viasna on patreon

Суткі, штрафы, затрыманні. У Беларусі працягваецца пераслед удзельнікаў акцый

2020 2020-05-15T15:12:54+0300 2020-05-15T17:59:36+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vileika_67.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У пятніцу, 15 траўня, па ўсёй Беларусі працягваюцца суды над людзьмі, якія выходзілі на мясцовыя акцыі пратэсту: у падтрымку экаактывістаў Берасця ("кармленне галубоў") і ў падтрымку блогера Сяргея Ціханоўскага, а таксама над людзьмі, якія выказваліся пра сацыяльныя праблемы ў стрымах блогера Ціханоўскага.

Травеньскі тыдзень затрыманняў і арыштаў. Лічбы, факты, геаграфія

У Беларусі ў перыяд з 6 траўня былі затрыманы каля 120 чалавек, якія прыходзілі на сустрэчу з блогерам Сяргеем Ціханоўскім, выходзілі на акцыі ў яго падтрымку пасля затрымання блогера ці ўдзельнічалі ў іншых акцыях пратэсту, такіх як "кармленне галубоў" ці акцыя "Моладзевага блоку" ў Мінску.

Орша

У Оршы асудзілі Дзмітрыя Рышкевіча за тое, што выказаўся ў стрыме блогера Сяргея Ціханоўскага. Супрацоўнікі аршанскай міліцыі склалі пратакол за 18 красавіка. Суд аршанскага раёна і горада Оршы аштрафаў актывіста на 20 базавых велічыняў (540 рублёў). 

Як паведаміў праваабаронца "Вясны" Ігар Казмерчак, Дзмітрыя Рышкевіча ў ноч з 14 на 15 траўня пратрымалі ў кабінеце бараньскага пастарунку без складання пратаколу. Праваабаронца лічыць такія дзеянні міліцыянтаў незаконнымі, таму будуць абскарджваць іх з Дзмітрыем Рышкевічам.

Вілейка

vileika_67.jpg
Андрэй Каўзановіч

У Вілейскім судзе 15 траўня адбылося судовае паседжанне па адміністрацыйнай справе Андрэя Каўзановіча. Яго прызналі вінаватым па артыкуле 23.34 КаАП (удзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве) за тое, што 20 красавіка даў інтэрв'ю блогеру Ціханоўскаму. Суддзя Борыс пакарала Андрэя Каўзановіча штрафам 25 базавых велічыняў (675 рублёў). 

Мінск

У Мінску пачаліся адміністрацыйныя працэсы над прыхільнікамі Ціханоўскага, якія былі гвалтоўна затрыманы 6 траўня каля гандлёвага цэнтру MILE на Далгінаўскім тракце. Нагадаем, тады каля 20 чалавек прыехала на стаянку каля ГЦ, каб потым разам зладзіць аўтапрабег па МКАД у падтрымку затрыманага ў той дзень блогера. Аднак ажыццявіць наўмыснае яны не паспелі, бо былі затрыманы. 19 чалавек даставілі ў РУУСы Цэнтральнага і Першамайскага раёнаў, склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (23.34 КаАП) і за непадпарадкаванне міліцыі (арт. 23.4 КаАП) і позна ўвечары адпусцілі.

Суд Цэнтральнага раёна Мінска 15 траўня асудзіў Аляксандра Ахрэмчука (затрыманага каля Mile) па двум пратаколам (артыкулы 23.34 і 23.4 КаАП) агулам на 45 базавых велічыняў (1215 рублёў). Судзіла яго суддзя Вікторыя Шабуня, вядомая па вынясенню палітычна-матываваных рашэнняў грамадскім актывістам.

Таксама вядома, што ў гэтым судзе быў асуджаны яшчэ адзін паплечнік блогера Сяргея Ціханоўскага Аляксандр (прозвішча высвятляецца). Яго асудзілі на 50 базавых штрафу (1350 рублёў).

Таксама за сход грамадзян каля Mile суд Першамайскага раёна Мінска асудзіў Віталя Грабенчука паводле двух адміністрацыйных артыкулаў на 50 базавых штрафу (1350 рублёў).

Уладзіміра Міціна будуць судзіць 20 траўня ў 10:30 у судзе Мінскага раёна за тое, што ён нібы ўдзельнічаў у стрыме Ціханоўскага і выказваўся наконт праблемы захавання леса ў Бараўлянах.

У Мінску жорстка затрымалі як мінімум 19 чалавек, якія хацелі падтрымаць Ціханоўскага

Увечары шостага траўня каля гандлёвага цэнтру MILE на Далгінаўскім тракце АМАП і міліцыянты ў цывільным затрымалі як мінімум 19 чалавек, якія прыехалі туды падтрымаць затрыманага блогера Сяргея Ціханоўскага. Яны хацелі сфарміраваць калону для аўтапрабегу па МКАД.

Магілёў

У Магілёве ў 14:00 ў судзе Кастрычніцкага раёна адбыўся суд над актывістам Народнай грамады Васілём Курушыным. Яго затрымалі 14 траўня ў другой палове дня. Суддзя Пушкіна прызнала яго вінаватым па артыкуле 23.34 КаАП і асудзіла на 7 сутак адміністрацыйнага арышту

Сёння ў Магілёве таксама затрымалі сябра Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Буракова.

Затрыманы праваабаронца "Вясны" Алесь Буракоў

У пятніцу, 15 мая, у 11 гадзін супрацоўнікі міліцыі затрымалі сябра магілёўскага аддзялення "Вясны" Алеся Буракова (Сашу Райкана). Яго затрымалі на кватэры, дзе ён жыў. Супрацоўнікі міліцыі павезлі праваабаронцу ў Ленінскае РАУС Магілёва. Імаверна, яго будуць апытваць па акцыях, якія праходзілі ў Магілёве 5 і 6 траўня.

Брэст

У Брэсце працягваюць судзіць праціўнікаў завода АКБ, якія кожную нядзелю выходзяць на цэнтральную плошчу горада на акцыю па "кармленні галубоў". 15 траўня суд аштрафаў актывіста Юрыя Калько на 30 базавых велічыняў (810 рублёў). Яго адпусцілі на волю. Да суда ён знаходзіўся ў ізалятары. 

Актывісту Валерую Фамінскаму прызначылі суд на 18 траўня. Да сённяшняга дня ён таксама ўтрымліваўся ў ізалятары. У 13:00 яго вызвалілі, бо скончыўся 72-гадзінны тэрмін затрымання.

Таксама сёння асудзілі праваабаронцу "Вясны" Уладзіміра Вялічкіна, які трое сутак прасядзеў у ІЧУ. Негледзячы на тое, што праваабаронца ажыццяўляў маніторынг мірных сходаў ужо другі раз яго аштрафавалі. Сёння — на 30 базавых велічыняў (810 рублёў). 12 траўня Уладзіміра Вялічкіна суд аштрафаваў на 50 базавых велічыняў (1350 рублёў).

Другі суд над затрыманым праваабронцам “Вясны” Уладзімірам Вялічкіным скончыўся яшчэ адным штрафам

Сёння, 15 траўня, у судзе Ленінскага раёна г. Брэста нарэшце распачалося судовае паседжанне у дачыненні да сябры ПЦ “Вясна” Уладзіміра Вялічкіна.

Ліда

Як паведамляе "Гарадзенская вясна", у Лідзе 15 траўня быў затрыманы актывіст Аляксей Барматаў. Некалькі дзён таму, падчас масавых затрыманняў удзельнікаў сустрэчы з блогерам Ціханоўскім у Лідзе, Аляксей Барматаў не пусціў міліцыю ў хату і застаўся на свабодзе. Тады міліцыя прыходзіла нібыта па скарзе суседзяў. Міліцыя ўвесь час дзяжурыла пад хатай актывіста. Сёння актывіст накіраваўся на працу, але яго затрымалі супрацоўнікі міліцыі.

Гомель

Віялета Майшук з Гомеля паведаміла 15 траўня ў 16:20, што супрацоўнікі міліцыі хочуць забраць яе з працы нібы для складання пратаколу за ўдзел у гомельскай акцыі 7 траўня. Супрацоўнікі міліцыі ўсё ж такі затрымалі Віялету і адвезлі ў РАУС Цэнтральнага раёна г. Гомеля. Як мяркуе праваабаронца "Вясны" Леанід Судаленка, верагодна, да суда ў панядзелак дзяўчыну затрымаюць.

Таксама гомельскія супрацоўнікі міліцыі пераследуюць Дзмітрыя Лукомскага.

Нагадаем, 7 траўня ў Гомелі акцыя ў падтрымку блогера Сяргея Ціханоўскага скончылася затрыманнямі. На плошчы Леніна ў Гомелі на акцыю ў падтрымку затрыманага блогера Сяргея Ціханоўскага сабралася некалькі дзясяткаў чалавек. Да прысутных падышлі сілавікі і папярэдзілі, што мерапрыемства несанкцыянаванае. Хвілін праз 30 пасля пачатку акцыі людзі сталі разыходзіцца. Тады пад'ехаў аўтобус, з якога з'явіліся супрацоўнікі Амапа — пачаліся затрыманні. Па словах відавочцаў, затрымлівалі ўсіх запар. Былі затрыманыя, у тым ліку журналісты TUT.BY і "Камсамольскай праўды ў Беларусі". Паводле дадзеных "Радыё Свабода", тады было затрымана ад 20 да 30 чалавек.

Новыя затрыманні прыхільнікаў блогера Ціханоўскага прайшлі ў розных гарадах краіны

Сёмага траўня ў розных гарадах краіны працягнуўся пераслед грамадзян, якія ў апошнія дні выходзілі на мясцовыя акцыі пратэсту: у падтрымку экаактывістаў Брэста (“кармленне галубоў”) і ў падтрымку Сяргея Ціханоўскага. Не абыйшлося і без жорсткіх затрыманняў.

Глыбокае

Як паведамляе "Беларуская асацыяцыя журналістаў", 15 траўня журналісту-фрылансеру з Глыбокага Змітру Лупачу патэлефанавалі з міліцыі і сказалі, каб ён сёння ж явіўся ў пастарунак для адбыцця пакарання — 10 сутак адміністрацыйнага арышту, прызначанага Глыбоцкім раённым судом 11 траўня. Тады пасля судовага слухання журналіст адчуў сябе дрэнна, з будынку суда яго забрала хуткая дапамога, некалькі дзён ён правёў у рэанімацыі. Паводле судовай пастановы, якую Змітру Лупачу ўручылі 13 траўня, суд зрабіў адтэрміноўку адбыцця пакарання, прыняўшы да ўвагі пагаршэнне ў яго стану здароўя.

Услед за тэлефанаваннем да Змітра Лупача прыехаў старшы лейтэнант міліцыі Шаркаўшчынскага РАУС Уладзімір Чапулёнак і склаў на яго чарговы пратакол паводле артыкула 22.9 КаАП. Гэтым разам падставай стаў сюжэт на тэлеканале “Белсат” пра сітуацыю з каранавірусам у Шаркаўшчыне. Міліцыянт паведаміў, што разгляд справы прызначаны на 26 траўня ў 10:00 у Шаркаўшчынскім раённым судзе.


Праваабарончая супольнасць Беларусі 15 траўня выступіла з заявай, у якой выказвае свой пратэст і патрабуе ад уладаў Рэспублікі Беларусь неадкладнага спынення рэпрэсій супраць удзельнікаў мірных сходаў, праваабаронцаў і журналістаў і вызвалення ўсіх, хто адбывае арышт. Таксама праваабарончыя арганізацыі Беларусі заклікаюць улады да выканання сваіх абавязкаў у галіне правоў чалавека, якія вынікаюць з ратыфікаваных Рэспублікай Беларусь міжнародных нормаў, Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека і Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

"Прымяніўшы штрафы і арышты за ўдзел у мірных пратэстах і іх асвятленне, улады парушылі правы на свабоду выказвання меркавання і мірных сходаў, прадугледжаных артыкуламі 19 і 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах", — гаворыцца ў супольнай заяве праваабаронцаў.

Патрабуем вызваліць арыштаваных і спыніць адміністрацыйны пераслед за ўдзел у мірных сходах у траўні 2020 года

У траўні 2020 году ўлады Беларусі пачалі шырокія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці. Па ўсёй Беларусі былі адвольна затрыманыя і асуджаныя да штрафаў і арыштаў больш за 120 чалавек. Праваабарончая супольнасць Беларусі патрабуе спыніць пераслед мірных дэманстрантаў, праваабаронцаў і журналістаў і вызваліць тых, хто адбывае арышт.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства