viasna on patreon

Вярхоўны суд Кыргызстана пакінуў у сіле прысуд праваабаронцу Азімжана Аскарава

2020 2020-05-14T12:31:11+0300 2020-05-14T12:31:11+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/askarov_az.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Азімжан Аскараў на пасяджэнні суда ў Бішкеку. 10 студзеня 2017 года. Фота Радыё Свабоды Кыргызстана

Праваабаронца Азімжан Аскараў на пасяджэнні суда ў Бішкеку. 10 студзеня 2017 года. Фота Радыё Свабоды Кыргызстана

Вярхоўны суд Кыргызстана 13 траўня, разгледзеўшы касацыйную скаргу праваабаронцы Азімжана Аскарава, пакінуў у сіле прысуд аб пажыццёвым пазбаўленні волі, перадае Кыргызская рэдакцыя Радыё Свабоды.

Пасяджэнне праходзіла без удзелу прэсы, журналісты назіралі за працэсам па маніторы. Азімжана Аскарава ў суд не дастаўлялі.

Перад разглядам касацыйнай скаргі міжнародныя арганізацыі і праваабаронцы ў чарговы раз заклікалі ўлады Кыргызстана вызваліць Азімжана Аскарава.

Адвакат Аскарава Валяр'ян Вахітаў прасіў суддзяў спыніць крымінальную справу ў дачыненні да Аскарава і вызваліць яго.

"Хутка ўжо будзе 10 гадоў, як Аскараў знаходзіцца ў зняволенні. Яму амаль 70 гадоў, ён хварэе. З улікам прынцыпу гуманізму і справядлівасці, і ў мэтах выканання ўзятых на сябе абавязацельстваў па Факультатыўным пратаколе да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, Венскай канвенцыі аб праве міжнародных дагавораў прашу спыніць крымінальную справу", - заявіў адвакат.

13 траўня перад будынкам Вярхоўнага суда сабралася блізу 20 чалавек, праціўнікаў вызвалення праваабаронцы. Яны паведамілі, што з'яўляюцца сваякамі загінулых у чэрвеньскіх падзеях у 2010 годзе і патрабуюць пакінуць у сіле прысуд.

Талекан Ісмаілава ў судзе. Фота: Айдай Экребаева / Медиазона
Талекан Ісмаілава ў судзе. Фота: Айдай Экрабаева / Медыязона

Праваабаронца Талекан Ісмаілава распавяла "Медыязоне", што суддзі не прынялі довады абароны, таму што "гэта паказчык беспакаранасці" сапраўдных вінаватых:

"Занадта шмат палітыкаў, чыноўнікаў і бандытаў былі задзейнічаныя падчас чэрвеньскіх [падзей]. І тое, што мы баімся натоўпу, можа адгукнуцца праз некалькі гадоў. Таму што невінаватыя людзі сядзяць у турмах. Гэта не Аскараў, гэта рэальны Кыргызстан".

Яна распавяла, што абарона Аскарава будзе абскарджваць рашэнне Вярхоўнага суда ў Камітэце ААН.

Этнічны ўзбек Азімжан Аскараў займаўся праваабарончай дзейнасцю і журналістыкай. Яго затрымалі пасля сутыкненняў паміж кыргызамі і ўзбекамі на поўдні Кыргызстана ў 2010 годзе, прад'явіўшы абвінавачванне ў арганізацыі беспарадкаў і саўдзеле ў забойстве супрацоўніка міліцыі. Суды розных інстанцый пакінулі прысуд аб пажыццёвым зняволенні ў сіле.

У справаздачы міжнароднай праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch ад 11 мая адзначаецца, што суды Кыргызстана не выконваюць рэкамендацыю Камітэта ААН па правах чалавека адносна справы Азімжана Аскарава. У 2016 годзе Камітэт ААН прыйшоў да высновы, што затрыманне праваабаронцы незаконнае, адзначыўшы, што яму адмаўляюць у праве на справядлівы суд.

Праваабарончая арганізацыя Amnesty International, каментуючы рашэнні судоў Кыргызстана ад 2019 года, заявіла, што "улады Кыргызстана ў чарговы раз прадэманстравалі грэбаванне да фундаментальных правах чалавека".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства