viasna on patreon

На мінчука завялі справу за размяшчэнне ў сацсетках фільма Nexta

2020 2020-05-18T11:56:03+0300 2020-05-18T12:26:47+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/mihalevich_78.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Дзевятнаццацігадовага мінчука Андрэя Міхалевіча выклікалі ў міліцыю за размяшчэнне ў сацыяльнай сетцы "Вконтакте" фільма Nextа "Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы", які 21 лістапада 2019 года быў прызнаны экстрэмісцкім матэрыялам. Нягледзячы на тое, што мінчук размясціў ролік за месяц да ўнясення яго ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, на яго ўсё роўна завялі адміністрацыйную справу па артыкуле 17.11 КаАП (Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць).

Андрэй Міхалевіч. Фота прадастаўлена для spring96.org
Андрэй Міхалевіч. Фота прадастаўлена для spring96.org

Апытваў мінчука ў межах адміністрацыйнага працэсу ўчастковы А. Шалай з апорнага пункта аховы правапарадку №58 Кастрычніцкага РУУС на Жукоўскага 6/1. Таксама ён правёў прафілактычную гутарку з Андрэем Міхалевічам аб недапушчэнні распаўсюджвання падобнага роду інфармацыі, і растлумачыў адказнасць за дадзенае правапарушэнне. Па ч.2 артыкула 17.11 КаАП прадугледжана накладанне штрафу да 50 базавых велічыняў (540 рублёў) або адміністрацыйны арышт.

Андрэй Міхалевіч размясціў відэаролік "Вконтакте" яшчэ 28 кастрычніка 2019 года. У той час як рашэнне суда Цэнтральнага раёна г. Мінска аб прызнанні гэтага фільму экстрэмісцкім ўступіла ў законную сілу 7 снежня 2019 года. 

Мінчук распавядае, што ён апублікаваў гэты фільм у кастрычніку і забыўся на яго. Калі 15 траўня супрацоўнікі міліцыі патэлефанавалі яму, ён адразу яго выдаліў.

"Я выклаў у публічны доступ на сваёй старонцы відэаматэрыял з мэтай падзяліцца дадзенай інфармацыяй з грамадскасцю, так як займаю актыўную грамадзянскую пазіцыю, і я лічу дадзены відэаролік цікавым для мяне. Я не меў паняцці, што дадзены ролік мог быць унесены ў рэестр", — растлумачыў ўчастковаму дзевятнаццацігадовы мінчук.

Справу аб адміністрацыйным правапарушэнні па артыкуле 17.11 КаАП Андрэя Міхалевіча на днях павінны перадаць у суд.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства