viasna on patreon

У Беларусі тыдзень пачынаецца з новых пратаколаў, судоў і сутак Дапоўнена

2020 2020-05-18T16:35:00+0300 2020-05-18T19:15:25+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sudi_ill.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Па апошніх дадзеных праваабаронцаў “Вясны”, у перыяд з 6 траўня у Беларусі 55 чалавек атрымалі агулам больш за 500 сутак арышту. Яшчэ больш за 30 чалавек былі аштрафаваныя на агульную суму, якая перавышае 13000 долараў. І гэтыя лічбы неканчатковыя. Суды над удзельнікамі сустрэч з блогерам Сяргеем Ціханоўскім ці акцый па “кармленні галубоў” будуць працягвацца і на бліжэйшым тыдні. Акрамя таго, у рэгіёнах працягваюць складаць пратаколы за гэтыя акцыі і мірныя сустрэчы.

Брэст

У 14.30 у судзе Ленінскага раёна Брэста распачнецца суд над экаактывісткай, праціўніцай акумулятарнага завода Людзмілай Карчэўскай. Яе вінавацяць у тым, што ўдзельнічала ў акцыі па “кармленні галубоў” 12 красавіка. Вынік суда - 50 базавых велічынь штрафу (1350 рублёў). 

Таксама мусіць адбыцца працяг суда над Валерам Фамінскім, які амаль увесь мінулы тыдзень правёў у ізалятары, хоць на “суткі” асуджаны не быў. Фамінскага затрымалі 10 траўня пасля нядзельнай акцыі па “кармленні галубоў”. У аўторак яму прысудзілі 30 базавых велічынь штрафу і адразу пасля суда затрымалі ізноў. Пасля гэтага ён яшчэ трое сутак прабыў у ізалятары. У пятніцу пасля сканчэння 72-гадзіннага тэрміну зняволення актывіста адпусцілі, а судовае пасяджэнне перанеслі на наступны тыдзень.

У выніку Фамінскаму далі 30 базавых велічынь штрафу (810 рублёў) за ўдзел у трох акцыях: 12 красавіка, другога і трэцяга траўня. 

Акрамя таго, на выходных на мяжы быў затрыманы яшчэ адзін праціўнік завода АКБ, дальнабойнік Павел Кінчак. Як паведамляе “Брэсцкая газета”, днём 16 траўня Павел вяртаўся з грузам з Польшчы ў Беларусь. Яго затрымалі адразу пасля пераходу мяжы. Яму інкрымінуюць удзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту супраць акумулятарнага завода, якая праходзіла ў Брэсце 12 красавіка. Да суда яго змясцілі ў ізалятар. Судзіць Паўла будуць у судзе Ленінскага раёна 19 траўня ў 10.30.

Мінск

Як стала вядома праваабонцам, яшчэ 12 траўня суддзя суда Фрунзенскага раёна Дмітрый Лукашэвіч прысудзіў агулам 30 базавых велічынь штрафу (810 рублёў) затрыманаму каля гандлёвага цэнтру Mile Сяргею Жураву. Судзілі Сяргея па двух адміністрацыйных пратаколах: за непадпарадкаванне міліцыі (арт. 23.34 КаАП) і за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 23.34 КаАП). Таксама на 30 базавых велічынь судом Заводскага раёна быў аштрафаваны Яўген Дубовік.

Суткі, штрафы, затрыманні. У Беларусі працягваецца пераслед удзельнікаў акцый

У пятніцу, 15 траўня, па ўсёй Беларусі працягваюцца суды над людзьмі, якія выходзілі на мясцовыя акцыі пратэсту: у падтрымку экаактывістаў Берасця ("кармленне галубоў") і ў падтрымку блогера Сяргея Ціханоўскага, а таксама над людзьмі, якія выказваліся пра сацыяльныя праблемы ў стрымах блогера Ціханоўскага.

Вілейка

На 15.00 прызначаны разгляд адміністрацыйнай справы мясцовага актывіста, сябра Партыі БНФ Аляксея Сюдака. На яго былі складзены два пратаколы за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП). Пра тое, што пасяджэнне суда адбудзецца менавіта ў гэты дзень і гэты час, Аляксей даведаўся толькі ў 10 ранку праз смс-паведамленне, то бок за пяць гадзін да пачатку пасяджэння. Актывіст накіраваў скаргу ў раённую пракуратуру з пазнакай таго, што такое позняе паведамленне аб судзе не дае яму магчымасці спланаваць свой час і, у першую чаргу, знайсці сабе абаронцу.  

У выніку Аляксея Сюдака прысудзілі да 10 сутак арышту. Такое рашэнне прыняла суддзя Вілейскай раённага суда Алена Ахметава.

Наваполацк

На Юлію Шэлепень і на яе мужа склалі пратаколы па ч. 1 арт. 23.34 КаАП за тое, што 29 красавіка ўдзельнічалі ў сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім, калі той прыязджаў у Наваполацк. Таксама пратакол па арт. 23.34 КаАП складзены на Артура Сіняга за тое, што ўдзельнічаў у двух  мірных сходах: ва ўжо згаданаў сустрэчы падпісантаў “Краіны для жыцця” 29 красавіка і ў “кармленні галубоў” трэцяга траўня.

Гомель

Удзельніка сустрэчы салідарнасці з затрыманым блогерам Ціханоўскім, якая скончылася масавымі затрыманнямі, Аляксандра Цібароўскага будуць судзіць. У нядзелю яго выклікалі ў міліцыю, дзе паведамілі, што адміністрацыйная справа хутка будзе перадазеныя ў суд. Варта адзначыць, што затрыманую ў пятніцу ўдзельніцу той жа сустрэчы Віялету Майшук адпусцілі ў той жа дзень без складання пратакола.

ПЦ "Вясна" стала вядома, што на блогера Сяргея Ціханоўскага склалі новы пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 23.34 КаАП). Пазней у канцылярыі суда Савецкага раёна Гомеля пацвердзілі TUT.BY, што Ціханоўскі асуджаны яшчэ на 15 сутак. Такім чынам, Ціханоўскі выйдзе на волю толькі 5 чэрвеня. 

Блогеру Ціханоўскаму, які сядзіць у ІЧУ, далі яшчэ 15 сутак арышту

Суд Савецкага раёна Гомеля 18 траўня асудзіў блогера Сяргея Ціханоўскага, які адбывае 15-дзённы арышт у ІЧУ Гомеля, яшчэ на 15 дзён арышту. Пра гэта TUT.BY распавялі ў канцылярыі суда.

Віцебск

Суд Чыгуначнага раёну Віцебску 18 траўня разгледзеў адміністрацыйную справу ў дачыненні віцяблянкі Дар’і К., якую вінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (ч.1 арт. 23.34 КаАП) – "кармленні галубоў" 3 траўня. Дзяўчыну прызналі вінаватай і пакаралі штрафам у памеры 20 базавых велічынь (540 рублёў).

Справу разглядала судзьдзя Алена Цыганкова.

Як распавяла «Віцебскай Вясне» Дар’я, на судзе ў якасці доказу яе вінаватасці паказалі відэа, на якім яна моўчкі стаіць сярод іншых людзей. У нейкі момант да дзяўчыны падышоў хлопец, каб пазнаёміцца, – яны перакінуліся фразамі.

«Ну глядзіце, вы ж размаўлялі!» – ажывілася суддзя… Карацей, няма словаў! Нейкі цырк учынілі! Правы мне ніякія не зачытвалі і напісалі нейкую ахінею. Я лічу, што на мяне чыніцца ціск», – кажа Дар’я.

Дар'я паведаміла таксама, што ў дачыненні да яе міліцыянты склалі яшчэ адзін пратакол за правапарушэньне, прадугледжанае арт. 23.34 КаАП, – гэтым разам за ўдзел у стрыме блогера Ціханоўскага 30 красавіка каля піраміды «Марка-сіці». Суд адбудзецца 25 траўня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства