viasna on patreon

Суды ў Віцебскім рэгіёне: актывістам даюць суткі і штрафы Дапоўнена

2020 2020-05-11T12:17:14+0300 2020-05-11T23:38:24+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sudy_orsha_11.05.2020.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

З раніцы 11 траўня па ўсёй краіне адбываюцца суды над затрыманымі ў пятніцу і за выходныя актывістамі і актывісткамі, які выходзілі на "кармленне галубоў" у сваіх гарадах ці сустракаліся з камандай блогера Сяргея Ціханоўскага. 

У Віцебскай вобласці пад пераслед патрапіла каля 20 чалавек, на якіх міліцыянеры склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. 

Віцебск

У Віцебску было затрымана восем чалавек. Віцебскі сябар Партыі БНФ Аляксандр Ільінец быў змешчаны ў ІЧУ да суда. Лёс яшчэ пецярых затрыманых удакладняецца.

Разгляд адміністрацыйных справаў павінен адбыцца 11 траўня ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску. Як паведамляе "Віцебская Вясна", калі дакладна пачнецца суд – невядома. Але вядома, што затрыманых за адміністрацыйныя правапарушэнні зараз у памяшканне суду не прывозяць – паседжанні праводзяцца ў анлайн-рэжыме: абвінавачаны застаецца ў ІЧУ, з суддзёй ён кантактуе праз скайп.

Тыя ж, хто хоча падтрымаць абвінавачаных, могуць знаходзіцца ў судовай залі і слухаць працэс, пры гэтым экран камп'ютара павернуты да суддзі.

Аляксандра Ільінца асудзілі да 5 сутак арышту. Ён заявіў на судзе, што за трое сутак, якія правёў у ізалятары, у яго пагоршыўся стан здароўя – ён зноў пачаў кашляць. Адміністрацыйную справу разглядала судзьдзя Алена Цыганкова.

Полацк

У Полацкім судзе плануюцца разгляды спраў затрыманых людзей за выходныя. Аднак ніякія пасяджэнні на дошцы ў судзе не пазначаныя. 

Сярод затрыманых да суда Віталь Бялевіч. Яго жонка паведаміла, што суд над ім адбудзецца ў 14.30 у будынку РАУС. Вядома, што ў дачыненні да Наталлі Карэлінай таксама быў складзены пратакол. 

Сваякам сказалі, што суд будзе анлайн. Затрыманым не даюць азнаёміцца са справамі і не выклікаюць адвакатаў.

Стала вядома, што Віталю Бялевічу прысудзілі штраф у 8 базавых велічынь

Наваполацк

 У Наваполацку павінны адбыцца суды над Аленай Гурчонак і Андрэем Зуевым.

Алена Гурчонак паведаміла TUT.BY, што яе і яшчэ адну жанчыну вінавацяць па арт. 23.34 КаАП за "кармленне галубоў" 3 траўня. Адпаведны пратакол быў складзены міліцыянерам прама на працы Алены. Судзіць яе будуць у 10 гадзін раніцы 21 траўня. Калі адбудзецца адміністрацыйны працэс па справе другой жанчыны пакуль невядома.

Андрэй Зуеў да суда знаходзіўся ў ІЧУ. Суддзя Віталь Лапко пакараў Андрэя Зуева 7 суткамі арышту. Як маёр міліцыі паведаміў ягонай жонцы, яна можа сустракаць мужа на волі 15 траўня а 20.45.

Орша

Каля 30 чалавек сабралося ў будынку суда Аршанскага раёна. Тут сёння судзяць Іллю Ціханава і Аляксандра Андрэева, якіх затрымалі 9 траўня і да суда змясцілі ў ІЧУ.

sudy_orsha_11.05.2020.jpeg
Людзі прыйшлі падтрымаць затрыманых у суд Аршанскага раёну

Прысутных не пускаюць на паседжанні, яны патрабуюць кніг скаргаў і прапаноў, а таксама паклікаць старшыню суда.

Жонка Аляксандра Андрэева крычыць, што ў яе двое дзяцей дома, а яна не ведае пра лёс мужа.

Выстраілася чарга да кнігі скаргаў, плануюць пакінуць парадка 10 запісаў.

sudy_orsha_11.05.2020_1.jpeg
Жонка Аляксандра Андрэева пакідае запіс ў кнізе скаргаў і прапаноў суда Аршанскага раёна

Як паведаміла жонка Аляксандра Андрэева, суддзя Дзмітры Разумовіч асудзіў мужчыну на 10 сутак арышту за адміністрацыйнае правапарушэнне па арт. 23.34 КаАП.

Іллю Ціханава таксама пакаралі арыштам у 10 сутак.

Таксама складзены адміністрацыйны пратакол на Алену Мірашнічэнка за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Суд над ёй прызначаны на 12 траўня ў 14.30

Глыбокае

Раніцай у судзе Глыбоцкага раёна пачаліся суды. Журналіста-фрылансера Змітра Лупача, які ўтрымліваўся ў ІЧУ ўсе выходныя, абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі (арт. 23.34 КаАП).

Як паведамляе БАЖ, суддзя Дзмітрый Тарасевіч агучыў, што Змітра Лупача судзяць паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП — за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ. Але Зміцер Лупач заявіў хадайніцтва, каб яго судзілі адразу па двух артыкулах: таксама і паводле артыкула 23.34 КаАП — па абвінавачанні за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. 

sud-glybokae.jpg
Суд над Змітром Лупачам. Фота БАЖ

8 траўня супрацоўнікі Глыбоцкага райаддзела міліцыі забралі Змітра Лупача ў пастарунак і склалі на яго адміністрацыйны пратакол за сустрэчу з блогерам Сяргеем Ціханоўскім. Там ён выказваў сваё меркаванне пра жыццё ў краіне, а менавіта ў Глыбокім на камеру блогера.

Потым журналіст заявіў яшчэ адно хадайніцтва, ён хацеў азнаёміцца са справай і папрасіў на гэта сем хвілін. Суддзя прызначыў перапынак на дзесяць хвілін.

Пасля перапынку Зміцер Лупач агучыў новае хадайніцтва пра заключэнне дамовы з адвакатам з Віцебска альбо Мінска. На што суддзя Дзмітрый Тарасевіч спачатку сказаў, што ў такім выпадку суд перанясецца на сераду. Але потым аб’явіў перапынак: паведаміў, што на гэта ён журналісту дае некалькі гадзін. Працэс працягнецца ў 16:00.

Пасля перапынку ў судзе да Змітра Лупача прыехаў адвакат. Ён знайшоў шмат хібаў у справах і папрасіў суддзю адправіць іх на дапрацоўку, але суддзя быў непахісны і агучыў свой вердыкт.

У выніку Зміцера Лупача арыштавалі на 10 сутак паводле арт. 23.34 КаАП і аштрафавалі на 45 базавых велічынь паводле арт. 22.9 КаАП. 

На 10 гадзін раніцы позвы ў суд атрымалі Данііл Ермаковіч і Людміла Барэйка, якіх вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Як паведамляе Радыё Рацыя, па 10 базавых велічыняў штрафу (270 беларускіх рублёў) атрымалі пенсіянеры Людміла Барэйка і Данііл Ермаковіч за сустрэчу з блогерам Сяргеем Ціханоўскім.

sud-glybokae-2.jpg
Людміла Барэйка і Данііл Ермаковіч

Іх асудзілі па частцы 1 артыкула 23.34 КаАП суддзі Глыбоцкага раённага суда Людміла Вашчанка і Станіслаў Трапук адпаведна. А вінавацілі пенсіянераў у тым, што быццам яны ўчынілі пікетаванне і выказалі сваё меркаванне без дазволу Глыбоцкага райвыканкама. І Людміла Барэйка, і Данііл Ермаковіч збіраюцца абскарджваць пастановы Глыбоцкага раённага суда ў вышэйшай інстанцыі. Яны не лічаць сябе вінаватымі.

Паставы

У судзе Пастаўскага раёна адбудзецца суд над Андрэем Новікавым. Ён быў затрыманы 8 траўня і да суда змешчаны ў ІЧУ. 

Інфармацыя пра суды будзе ўдакладняцца і дапаўняцца.


Калі вас ці вашых знаёмых затрымалі, ці выклікаюць у міліцыю з нагоды ўдзелу ў акцыях пратэсту, просім звяртацца да праваабаронцаў:  pierasled@spring96.org (грамадская прыёмная), маб.: (029) 841 39 81 (грамадская прыёмная), у тым ліку Signal, WhatsApp, Telegram.

Поўны спіс затрыманых прыхільнікаў блогера Ціханоўскага і іншых актывістаў

Восьмага траўня ў Беларусі працягваюцца затрыманні і выклікі ў міліцыю прыхільнікаў затрыманага блогера Сяргея Ціханоўскага, а таксама тых, хто пачаў выходзіць па нядзелях на галоўныя плошчы сваіх гарадоў і карміць галубоў у знак салідарнасці з экалагічнымі актывістамі Брэста. Затрыманні не спыніліся і 9 траўня - людзей забіраюць з дамоў ці спыняюць па дарозе ў Бабруйск, дзе запланавана правядзенне "Антыпараду".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства