viasna on patreon

«Стоп прусак!». Магілёўцы адбілі чалавека ад затрымання і правялі дзве акцыі пратэсту ў адзін дзень Фота Відэа

2020 2020-05-06T11:20:02+0300 2020-05-06T11:20:03+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/stop-cockroach2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сайт пра правы чалавека ў Магілёве mspring.online распавядае пра падзеі пятага траўня, калі магілёўская міліцыя спрабавал сарваць сустрэчу падпісчыкаў каналу "Краіна для жыцця", але ў яе нічога не атрымалася. 

У абед 5 траўня з’явілася інфармацыя, што ў Магілёў на сустрэчу з гараджанамі прыедзе вядомы апазіцыйны блогер Сяргей Ціханоўскі (на яго канал у Youtube падпісана 137 тысяч чалавек) са сваёй камандай. У сваіх роліках блогер распавядае пра сацыяльныя праблемы ў розных гарадах Беларусі, а таксама прама выступае супраць дзейнай улады і асабіста прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.

Шмат у чым дзякуючы дзейнасці Ціханоўскага ў Магілёве пачаліся пратэстныя акцыі «кармленне галубоў» – людзі каардынуюцца пры дапамозе чата ў Тэлеграм «Магілёў для жыцця». На апошнюю акцыю прыйшло некалькі дзесяткаў чалавек – нямала для абласнога цэнтра, у якім палітычная актыўнасць доўгія гады была на нулі.

Сустрэчу з магілёўцамі Сяргей Ціханоўскі і яго таварышы прызначылі на 19 гадзін каля гандлёвага цэнтра «Гіпа» на вуліцы Маўчанскага.

Тэхагляд як чыннік рэпрэсій

У мясцовым чаце практычна адразу выказалі здагадку, што блогера з камандай будзе чакаць магілёўская міліцыя з мэтай затрымаць Ціханоўскага і сарваць сустрэчу.

Каля 17.30 два аўто, на якіх перасоўвалася каманда «Краіны для жыцця», былі спыненыя супрацоўнікамі ДАІ на Віцебскім праспекце побач са стадыёнам «Тарпеда». Намеснік камандзіра ўзвода батальёна ДПС ДАІ УУС, маёр Генадзь Баброў абвясціў блогеру Уладзіміру Няронскаму, які быў за рулём, што хоча «праверыць фізічны стан аўтамабіля».

Няронскі практычна адразу ўключыў стрым на сваім канале Youtube «Слуцк для жыцця» і далейшую гутарка вёў на камеру. На яго завялі адміністрацыйны працэс за адсутнасць налепкі на лабавым шкле аб праходжанні тэхагляду аўто. У гэты момант Няронскі заклікаў магілёўцаў прыехаць і падтрымаць блогераў.

Таксама супрацоўнікі ДАІ вырашылі надгледзець другое аўто «Краіны для жыцця», у якім, на іх думку, хаваўся Сяргей Ціханоўскі. Пасля таго, як дзверы міліцыянтам не адчынілі, невядомы пырснуў з газавага балончыка ў салон аўто. Міліцыянты адвялі яго на супрацьлеглы бок дарогі.

У гэты момант у навакольных дварах сталі запасіцца УАЗы і «Газэлі» з супрацоўнікамі АМАП (MSPRING.ONLINE налічыў усяго чатыры аўто з супрацоўнікамі міліцыі асаблівага прызначэння).

Як аказалася, Сяргей Ціханоўскі ў Магілёў не прыехаў. Пазней калега з яго каманды растлумачыў, што гэта была адмысловы выкрут, каб не дапусціць адвольнага затрымання папулярнага блогера. Да месца інцыдэнту сталі падцягвацца магілёўцы. 

На Ціханоўскага кінулі спецыяльных "антыапазіцыйных" міліцыянтаў

Супрацоўнікі ДАІ ў канфлікце адыгрывалі не вырашальную ролю. Для такіх, як Ціханоўскі, магілёўскае Упраўленьне ўнутраных спраў падрыхтавала асаблівых міліцыянтаў.

На затрыманне прыбылі супрацоўнікі УУС Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Пугачоў і Сяргей Волкаў.

Уладзімір Пугачоў вядомы тым, што яшчэ ў бытнасць супрацоўнікам Ленінскага РАУС кіраваў ператрусам у журналіста Deutsche Welle Аляксандра Буракова ў 2013 годзе. У 2016 міліцыянт дапамагаў адміністрацыйнаму пераследу актывіста Станіслава Паўлінковіча за ўдзел у акцыі пратэсту. У канцы 2019 года менавіта пасля яго рапарту была заведзеная адміністрацыйная справа за мем ў «Аднакласніках» у дачыненні да экс-кандыдата ў дэпутаты Андрэя Юркова (справа развалілася).

Сяргей Волкаў ж – намеснік начальніка міліцыі грамадскай бяспекі УУС – вядомы тым, што кіраваў сілавымі затрыманнямі падчас магілёўскага «Марша недармаедаў» у сакавіку 2017 года.

Няма сумненняў, што менавіта Волкаву далі кіраваць аперацыяй па недапушчэнні мірнага сходу побач з «Гіпа». Супрацоўнікі ДАІ больш выконвалі ролю статыстаў, як чакаючыя загаду супрацоўнікі АМАП у мікрааўтобусах, прыпаркаваных у бліжэйшых дварах. Невядома, чым скончылася б гісторыя, калі б не магілёўцы, якія адбілі блогераў ў міліцыянтаў.

Магілёўцы ўмеюць адбіваць

За паўтары гадзіны разбіральніцтваў на Віцебскі праспект з усіх канцоў горада з’ехалася пад сотню магілёўцаў. «Звычайная» праверка дакументаў ад ДАІ раптам ператварылася ў самую масавую з 2017 года акцыю пратэсту. Людзі патрабавалі ад міліцыі адпусціць блогераў і «не ганьбіць гонар мундзіра»:

"Вы што робіце, мус..ьё, зусім сумленне страцілі. За што іх затрымалі? Вы ж за усё адкажаце, калі ўлада змяніцца", – заявіў у твар супрацоўнікам міліцыі адзін з мужчын.

Натоўп некалькі разоў зараджаў крык «Позор» і «Ганьба», пакуль міліцыянты прыходзілі ў сябе. Відавочна, яны не чакалі такога масавага адпору.

У нейкі момант яны вырашылі скласці адміністрацыйны пратакол на аднаго з удзельнікаў каманды «Краіна для жыцця». У гэты момант людзі згрупаваліся вакол блогера так, што работнікі МУС нават не змаглі да яго наблізіцца.

Тады Генадзь Баброў паспрабаваў уручыць маладому чалавеку позву, але і гэта натоўп не даў зрабіць. Гісторыя вырашылася нечакана: пацярпелыя ад фіяска міліцыянты пасля каманды Волкава здаліся і пакінулі месца канфлікту.

Іх сыход магілёўцы сустрэлі аглушальным ровам і крыкам «Ганьба». 

Мабыць, упершыню за доўгі час грамадзянская супольнасць Магілёва паказала зубы.

Разам з начальствам з двароў зняліся супрацоўнікі АМАП. Зрэшты, Волкаў, Пугачоў і Баброў назіралі за тым, што адбываецца, з машыны яшчэ некаторы час.

Замест адной сустрэчы з падпісчыкамі – адразу дзве акцыі пратэсту

Хоць сам Сяргей Ціханоўскі ў Магілёў не прыехаў, праграму «Краіна для жыцця» нават перавыканала. Каардынатарам выступіў Уладзімір Няронскі. Пасля нядоўгага маршу на тым жа Віцебскім праспекце ён правёў з магілёўцамі мірны сход, падчас якога жадаючыя маглі выказаць усё, што ў іх накіпела.

Увогуле, праблемы ва ўсіх былі розныя: хтосьці скардзіўся на зарплаты, хтосьці – на жорсткасць антынаркатычнага артыкула 328, хтосьці – на дзеянні ўладаў у разгар эпідэміі COVID-19.

Лозунг ў канцы, праўда, быў адзін на ўсіх – некалькі дзясяткаў чалавек пракрычалі «Стоп прусак!», патрабуючы адстаўкі прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.

З Віцебскага праспекта блогеры ўсё ж такі змаглі трапіць на стаянку каля ГЦ «Гіпа», дзе правялі яшчэ адну сустрэчу. Там за імі назіралі супрацоўнікі дэпартамента аховы МУС і ахоўнікі гандлёвага цэнтра.

Пакінулі Магілёў блогеры бліжэй да 9 гадзіны вечара. Магілёўцы суправаджалі іх на аўто. Міліцыя таксама нястомна сачыла за рухамі – на шляху руху калоны кожны кіламетр сустракаліся патрулі ДАІ, а за калонай ехалі тры службовых машыны. Праўда, у гэты раз усё скончылася адносна добра. Ва ўсякім выпадку, Магілёўскі раён «Краіна для жыцця» пакінула без праблем.

Але як жа адрэагуюць мясцовыя ўлады на падобнае «нахабства» у выглядзе аж двух масавых мірных сходаў? 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства