вясна" працягвала працаваць. У значнай частцы яе дзейнасць была скіраваная на адвакацыйную кампанію па вызваленні палітычных вязняў, і мяне ў тым ліку. Дзясяткі арганізацый за мяжою далучыліся да яе. Лукашэнку было даслана больш за 100 000 лістоў з патрабаваннем вызвалення. Гэта прывяло да таго, што ў чэрвені 2014 года мяне нечакана выштурхнулі з калоніі. У 2015 годзе выйшлі на волю іншыя палітзняволеныя.

2014_viasna_gistoryja.jpg
Алесь Бяляцкі адразу пасля вызвалення

Зараз “Вясна” працягвае свае накірункі працы. Вядзецца праца за палітычнымі зняволенымі (а ў Беларусі іх на дадзены момант чатыры чалавекі), а таксама маніторынгі сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

“Вясна” ўдзельнічае ў кампаніі #БезПраваНаРасправу (праект аб катаваннях), а таксама ў кампаніі супраць смяротнага пакарання ў Беларусі. Працягвае працу і кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары". “Вясна” фіксуе і новую гісторыю змагання за дэмакратыю ў Беларусі: ёсць серыя ўспамінаў і дзённікаў, напісаных палітычнымі зняволенымі, — “Беларуская турэмная літаратура”. Працуе пляцоўка “Тэрыторыя правоў”, дзе праводзяцца шматлікія мерапрыемствы — і праваабарончага, і грамадскага плана. Актыўнай з’яўляецца і Валанцёрская служба "Вясны".

Дапамогу беларускім грамадзянам аказваюць 17 філіяў “Вясны” у розных гарадах Беларусі. Сёлета Праваабарончы цэнтр “Вясна” быў узнагароджаны праваабарончай прэміяй АБСЕ “за місію па абароне правоў чалавека ў Беларусі і пабудове справядлівага і дэмакратычнага грамадства для ўсіх грамадзянаў”. Нашая праца па абароне правоў беларускіх грамадзянаў не скончаная. Яна працягваецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства