viasna on patreon

За фота каля дома БНР маладафронтаўцаў аштрафавалі на 150 базавых

2020 2020-05-15T13:10:59+0300 2020-05-15T13:17:51+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/malady_front.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Cуд Маскоўскага раёна Мінска 15 траўня разглядзеў адміністрацыйныя справы маладафронтаўцаў Дзяніса і Максіма Урбановічаў, Віталя Трыгубава паводле артыкула 23.34 КаАП (парушэнне арганізацыі ці правядзення масавых арганізацый) за пікет 25 сакавіка. 

malady_front.jpg
Фота з сацыяльных сетак

Такім пікетам міліцыянты з РУУС Маскоўскага раёна Мінска палічылі ўскладанне кветак 25 сакавіка да будынку, дзе была абвешчана незалежнасць БНР, і фотаздымак з бел-чырвона-белым сцягам, зроблены тады ж. У матэрыялах справы гэты фотаздымак фігураваў як асноўны доказ іх віны. Прычым Максіму Урбановічу ў віну ставіцца тое, што ён трымаў нават не сцяг, а шалік з гербам “Пагоня” і надпісам “Беларусь жыве вечна”. 

Суддзя суда Маскоўскага раёна Мінска Таццяна Мотыль прызнала вінаватымі трох маладафронтаўцаў па артыкулам 23.34 КаАП і вынесла рашэнне аштрафаваць Дзяніса і Максіма Урбановічаў, Віталя Трыгубава на 50 базавых кожнага (па 1350 рублёў). У выніку за фота ў сацыяльных сетках маладафронтаўцы атрымалі 150 базавых велічыняў на траіх.

Нагадаем, гэта не першы выпадак, калі ўскладанне кветак расцэньваецца як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. У кастрычніку мінулага года тых жа маладафронтаўцаў – Дзяніса Урбановіча і Віталя Трыгубава асудзілі на 40 базавых велічынь штрафу кожнаму за ўскладанне кветак да помніка Янкі Купалы. Пратакол тады таксама быў складзены на падставе фота, зробленага актывістамі каля помніка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства