viasna on patreon

Пераслед блогераў: Затрыманы Сяргей Ціханоўскі і Сяргей Пятрухін Відэа Дапоўнена

2020 2020-05-06T13:41:20+0300 2020-05-06T20:39:57+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/tihanouski.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сяргей Ціханоўскі. Фота "Нашай Нівы"

Сяргей Ціханоўскі. Фота "Нашай Нівы"

Пасля двух дзён пераследу на дарогах Беларусі міліцыя затрымала youtube-блогера, аўтара канала “Страна для жизни” Сяргея Ціханоўскага. Гэта адбылося на кальцавой дарозе каля Магілёва. 

Машыну, дзе ехаў Сяргей Ціханоўскі, спыніла машына ДАІ. Акрамя супрацоўніка ДАІ да машыны падыйшоў супрацоўнік АМАПу, які адмаўляўся прад'яўляць Ціханоўскаму свае дакументы. Блогер у гэты час вёў стрым на свой канал, але потым спыніў яго. Ён паспеў папрасіць падпісчыкаў прыехаць на месца інцыдэнту і падтрымаць яго. 

Блогер Уладзімір Няронскі паведаміў пра затрыманне Сяргея Ціханоўскага.

Блогер Міхась Аршынскі паведамляе, што ў Магілёве на вуліцы Крупскай каля мясцовага ізалятара часовага ўтрымання стаіць патруль ДАІ і правярае дакументы ў тых, хто пад’язджае сюды. Ёсць меркаванне, што Ціханоўскага прывезлі туды. 

Праваабаронцы магілёўскай "Вясны" у дадзены момант ездзяць па РАУСах горада, каб даведацца пра лёс блогера. У РАУС Магілёўскага раёна сцвярджаюць, што Ціханоўскага да іх не прывозілі.

Пазней ва УУС Магілёўскага аблвыканкама праваабаронцам пацвердзілі, што Сяргей Ціханоўскі на дадзены момант сапраўды знаходзіцца ў ІЧУ. Пры гэтым супрацоўнікі ізалятара кажуць, што яго там няма. 

Дапоўнена. Сваякам Ціханоўскага паведамілі, што яго прывезлі ў гомельскі ІЧУ.

Таксама дзяжурны ў РАУС Магілёўскага раёна паведаміў праваабаронцам, што кіроўца машыны, на якой быў Ціханоўскі, таксама затрыманы. Ён знаходзіцца ў РАУС ужо больш за чатыры гадзіны.

Дапоўнена: Сяргей Лазарэнка і Андрэй Ільюк - кіроўцы, затрыманыя з Ціханоўскім. Іх аўтамабілі апячаталі, на рукі ніякіх дакументаў не далі. Выказвалі прэтэнзіі да VIN-нумароў, хоць нават не адкрывалі капот. Іх пратрымалі ў РАУС з 13 да 19 гадзін, не давалі паесці. Ніякіх пратаколаў на іх не складалі. Кіроўцы паведамілі праваабаронцам, што спачатку іх "прэсавалі". Пасля таго, як праваабаронцы ў першы раз прыехалі ў РАУС, "прэсаваць" перасталі. Лазарэнка і Ільюк таксама сказалі, што міліцыянты адсочвалі публікацыі на сайце "Вясны".

Нагадаем, што цягам апошніх двух дзён машыны праекту "Страна для жизни" шмат разоў спыняла міліцыя і ДАІ. Учора, пятага траўня, Сяргей Ціханоўскі прызначыў на вечар сустрэчу з падпісчыкамі ў Магілёве. Прыкладна за паўтары гадзіны да сустрэчы аўтадом блогера зноў спынілі, аднак самога Ціханоўскага ў нём не аказалася. На месца падзей прыехала шмат падпісчыкаў, міліцыя хацела затрымаць кіроўцу, але падпісчыкі літаральна адбілі яго. У выніку міліцэйскае кіраўніцтва дала загад міліцыянтам сысці. 

«Стоп прусак!». Магілёўцы адбілі чалавека ад затрымання і правялі дзве акцыі пратэсту ў адзін дзень

Сайт пра правы чалавека ў Магілёве mspring.online распавядае пра падзеі пятага траўня, калі магілёўская міліцыя спрабавал сарваць сустрэчу падпісчыкаў каналу "Краіна для жыцця", але ў яе нічога не атрымалася.

Дапоўнена. У той жа час блогер Аляксандр Кабанаў паведаміў пра знікненне свайго калегі Сяргея Пятрухіна (канал "Народны рэпарцёр"). Вядома, што ён збіраўся ехаць да Сяргея Ціханоўскага, але ўжо некалькі гадзін ён не выходзіць на сувязь. На стрыме іншага блогера Уладзіміра Цыгановіча (MozgON) прагучала, што Пятрухін быў затрыманы АМАПам у вёсцы Востраў Пухавіцкага раёна. 

У 20.20 Уладзіміру Цыгановічу ў Пухавіцкім РАУС паведамілі, што Пятрухін знаходзіцца ў Брэсцкім УУС. Але дзяжурны у Брэсце кажа, што яго ў іх няма.

Таксама высвятляецца месцазнаходжанне богера Уладзіміра Няронскага ("Слуцк для жизни"). У апошнія дні ён разам з Сяргеем Ціханоўскім ездзіў па краіне на аўтадоме. У апошні раз ён выходзіў на сувязь пасля затрымання свайго калегі. 

Інфармацыя будзе ўдакладняцца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства