viasna on patreon

Беларусь: Абвяшчэнне прэзідэнцкай кампаніі азмрочанае пераследам мірных пратэстоўцаў

2020 2020-05-13T15:13:05+0300 2020-05-13T15:38:59+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/img_1205-min-scaled.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Затрыманні пратэстоўцаў у Гомелі. Фота Белсат

Затрыманні пратэстоўцаў у Гомелі. Фота Белсат

Парыж-Жэнева-Мінск, 13 траўня 2020 г. 

На фоне абвяшчэння прэзідэнцкіх выбараў, прызначаных на 9 жніўня, у Беларусі адбываюцца шырокамаштабныя рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці. За мінулы тыдзень улады адвольна затрымалі больш за 100 мірных дэманстрантаў па ўсёй Беларусі. Яны атрымалі адміністрацыйныя штрафы і арышты.

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў (FIDH-OMCT) і Праваабарончы цэнтр "Вясна" заклікаюць беларускія ўлады спыніць пераслед мірных актывістаў грамадзянскай супольнасці і вызваліць затрыманых.

На мінулым тыдні ў Беларусі былі абвешчаныя прэзідэнцкія выбары, якія адбудуцца 9 жніўня. У гэтым кантэксце па ўсёй краіне прайшла хваля мірных пратэстаў супраць палітыкі, якую праводзіць урад. Улады адказалі на акцыі пратэсту масавымі затрыманнямі, якія парушаюць права на свабоду выказвання меркаванняў і мірных сходаў, замацаванае ў артыкулах 19 і 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП), ратыфікаванага Беларуссю ў 1973 годзе.

6 траўня міліцыя адвольна затрымала блогера і актывіста Сяргея Ціханоўскага пасля таго, як ён заявіў пра намер балатавацца ў прэзідэнты і арганізаваў сустрэчу са сваімі прыхільнікамі. Дзясяткі прыхільнікаў Ціханоўскага выйшлі на вуліцы ў знак пратэсту супраць яго затрымання і ў наступныя дні самі сталі ахвярамі адвольных затрыманняў. Прынамсі 38 чалавек былі аштрафаваныя альбо асуджаныя да 15 сутак арышту па абвінавачванні ў парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў (артыкул 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях). Сярод затрыманых - актывіст "Вясны" Аляксандр Буракоў.

“За апошні месяц улады ўзмацнілі рэпрэсіі супраць нашай арганізацыі: яны адвольна затрымалі трох нашых актывістаў і распачалі праверкі супраць дваіх іншых. Улады аказваюць ціск на нашых калегаў, выкарыстоўваючы яго як помсту за іх грамадзянскую дзейнасць па абароне правоў беларусаў на здаровае асяроддзе, на мірныя сходы і доступ да інфармацыі", - выказвае шкадаванне віцэ-прэзідэнт FIDH Валянцін Стэфановіч.

Двое актывістаў "Вясны", Алена Маслюкова і Уладзімір Вялічкін, сталі ахвярамі судовага пераследу ў кантэксце рэпрэсій супраць экалагічных пратэстных рухаў у розных гарадах Беларусі. Алена Маслюкова знаходзіцца пад пагрозай крымінальнага пераследу, звязанага з яе дзейнасцю супраць будаўніцтва завода беленай цэлюлозы ў Светлагорску. 10 траўня Уладзімір Вялічкін быў адвольна затрыманы падчас назірання за акцыяй пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў Брэсце.

Імкнучыся павялічыць шанцы дзеючага прэзідэнта Лукашэнкі на пераабранне, улады правялі штогадовы парад у Дзень Перамогі і схавалі ад сродкаў масавай інфармацыі і грамадскасці факты аб пандэміі каранавіруса, падвяргаючы небяспецы здароўе насельніцтва.

Старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі параўнаў палітыку беларускага ўрада з палітыкай савецкіх эліт:

“Савецкія кіраўнікі правялі дэманстрацыю ў 1986 годзе, нягледзячы на аварыю на Чарнобыльскай АЭС, ад якой моцна пацярпела Беларусь. Такім жа чынам цяперашнія ўлады Беларусі пераследуюць свае палітычныя мэты і грэбуюць здароўем і палітычнымі свабодамі грамадзянаў Беларусі, задушваючы крытыку з боку грамадзянскай супольнасці”.

8 траўня, у знак пратэсту супраць рашэння ўладаў аб правядзенні парада, нягледзячы на пандэмію, актывісты “Моладзевага блока” - кааліцыі маладых кандыдатаў у беларускі парламент - пранеслі труну па праспекце Незалежнасці, дзе праходзіла рэпетыцыя парада. Напярэдадні на плошчы Перамогі адбылася іншая акцыя пратэсту: на фоне шыльды з надпісам "Подзвіг народа бессмяротны" актывісты разгарнулі плакат з надпісам "А мы не". Пасля былі затрыманыя чацвёра актывістаў; двое з іх, Даніла Лаўрэцкі і Лізавета Пракопчык, былі асуджаныя адпаведна на 13 і 5 сутак арышту за парушэнне ўстаноўленага парадку правядзення масавых мерапрыемстваў (артыкул 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях).

“У кантэксце выбарчай кампаніі выклікае вялікую трывогу масавы пераслед грамадзянскай супольнасці, у тым ліку ПЦ "Вясна", адной з вядучых праваабарончых арганізацый у краіне, якая забяспечыла незалежнае назіранне падчас папярэдніх выбараў. Магчымасці назірання за выбарамі незалежнымі міжнароднымі назіральнікамі абмежаваныя ў сувязі з пандэміяй. Улічваючы шматгадовую гісторыю парушэння правоў чалавека з боку ўладаў Беларусі і аўтарытарны характар улады, гэтыя падзеі прымушаюць нас баяцца, што з набліжэннем выбараў сітуацыя з палітычнымі свабодамі ў Беларусі толькі пагоршыцца", - заявіў генеральны сакратар OMCT Джэральд Стэйброк.

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў (FIDH-OMCT) і ПЦ “Вясна” заклікаюць беларускія ўлады выконваць свае міжнародныя абавязальніцтвы, вызваліць затрыманых актывістаў і пакласці канец пераследу мірных удзельнікаў акцый, у тым ліку сябраў ПЦ “Вясна”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства