viasna on patreon

Новыя затрыманні прыхільнікаў блогера Ціханоўскага прайшлі ў розных гарадах краіны Дапоўнена

2020 2020-05-07T21:50:16+0300 2020-05-07T22:52:02+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zatr_gomel070520209.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Затрыманні ў Гомелі 7 траўня. Фота "Радыё Свабода"

Затрыманні ў Гомелі 7 траўня. Фота "Радыё Свабода"

Сёмага траўня ў розных гарадах краіны працягнуўся пераслед грамадзян, якія ў апошнія дні выходзілі на мясцовыя акцыі пратэсту: у падтрымку экаактывістаў Брэста (“кармленне галубоў”) і ў падтрымку Сяргея Ціханоўскага. Не абыйшлося і без жорсткіх затрыманняў.

Віцебск

Па інфармацыі “Віцебскай Вясны”, адзін з удзельнікаў "кармленьня галубоў" у Віцебску Алег Баразна быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі каля свайго дому. Мужчыну адвезлі ў РАУС Чыгуначнага раёна.

Алег Баразна паспеў паведаміць па тэлефоне з аддзялення міліцыі, што на яго склалі адміністрацыйны пратакол паводле артыкулу 23.34 КаАП (Парушэньне парадку арганізацыі альбо правядзення масавага мерапрыемства) – як на ўдзельніка «кармлення галубоў» у Віцебску ў нядзелю 3 траўня.

Ён паведаміў таксама, што пасля складання пратаколу яго збіраюцца адвезці да суда ў ізалятар часовага ўтрымання (ІЧУ). 

Дапоўнена. Пазней стала вядома, што 7 траўня быў затрыманы яшчэ адзін удзельнік «кармлення галубоў» - Аляксей Саламаненка. Ён таксама правядзе ноч у ІЧУ.

Разгляд справаў адбудзецца заўтра, 8 траўня, ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску. Папярэдне пачатак суду - у 10.00.

У нядзельным «кармленні галубоў» 3 траўня ў Віцебску бралі ўдзел больш за 50 чалавек.

Новыя гарады далучаюцца да нядзельнага "кармлення галубоў”

У Віцебску ў нядзелю 3 траўня на плошчы Перамогі сабралася каля 50 чалавек, каб узяць удзел у «кармленьні галубоў». Асноўная ідэя – выйсьці разам у цэнтар гораду і фармальна не патрапіць пад Закон аб масавых мерапрыемствах.

Ліда

Да некалькіх удзельнікаў нядзельнага кармлення галубоў у Лідзе прыходзілі міліцыянты. На розных падставаў людзей спрабавалі выцягнуць на гутарку. Некаторых выклікаюць у мясцовы РАУС для апытання ў межах адміністрацыйнага працэсу. 

Таксама ў Лідзе ў гэты дзень праходзіла сустрэча падпісантаў “Краіны для жыцця”. 8 чалавек сабраліся ў цэнтры горада, гутарылі, пры гэтым за німі назіралі два супрацоўніка ў цывільным. Па завяршэнні сустрэчы гэтыя супрацоўнікі затрымалі аднаго з удзельнікаў Паляковіча Андрэя Юр'евіча, які накіроўваўся ў сваю машыну. Яго павезлі ў Лідскі РАУС.

Таксама невядомы лёс Паўла Палейчыка, якогда ў Лідзе сёння таксама выклікалі для гутаркі ў РАУС. Яго тэлефон недасяжны.

Магілёў

"Магілёўскай вясне" стала вядома аб затрыманні як мінімум чацвярых удзельнікаў акцыі 5 траўня. Нагадаем, тады людзі не далі міліцыі затрымаць прыхільнікаў блогера Сяргея Ціханоўскага.

stop-cockroach3.jpg
Сустрэча 5 траўня ў Магілёве

Пасля таго 5 траўня супрацоўнікі МУС вытрымалі суткі і пачалі помсціць.

Праваабаронца Саша Райкон паведаміў пра затрыманне Сцяпана Лазаронка - аднаго з тых, хто адбіваў чалавека ў міліцыі:

“Інфармацыя прыйшла ад яго жонкі Наталлі і цэнтральнага офіса ПЦ «Вясна». Каля 13 гадзін 7 мая да яго ў кватэру прыехалі супрацоўнікі міліцыі і, як паведаміла яго жонка, сказалі, што да яго ёсць прэтэнзіі з тэхаглядам аўтамабіля. У выніку яго забралі ў Кастрычніцкі РАУС Магілёва. Там яго пратрымалі мінімум пяць гадзін. Адтуль ён змог паведаміць па тэлефоне, што ў дачыненні да яго складзены пратакол па артыкулу 23.34 КаАП аб удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Па яго словах, яго, хутчэй за ўсё, накіравалі ў ізалятар часовага ўтрымання. Міліцыя лічыць спантанны сход людзей на Віцебскім праспекце незаконным мітынгам, што, вядома ж, з'яўляецца трызненнем. Сцяпан Лазаронак правядзе гэтую ноч у ІЧУ, пасля чаго яго будуць судзіць, мабыць, у судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва”, - распавёў Райкон.

Як паведаміў праваабаронца, па тэлефоне Сцяпан Лазаронак распавёў яшчэ аб адным затрыманым: нехта Вячаслаў Зайцаў таксама быў на Віцебскім праспекце падчас інцыдэнту з міліцыяй.

Акрамя таго, MSPRING.ONLINE валодае інфармацыяй, што ў ІЧУ УУС Магілёўскага аблвыканкама ўтрымліваюцца яшчэ двое чалавек - Арцём Сакаў і вядучы стрыму Уладзімір Няронскі, які замяніў Сяргея Ціханоўскага на сустрэчы з магілёўцамі.

Як адзначыў Саша Райкон, міліцыя здзекуецца са сваякоў затрыманых, не даючы ім ведаць пра стан апошніх:

“Жонцы Лазаронка давялося правесці некалькі гадзін у недасведчанасці ў Кастрычніцкім РАУС, а мама Арцёма Сакава дагэтуль не ведае, у якім статусе яе сын".

Праваабаронцы "Магілёўскай вясны" будуць дзяжурыць заўтра з раніцы ў судах Магілёва, каб даведацца лёс гэтых людзей.

Дапоўнена. У Магілёве ўвечары затрымалі блогера Міхаіла Аршынскага, які вёў стрымы з гэтых акцый. Па стане на 22:30 ён знаходзіцца ў Ленінскім РАУСе Магілёва. У РУУС паведамілі, што ён затрыманы ў межах артыкула 23.34 КаАП да суда за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Гомель

У Гомелі акцыя ў падтрымку блогера Сяргея Ціханоўскага скончылася затрыманнямі, паведамляе TUT.BY. На плошчы Леніна ў Гомелі на акцыю ў падтрымку затрыманага блогера Сяргея Ціханоўскага сабралася некалькі дзясяткаў чалавек. Да прысутных падышлі сілавікі і папярэдзілі, што мерапрыемства несанкцыянаванае. Хвілін праз 30 пасля пачатку акцыі людзі сталі разыходзіцца. Тады пад'ехаў аўтобус, з якога з'явіліся супрацоўнікі АМАПа — пачаліся затрыманні. 

gomel_akciya_tikhanovskiy_07052020_10.jp
Фота TUT.BY

Па словах відавочцаў, затрымлівалі ўсіх запар. Затрыманыя, у тым ліку журналісты TUT.BY і "Камсамольскай праўды ў Беларусі". Па дадзеных "Радыё Свабода", затрыманыя ад 20 да 30 чалавек

Інфармацыя па затрыманых будзе ўдакладняцца. Калі вас ці вашых знаёмых затрымалі, ці выклікаюць у міліцыю з нагоды ўдзелу ў акцыях пратэсту, просім звяртацца да праваабаронцаў:  pierasled@spring96.org (грамадская прыёмная), маб.: (029) 841 39 81 (грамадская прыёмная)  Signal, WhatsApp, Telegram. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства