viasna on patreon

За акцыі "на суткі" адправілі дзясяткі чалавек. Падтрымай іх паштоўкай салідарнасці Дапоўнена

2020 2020-05-14T10:05:00+0300 2020-05-14T13:28:16+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/jeffrey-alan-love_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Некалькі дзён запар у розных гарадах краіны працягваецца пераслед грамадзян, якія выходзілі на мясцовыя акцыі пратэсту: у падтрымку экаактывістаў Берасця ("кармленне галубоў") і ў падтрымку блогера Сяргея Ціханоўскага. Не абышлося і без адміністрацыйных арыштаў. Суды адпраўляюць некаторых "на суткі" за ўдзел у мірных сходах па артыкуле 23.34 КаАП. Пры гэтым праваабаронцы "Вясны" заклікаюць беларускія ўлады адмовіцца на перыяд абвешчанай пандэміі ад прымянення адміністрацыйных затрыманняў на тэрмін звыш 3-х гадзін і адміністрацыйных арыштаў.

Паводле інфармацыі "Вясны" на стан 13 траўня "суткамі" пакараныя каля пяцідзесяці чалавек. Некаторыя з іх ужо на волі, але большая частка працягвае знаходзіцца ў ізалятарах па ўсёй Беларусі па палітычна-матываваных пастановах суда. Праваабаронцы заклікаюць падтрымаць лістамі і паштоўкамі салідарнасці тых, то ажыццяўляў свае канстытуцыйныя правы на свабоду выказвання меркавання і на свабоду мірных сходаў, гарантаваных міжнароднымі дакументамі, а таксама невінаватых людзей, якія патрапілі пад рэпрэсіі.

КУДЫ І КАМУ ПІСАЦЬ?

Ізалятар часовага ўтрымання УУС Гомельскага аблвыканкама,
вуліца Міжгародняя, 26, г. Гомель, 246012

Блогера Сяргея Ціханоўскага ("Краіна для жыцця") затрымалі 6 траўня. Пасля афіцыйнага каментара МУС стала зразумела, што яго адправілі адбываць 15-сутачнае пакаранне за ўдзел у снежаньскай акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй. Павінен выйсці на волю 21 траўня.

7 траўня асуджаны на 15 дзён актывіст Аляксей Саламошэнка за ўдзел у акцыі "кармленне галубоў" каля нулявога кіламетра ў цэнтры Гомеля 3 траўня. Павінен выйсці на волю 22 траўня.

Стала вядома, што грамадскага актывіста Юрыя Уласава таксама арыштавалі на 15 сутак. Яго затрымалі 7 траўня разам з яшчэ 19 удзельнікамі акцыі ў Гомелі. Усіх, акрамя Уласава, увечары адпусцілі. На волю павінен выйсці 22 траўня.

За кратамі таксама знаходзіцца блогер Іван Рамязоўскі (канал Real Belarus), асуджаны на 15 сутак. На волю павінен выйсці 23 траўня.

Ізалятар часовага ўтрымання УУС Магілёўскага аблвыканкама,
вуліца Крупскай 99Б, г. Магілёў, 212011

Восьмага траўня суд Ленінскага раёна Магілёва адправіў на "суткі" пяць чалавек, якіх затрымалі яшчэ 6 траўня. Гэта каманда "Краіна для жыцця" з аўтадома і жыхары Магілёва, якія адбівалі кіроўцу аўтадома ад міліцыі. Да гэтага часу адбываць арышт працягвае блогер Уладзімір Няронскі ("Слуцк для жыцця"). Ён быў асуджаны на 10 сутак, на волю павінен выйсці 16 траўня.

Суды за ўдзел у магілёўскіх акцыях працягваліся 11 і 12 траўня. За два ў Магілёве адміністрацыйнымі арыштамі пакараныя дзесяць чалавек. Сярод іх — наш сябра і калега праваабаронца-журналіст "Магілёўскай вясны" Аляксандр Буракоў. Яго затрымалі 8 траўня каля суда, дзе ён збіраўся ажыццяўляць маніторынг. Выходныя ён правёў у ІЧУ. 12 траўня суд Ленінскага раёну Магілёва абвінаваціў праваабаронцу ў 2-хвілінным удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і асудзіў на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. На волю ён павінен выйсці 19 траўня.

Рада Праваабарончага цэнтру “Вясна” патрабуе неадкладна вызваліць затрыманага Аляксандра Буракова і спыніць яго пераслед ў сувязі з праваабарончай дзейнасцю.

У магілёўскім ізалятары адбываюць пакаранне яшчэ восем чалавек:

  • падпісчык "Краіны для жыцця" Уладзімір Барэйша — 8 сутак;
  • Стас Расінскі, які "карміў галубоў" — 10 сутак;
  • блогер і журналіст Міхаіл Аршынскі, які вёў стрымы з акцый, — 21 суткі. На волю выйдзе ўвечары 28 траўня;
  • актывіст Станіслаў Паўлінковіч (асудзілі па трох артыкулах) — 15 сутак;
  • Барыс Огнеў — 7 сутак; 
  • Мікіта Ігнашын — 10 сутак; 
  • каардынатар ініцыятывы "За здаровы Магілёў" Андрэй Бодзілеў — 7 сутак;
  • журналіст Алесь Асіпцоў — 10 сутак. На волю выйдзе ўвечары 19 траўня.

У Бабруйску 12 траўня былі суды нібы над удзельнікамі "Антыпараду" 9 траўня. Адбываць пакаранне перавялі ў магілёўскі залятар:

  • Юрый Салаўёў (Ворша) — 10 сутак. На волю выйдзе ўвечары 19 траўня.
  • Андрэй Шуляк (Мінск) — 10 сутак. На волю выйдзе ўвечары 19 траўня.
  • блогер Дзмітрый Цімафееў — 12 сутак. Но волю павінен выйсці 21 траўня.
  • Аляксандр Ярмоленка з Жлобіна — 10 сутак. На волю выйдзе ўвечары 19 траўня.
  • Сяргей Аднамах (в. Бабірова Глускага раёна) — 10 сутак. На волю выйдзе ўвечары 19 траўня.
  • Дзмітрый Вольфсан — 10 сутак. На волю выйдзе ўвечары 19 траўня.

Ізалятар часовага ўтрымання Лідскага РАУС,
вуліца Перамогі, 36, г. Ліда, 231281

Фельчар хуткай дапамогі з Ліды Павел Палейчык затрыманы 7 мая і асуджаны на 7 сутак на наступны дзень. Павінен выйсці на волю 14 траўня.

Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў "несанкцыянаваным мерапрыемстве" — сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім. На той сустрэчы Палейчык распавёў пра цяжкасці, з якімі сутыкаюцца медыкі падчас эпідэміі каранавіруса. Праблемы ў Палейчыка пачаліся яшчэ да гэтай сустрэчы: кіраўніцтву не спадабалася, што ён звярнуўся да валанцёраў з просьбай забяспечыць медыкаў рэспіратарамі.

Таксама 7 сутак прысудзілі жыхару Ліды Андрэю Паляковічу за ўдзел у сустрэчы з блогерам Ціханоўскім. Павінен выйсці на волю 14 траўня.

Вядома таксама, што асудзілі 7-сутачным арыштам яшчэ аднаго фельчара Алега Краўца. На волю павінен выйсці 15 траўня. На суткі адправілі і Максіма Палонскага. Пасля адбыцця 7-сутачнага арышту на волю выйдзе 14 траўня.

11 траўня ў Лідзе асудзілі на 15 сутак Павела Анціпкіна, бацьку чатырох дзяцей. На волю выйдзе раніцай 23 траўня.

Ізалятар часовага ўтрымання Гродзенскага РАУС,
вуліца Гая, 4, г. Гродна, 230010

Гарадзенскаму актывісту Аляксандр Лаўрэнцьеву 8 траўня прысудзілі 7 сутак адміністрацыйнага арышту. Але на волю ён павінен выйсці толькі ўвечары 16 траўня, бо засталіся яшчэ двое неадбытых сутак. Па ўсёй верагоднасці, яго асудзілі, як і іншых, за ўдзел у сустрэчы з блогерам Ціханоўскім, які прыязджаў у Гродна.

Таксама па артыкуле 23.34 КаАП у гродненскім ізалятары працягвае адбываць адміністрацыйны арышт яшчэ Юрый Шока (7 сутак). На волю павінен выйсці 15 траўня.

Ізалятар часовага ўтрымання ў г. Мазыр,

вуліца 17 Верасня, 15, г. Мазыр, 247760

Адміністрацыйным арыштам 11 траўня у Мазыры пакаралі трох чалавек. Працягваюць адбываць пакаранне Вячаслаў Удавенка, асуджаны на 10 сутак, і Александр Цуканаў, якога асудзілі на 25 сутак арышту. Апошняга судзілі па двум адміністрацыйных артыкулах: за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і за непавагу да суда.

Ізалятар часовага ўтрымання ў г. Жлобін,

вуліца Урыцкага, 47, г. Жлобін, 247210

Затрыманага 8 траўня Віталя Грыцкова асудзілі на 15 сутак за "актыўны ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве".

Ізалятар часовага ўтрымання ў г. Орша,

вуліца Энгельса, 25, г. Орша, 211030

У Оршы суд пакараў па арт. 23.34 КаАП 10-сутачным адміністрацыйным арыштам Аляксандра Андрэева і Іллю Ціханава. На волю павінны выйсці 18 траўня.

13 траўня на 12 сутак арышту быў асуджаны Міхаіл Чамурака.

Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) г. Наваполацк,

вуліца Дзяржынскага, 2, г. Наваполацк, 211443

Андрэя Зуева з Наваполацку суд пакараў 7 суткамі арышту. На волі ён будзе ўвечары 15 траўня.

Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) ГУУС Мінгарвыканкама,

завулак 1-й Акрэсціна 36, Мінск, 220089 

У панядзелак, 11 траўня, у Мінску асудзілі на 13 сутак актывіста "Моладзевага блоку" Данілу Лаўрэцкага. 8 траўня "Моладзевы блок" зладзіў акцыю з труной падчас генеральнай рэпетыцыі параду. На волю Даніла Лаўрэцкі павінен выйсці 22 траўня.


У лякарнях знаходзяцца арыштаваны на 10 сутак журналіст з Глыбокага Зміцер Лупач і брэсцкі блогер Сяргей Пятрухін, якога асудзілі на 15 сутак арышту. Імаверна, пасля выпіскі іх адвязуць у ізалятары адбываць пакаранне.

ШТО ПІСАЦЬ?

У гэтым матэрыяле распавядаем, як пісаць лісты ў месцы зняволення, якія ёсць асаблівасці і лайфхакі:

"Хачу напісаць вязню!" Распавядаем, як гэта зрабіць

Мы падрыхтавалі інструкцыю, для тых, хто хоча напісаць арыштаваным, але не ведае з чаго пачаць.

А як яшчэ можна падтрымаць арыштаваных?

Напрыклад, "Беларуская асацыяцыя журналістаў" заклікае матэрыльна падтрымаць на molamola.by арыштаваных журналістаў Міхаіла Аршынскага, Аляксандра Буракова, Алеся Асіпцова і Зміцера Лупача. Сродкі патрэбныя ім, у тым ліку, для кампенсацыі выдаткаў, звязаных з утрыманнем пад вартай і абскарджаннем судовых рашэнняў. Усе сабраныя сродкі будуць падзеленыя пароўну і перададзеныя журналістам. 

Матэрыяльна падтрымаць арыштаваных журналістаў з дапамогай банкаўскай карткі можна ТУТ.

Акрамя таго, акрыты агульны збор сродкаў для рэпрэсаваных за апошні тыдзень актывістаў, якія выходзілі на плошчы "карміць галубоў", і прыхільнікаў "Краіны для жыцця". 

Усе падрабязнасці па спасылцы: https://molamola.by/cmp/Ijp 

Таксама запушчаны асобны збор сродак для брэсцкіх актывістаў на molamola.by. Падрабязнасці ТУТ.


Інфармацыя па затрыманым удакладняецца і дапаўняецца. Калі вас ці вашых знаёмых затрымалі ці выклікаюць у міліцыю з нагоды ўдзелу ў акцыях пратэсту, просім звяртацца да праваабаронцаў: pierasled@spring96.org (грамадская прыёмная), маб.: +37529 841 39 81 (грамадская прыёмная), па гэтым жа нумары Signal, WhatsApp, Telegram.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства