viasna on patreon

Блог Паўла Сапелкі: Здароўе пад арыштам

2020 2020-05-06T12:40:11+0300 2020-05-06T12:40:11+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/okrestino_cip.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў у Мінску. Фота БелаПАН

Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў у Мінску. Фота БелаПАН

Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка ў выпуску блога "Слова аб праве" ў "Белгазеце" разважае пра адміністрацыйны арышт ва ўмовах распаўсюду каранавіруснай інфекцыі ў ІЧУ і ЦІП.

Многія сталі вялікімі спецыялістамі ў эпідэміялогіі. Над гэтым можна жартаваць, але праўда горкая: тыя, хто сябе лічаць такімі па пасадзе і адукацыі, са сваёй задачай спраўляюцца так сабе. Ці мне не верыць загадчыку рэанімацыяй Віцебскай БХМД? А той, мужны чалавек, выразна патлумачыў, чаму ў абласным цэнтры шугануў каронавірус: не ўсе былі гатовыя да эпідэміі, а калі ўсвядомілі, было позна - "абозы" не падышлі, і, як у 41-м, ваяваць на перадавой сталі адной вінтоўкай на траіх. Таму ў сітуацыі квітнеючай безадказнасці, непрафесіяналізму і замоўчвання праўды кожны прымае рашэнне сам.

Адразу пасля адносна аптымістычнай справаздачы МУС на брыфінгу 22 красавіка па пытаннях, звязаных з распаўсюджвання віруса, высветлілася, што ў мінскім Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) - ачаг захворвання на пнеўманію, у "сутачнікаў" - тэмпература, кашаль і правераныя парацэтамол, анальгін і аспірын у выглядзе лячэння. І чаму гэта не выклікае здзіўлення?

Ва ўмовах абвешчанай пандэміі Сусветная арганізацыя аховы здароўя нездарма патрабуе ад нацыянальных уладаў неадкладна распачаць меры па папярэджанні распаўсюджвання віруса сярод катэгорый людзей, найбольш схільных да небяспекі заражэння: з нізкім прыбыткам, бяздомных, залежных ад алкаголю, а таксама зняволеных. Гэтыя людзі захварэюць самі, з вялікай верагоднасцю цяжкага зыходу, перададуць хваробу далей і перагрузяць сістэму аховы здароўя.

Наіўна лічыць, што вымераць тэмпературу, даць мыла ці нават антысептык на ўваходзе - адэкватная мера, якая пакіне вірус за парогам ЦІП і ІЧУ па ўсёй краіне. Працяглы інкубацыйны перыяд, невыразныя сімптомы, адсутнасць медыцынскіх аглядаў, каранціну - што яшчэ трэба, каб ва ўмовах цеснаты, дрэннага харчавання, антысанітарыі, адсутнасці вентыляцыі і прагулак стварыць ідэальныя ўмовы для распаўсюджвання вірусаў і інфекцый? Звесткі аб распаўсюдзе рэспіраторных захворванняў, а хутчэй за ўсё, і віруса COVID-19 сярод людзей, якія адбываюць адміністрацыйны арышт, сведчаць, што прафілактычных мераў, што прымаюцца ўладамі, відавочна недастаткова. А гаворка ідзе пра больш чым 70 тыс. чалавек у год, або каля 6 тыс. у месяц, калі падзяліць раўнамерна. І што тут думаць: вялікая іх частка (20 тыс. "абавязаных асобаў" ужо дакладна) - гэта тыя самыя прадстаўнікі ўразлівых групаў насельніцтва.

Адначасова пад пагрозай заражэння апынуліся супрацоўнікі ізалятараў і члены іх сем'яў, а таксама члены сем'яў грамадзянаў, якія адбылі тэрмін арышту, - нават 15 сутак калісьці праходзяць.

І добра б гаворка ішла пра тых, хто ўяўляе небяспеку для навакольных і каго таму ізалявалі ад соцыума, - не, самі па сабе адміністрацыйныя правапарушэнні і асобы, якія іх здзейснілі, па вызначэнні не нясуць грамадскай небяспекі. У санкцыях усіх артыкулаў Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях ёсць альтэрнатыва адміністрацыйнаму арышту, а па ПВКаАП выкананне арышту можна адтэрмінаваць або растэрмінаваць. Вось і выходзіць, што адміністрацыйны арышт ва ўмовах пандэміі парушае канстытуцыйнае права на жыццё і ахову здароўя, а таксама прынцыпы адміністрацыйнай адказнасці: яна павінна быць справядлівай і гуманнай; адміністрацыйнае спагнанне не мае на мэце прычыненне фізічных пакутаў асобе, якая ўчыніла адміністрацыйнае правапарушэнне. А на справе чалавек заплаціць за дробнае парушэнне сваім здароўем, а то і жыццём.

Таму праваабаронцы заклікалі ўлады да простага рашэння: адмовіцца на перыяд пандэміі ад адміністрацыйнага затрымання на тэрмін больш за тры гадзіны і адміністрацыйнага арышту. Гэта нядорага, я б сказаў, нават наадварот: замест таго, каб заганяць чалавека ў тухлую (не ўтрымаўся, скапіпастіў у аднаго эпідэміёлага - у гэтым кантэксце, мабыць, такое вызначэнне больш дарэчы) камеру, яго можна пакараць па-іншаму: выгадна - штрафам, гуманна - папярэджаннем. Незадаволенымі застануцца толькі тыя, хто атрымлівае 13,50 рубля ў дзень за арыштанскае кармленне: яны падзеляць лёс астатняга грамадскага харчавання ва ўмовах каранціну.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства