viasna on patreon

Валанцёрская служба "Вясны" вачыма ўдзельніц і ўдзельнікаў: "Не варта наогул разважаць, а адразу – смела ўступаць!"

2020 2020-05-08T20:17:00+0300 2020-05-13T15:24:37+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/valantery.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валанцёры "Вясны"

Валанцёры "Вясны"

Верагодна, кожны, хто сутыкаўся з тэмай правоў чалавека, так ці інакш задумваўся: як далучыцца да барацьбы за адстойванне правоў і грамадскіх інтарэсаў, як дакрануцца да вядучых праваабарончых арганізацый Беларусі і што трэба зрабіць, каб унесці свой уклад у развіццё грамадзянскай супольнасці? 

У Праваабарончага цэнтра "Вясна" з 2015 года выкрысталізаваўся асобны напрамак дзейнасці па прыцягненню і ўключэнні неабыякавых людзей – Валанцёрская служба. Задачы, у якія могуць уключацца валанцёры і валанцёркі, вельмі розныя: ад перакладаў і стварэння архіваў да назіранняў за вулічнымі акцыямі і судовымі працэсамі, удзелу і арганізацыі адукацыйных мерапрыемстваў. 

Зараз у Валанцёрскай службе больш за 40 актыўных чалавек, гатовых практычна ў любы момант ўключацца ў прасоўванне правоў чалавека і праваабарончых прынцыпаў. 

Некалькі валанцёрак і валанцёраў распавялі пра тое, як яны даведаліся аб Валанцёрскай службе "Вясны", чаму вырашылі далучыцца і што імі рухае ў такой дзейнасці.

Аксана,

хацела назіраць за парламенцкімі выбарамі;
з канца восені 2019 года з'яўляецца валанцёркай "Вясны"

oksana_volonter.jpg
Фота з асабістага архіва

"Я валанцёрыла шмат дзе, у асноўным дапамагала ў арганізацыі і правядзенні розных мерапрыемстваў: кінафестывалі, дні культур, спартыўныя мерапрыемствы і іншыя святы.

Валанцёрства ў "Вясне" для мяне пачалося з публікацыі аб пошуку людзей, якія маглі б назіраць на выбарах дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў. Я разумела, што мне было б цікава паназіраць за працэсам з нейкага нейтральнага боку, убачыць, як гэта працуе. Нягледзячы на тое, што назіральнікам я тады так і не стала па асабістых абставінах, з таго часу назірала за судамі і перакладала некаторыя артыкулы на ангельскую мову ў Валанцёрскай службе.

Валанцёрства важна, таму што ў нас усіх ёсць магчымасці зразумець, што адбываецца вакол. І гэтым трэба цікавіцца і шукаць магчымасці разабрацца.

Валанцёрская служба "Вясны" дае не толькі веды аб тым, як ажыццяўляць тое ж назіранне, але і дапамагае зразумець: што ты сам можаш зрабіць для таго, каб дапамагчы сітуацыі? Бо відавочна, што толькі разумеючы абставіны, можна якасна аказаць дапамогу камусьці з рашэннем пэўных праблемаў. І асабіста ў мяне, людзі, якія свядома бяруцца за гэта, выклікаюць павагу, а зносіны з такімі людзьмі натхняе на пошук новых рашэнняў для актуальных праблем".

Кірыл,

пяты год у Валанцёрскай службе;
быў двойчы затрыманы на назіраннях

kirill_kozhenov_v.jpg
Фота са старонкі Валанцёрскай службы "Вясны" у фэйсбуку

"Рашэнне стаць валанцёрам "Вясны" было некалькі спантанным. Мяне пасля Летняй школы па правах чалавека ў 2015 годзе проста запрасілі ў суд "на паглядзець". Спадабалася – запоўніў анкету. Адна са значных, ці хутчэй ключавых падзей майго валанцёрства – гэта першае затрыманне мяне як назіральніка. Было трохі страшна, вядома, хоць і цікава. У той момант, калі я ляжаў на падлозе аўтобуса, бачачы нагу АМАПаўца, я зразумеў, што займаюся правільнай справай і буду працягваць гэта рабіць.

Валанцёрства трэба, таму што гэта, на мой погляд, падтрымлівае тых, хто займаецца дзейнасцю прафесійна. Гэта дае зразумець людзям, што яны не адны, што хтосьці падтрымлівае іх і падзяляе іх погляды. Увогуле самае галоўнае – гэта падтрымка!

Тым, хто толькі думае пра валанцёрства ў "Вясне" , я б адназначна раіў паспрабаваць. Мы не кусаемся, тут нават бывае цікава! Ніхто не будзе прымушаць, а новы вопыт – гэта трэба, важна і карысна".

Улада,

прыхільніца ЗБС і Amnesty International;
валанцёрка "Вясны" з сярэдзіны 2019 года

vlada_volonters.jpg
Фота з асабістага архіва

"Я цікаўлюся палітычнымі і сацыяльнымі праблемамі ў нашай краіне вельмі даўно. Але проста чытаць навіны – гэта адно, іншае – хочацца нешта рабіць карыснае для сваёй краіны.

Я захацела стаць назіральнікам на выбарах у 2019 годзе. І шукала інфармацыю пра гэта: першая спасылка ў Google – быў сайт "Вясны". І вось, пачытаўшы пра "Вясну", што там ёсць людзі, якія становяцца назіральнікамі, праяўляюць розныя актыўнасці... мне гэта стала вельмі цікава, і я захацела да іх у каманду.

Вопыт назіральніка на выбарах 2019 года быў значным і карысным, як для мяне асабіста, таму што я "сацыяльна" вырасла і шмат што цяпер разумею, так і для іншых людзей, таму што мае назіранні ў тым ліку былі ўключаныя ў даклад АБСЕ.

Увогуле, валанцёры – гэта прыхільнікі нейкіх ідэй. І чым больш такіх людзей, тым мацней і хутчэй гэтыя ідэі прыйдуць у масы. Валанцёрства звяртае ўвагу на пэўныя праблемы ў грамадстве і імкнецца іх вырашыць, таму што, на жаль, дзяржава не жадае іх вырашаць ці проста ігнаруе. І тады ўжо людзям прыходзіцца аб'ядноўвацца і рабіць пэўныя дзеянні разам.

Калі ты ў валанцёрстве, то значыць ты заўсёды з кімсьці можаш пагутарыць і параіцца. І іншае, я адчуваю, што чымсьці карысная грамадству – гэта для мяне вельмі важна!

"Вясна" часта арганізоўвае розныя адукацыйныя мерапрыемствы. І нават цяпер, не гледзячы на ўсю гэтую непрыемную эпідэміялагічную сітуацыю ў краіне, усё роўна праходзяць вебінары анлайн. Але і самае важнае – з дапамогай "Вясны" ты зможаш завесці прыемныя і карысныя знаёмствы, рэалізаваць свой патэнцыял і зрабіць нешта карыснае для людзей, якія цябе атачаюць.

Не варта наогул разважаць, а адразу – смела ўступаць!"

Марыя,

да Валанцёрскай службы "Вясны" далучылася зімой 2020 года;
прыдумала ідэю для папулярызацыі экалагічнага ладу жыцця і прыняла ўдзел у Мэйкатоне

maria_lovonters.jpg
Фота з асабістага архіва

"Я лічу сябе эмпатычным чалавекам: мне цяжка даецца заставацца ўбаку, калі я бачу несправядлівасць. Калі навакольная рэчаіснасць не адпавядае тваім уяўленням пра справядлівы свет, пачынае здавацца, што з табой нешта не так. Таму я лічу вельмі важнай падтрымку аднадумцаў.

Падчас снежаньскіх падзей 2019 я падпісвалася на розныя тэлеграм-каналы, якія асвятлялі мітынгі і пераследы актывістаў, і так знайшла канал "Вясны" і Валанцёрскай службы. Мне захацелася знайсці магчымасць пазнаёміцца з людзьмі, якія не апускаюць рукі і пастарацца змяніць навакольны свет да лепшага, наколькі гэта ў маіх сілах.

Паваланцёрыць "у полі" я пакуль так і не паспела: збіралася назіраць за масавым мерапрыемствамі, якія былі адмененыя з-за каранавіруса. Планую прыняць удзел у назіранні за выбарамі сёлета. 

Да гэтага я дапамагала на мерапрыемствах ініцыятыўнай групы "Маршыруй, дзетка", якая выступае за прыняцце закона супраць хатняга гвалту ў Беларусі, і Цэнтра па прасоўванні правоў жанчын "Яе правы". Я лічу, што немагчыма казаць аб правах чалавека, ігнаруючы праблемы фем-павесткі. Таму лічу важным прасоўваць петыцыю за прыняцце закона аб супрацьдзеянні хатняму гвалту.

Мне здаецца, кожнаму чалавеку прыемна ўсведамляць, што ён можа мяняць свет да лепшага, што яго меркаванне важнае і што ён не адзін. Валанцёрства ў значных ініцыятывах натхняе мяне, дае магчымасць пазнаёміцца з цудоўнымі людзьмі, не дае быць у роспачы, калі чытаю навіны.

У Валанцёрскай службе мы з Уладай прыдумалі ідэю мерапрыемства для папулярызацыі экалагічнага ладу жыцця і прынялі ўдзел у Мэйкатоне ад Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацый. Спадзяюся, што мы зможам ажыццявіць задуманае, калі сітуацыя ў свеце палепшыцца і не трэба будзе выконваць рэжым самаізаляцыі.

Валанцёрства ў "Вясне" – гэта добрая магчымасць пазнаёміцца з цікавымі людзьмі і даведацца нешта новае для сябе на трэнінгах. Калі вы падзяляеце праваабарончыя каштоўнасці і хочаце знайсці аднадумцаў і сяброў, вам дакладна спадабаецца".

Аляксандр,

валанцёр і вучань шэрагу інтэлектуальных і сацыяльных праектаў;
з "Вясной" 1 год

alexsandr_volonterpg.jpg
Фота з асабістага архіва

"У першы раз я ўдзельнічаў у маніторынгу адкрытасці судовых паседжанняў шмат гадоў таму, трапіў на допыт у выніку. На некаторы час тэма стала для мяне таксічнай.

Пасля гэтага прайшоў як валанцёр і вучань цэлы шэраг інтэлектуальных і сацыяльных праектаў.

Прыйшоў да высновы, што праваабарона – практычна адзінае акно магчымасцяў для мірных эвалюцыйных змяненняў у грамадстве, транзіту стандартаў ад састарэлых да сучасных.

Валанцёрства важна: так мы ствараем сацыяльны капітал, новыя ініцыятывы і сувязі. Беларусь мае патрэбу ў стварэнні новых супольнасцяў і інстытутаў, пачынаць заўсёды цяжка, але без нас для нас ніхто не пабудуе лепшай будучыні. Ніякія гранты ніколі не пакрыюць патрэбаў у грамадскіх пераменах. Менавіта таму важная бясплатная праца валанцёраў, якія ведаюць сваё асяроддзе, сваю праблематыку і здольныя малымі намаганнямі здзяйсняць вялікія змены.

Яркім успамінам майго валанцёрства стала сустрэча з выкладчыкам пры назіранні за выбарамі. Інерцыя ідэалогій прымушае розныя групы падазраваць адзін аднаго ў горшым. Гэта сумна, узаемны недавер – галоўная перашкода да пазітыўных пераменаў".

Наталля,

валанцёрыць у "Вясне", ААН і Мінскім хабе Global Shapers

natalia_volonter.jpg
Наталля падчас назірання. Фота з асабістага архіву

"Калі казаць пра валанцёрства ў некамерцыйным сектары ў цэлым, то я лічу, што гэта выдатны спосаб праявіць сябе, атрымаць нейкія карысныя навыкі і пазнаёміцца з новымі людзьмі. 

Першы досвед валанцёрства я атрымала ў Беларускім доме правоў чалавека, калі вучылася ў Вільні. Падчас вучобы ў Варшаўскім універсітэце, валанцёрыла для польскага праекта "Назіральнікі ў дзеянні", назіраючы за выбарамі ў Расеі. Зараз я зарэгістраваная на платформе онлайн валанцёраў ААН, і праз яе я спрабавала сябе ў якасці валанцёра УВКБ ААН, выконваючы пераклад юрыдычных абнаўленняў з англійскай на рускую. А таксама я спрабавала сябе ў якасці валанцёра Цэнтра за ўнутранымі перасоўваннямі, аказваючы падтрымку ў аналізе дадзеных аб ўнутрана перамешчаных асобах у Расіі. Зусім нядаўна я далучылася да супольнасці Мінскага хаба Global Shapers, дзе дапамагаю з рознымі актыўнасцямі.

Для мяне, валанцёрства ў Праваабарончым цэнтры "Вясна" - гэта магчымасць быць карыснай і ажыццяўляць дзеянні ў падтрымку сваіх поглядаў аб правах чалавека і асноўных свабодаў, а значыць, уносіць уклад у стварэнне лепшых умоў для жыцця людзей.

Пры гэтым, у "Вясне" мяне несумненна прыцягвае і матывуе цудоўная каманда валанцёраў і супрацоўнікаў цэнтра. Ёсць магчымасць паспрабаваць сябе як у асабістай якасці, так і ў якасці члена каманды валанцёраў.

Калі вы падзяляеце такія каштоўнасці як свабода, роўнасць, справядлівасць, а таксама гатовыя быць аб'ектыўнымі і незалежнымі ў сваіх поглядах, то ў вас ёсць усе шанцы, каб стаць валанцёрам. 

За год валанцёрства ў "Вясне" у мяне склалася дакладнае разуменне таго, што валанцёраў тут цэняць, паважаюць і ствараюць спрыяльныя ўмовы для іх развіцця і пачынанняў у сферы правоў чалавека".

"Дар ў цябе ёсць, але, здаецца, ты чагосьці чакаеш", або Як стаць валанцёрам "Вясны"

Што такое Валанцёрская служба "Вясны", якіх прынцыпаў прытрымліваюцца валанцёры і як стаць часткай каманды расказваем ў прававым лікбезе ад "Вясны".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства