Першы дзень суда над палітвязнем Піліпам Шаўровым: самае галоўнае
У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 18 траўня пачаўся судовы працэс над палітвязнем Піліпам Шаўровым. Яго абвінавачваюць па двух частках артыкула 339 Крымінальнага кодэксу («Хуліганства»). Працэс вядзе суддзя Іван Касцян, вядомы па масаваму вынясенню палітычна-матываваных рашэнняў актывістам і журналістам. Раней паведамлялася, што суддзёй па гэтай справе прызначаная Таццяна Акавітая.
Згодна з абвінавачваннем, 16-17 студзеня 2020 года, Піліп Шаўроў нанёс фарбай невялікую адносна помніка выяву бел-чырвона-белага сцяга на гранітную частку памятнага знака загінуўшым супрацоўнікам МУС, а таксама расфарбаваў у чырвоны колер рукі помніку А.С. Пушкіну ў Мінску. 17-19 студзеня 2020 г. ён нанёс надпіс “1937” на плоце насоснай станцыі ў п. Бараўляны. 18 сакавіка 2020 г. аддзелам Цэнтральнага раёна (г. Мінска) Слечага камітэта Піліпу Шаўрову было прад’яўлена канчатковае абвінавачванне ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч.1 і ч.2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Праваабарончая супольнасць Беларусі выступіла з заявай, у якой запатрабавала неадкладнага вызвалення з-пад варты палітвязня Піліпа Шаўрова і спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да яго. 7 траўня стала вядома, што палітычнага зняволенага, актывіста "Маладога фронту" Піліпа Шаўрова вызвалілі з-пад варты да суда пад падпіску аб нявыездзе.
Пазіцыя ПЦ "Вясна" па крымінальнай справе ў дачыненні да актывіста арганізацыі "Малады Фронт" Піліпа Шаўрова
Маніторынг крымінальнага працэсу над палітвязнем у першы дзень ажыццяўляла валанцёрка Валанцёрскай службы "Вясна".
Віну на судзе 18 траўня Піліп Шаўроў прызнаў часткова: толькі частку 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса. Ён адмаўляе, што дзейнічаў з хуліганскіх меркаванняў і што дзейнічаў паўторна. Таксама ў судзе ён заявіў, што праз свае дзеянні ён выказваў сваю грамадзянскую пазіцыю. Сказаў, што размаляваў помнік Пушкіну, так як не згодны са знешняй палітыкай Расійскай Федэрацыі. На судзе Піліп Шаўроў заявіў, што раскайваецца ў сваіх дзеяннях і просіць прабачэння ў тых, каму яго дзеянні прычынілі боль.
Як паведамляе belsat.eu, агульная сума пашкоджання помнікаў – Пушкіну і загінулым міліцыянтам – ацанілі ў 130 рублёў 75 капеек. Графіці на будынку Мінскводаканала – на 98 рублёў 18 капеек. Піліп Шаўроў усё кампенсаваў.
У першы дзень суда над палітвязнем былі апытаныя некаторыя сведкі па справе і вывучаныя пісьмовыя матэрыялы справы. Усяго было заяўлена дзевяць сведак, але чатыры з іх не з'явіліся.
Жонка Піліпа Шаўрова Вольга адмовілася ў судзе ад дачы паказанняў на падставе артыкула 27 Канстытуцыі. Двума сведкамі выступілі супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС Мінска Аляксей Бандарык і Аляксей Даўжэнка. Апошні паведаміў у судзе, што раніцай 19 студзеня да яго ў "акенца" звярнуўся Шаўроў, сказаў, што ў яго ёсць звесткі пра помнікі і сказаў, што гэта ён здзейсніў дадзеныя дзеянні. Такім чынам, супрацоўнік міліцыі пацвердзіў яўку з пакаяннем Шаўрова. Як піша "Радыё Свабода", міліцыянт Аляксей Бандарык, паведаміў суду, што Піліп Шаўроў прызнаўся таксама ў нанясенні малюнкаў на іншыя аб'екты — на мемарыяльны знак на вуліцы Камуністычнай і на агароджу аб'екта "Водаканала" на вуліцы Сасновы Бор. Сведка адмовіўся адказваць на пытанне адваката аб тым, ці вядома яму аб грамадскім рэзанансе дзеянняў Піліпа Шаўрова.
Таксама быў дапытаны Аляксандр Старавойтаў, намеснік дырэктара прадпрыемства, якое займаецца раздробным гандлем матэрыялаў мастацтва. Нібыта менавіта яго супрацоўнікі прадалі Шаўрову балончыкі з фарбай. Яго допыт доўжыўся пару хвілін.
У якасці сведкі была дапытаная Алена Лаўнічук, якая працуе юрысконсультам мінскага "Водаканала". Надпіс "1937" на агароджы водазабору ацанілі як шкоду ў 98 рублёў 18 капеек. Сведка сказала, што ў гэтую суму абышліся працы па знішчэнні надпісы і зафарбоўвання пашкоджанага месца. У судзе высветлілася, што сама сведка не бачыла надпіс "1937" на агароджы водазабору, які нанёс Піліп Шаўроў, але "яго бачылі калегі". Калі адвакат спытаў у яе, ці ёсць іншыя надпісы на плоце, яна адказала, што не ведае.
Некалькі сведак на суд не прыйшлі. Не прыйшоў Аляксандр Кісель, які, паводле яго паказанняў, ехаў на працу і заўважыў выяву бел-чырвона-белага сцяга на помніку загінулым міліцыянтам і супрацоўнікам унутраных войскаў на вуліцы Камуністычнай. З матэрыялу справы вынікае, што гэта яго настолькі абурыла, што ён паведаміў пра ўбачанае ў міліцыю. Гэтак жа зрабіла Марыя Адольф, якая 17 студзеня выгульвала сабаку каля Свіслачы, і калі заўважыла, што рукі ў помніка Аляксандру Пушкіну чырвоныя, патэлефанавала ў міліцыю.
Абурыўся тым, што ўбачыў на агароджы 5-й помпавай станцыі Бараўлянскага водазабору, і сведка Шабуневіч, які працуе на "водаканале". Гаворка пра чырвоныя лічбы "1937" на чорным фоне, якія Шаўроў нанёс на ёй. Па словах сведкі, каб зафарбаваць "такі вялікі малюнак", прыйшлося прыкласці шмат намаганняў. Пры гэтым сведка заўважыў, што сам надпіс для яго "не нясе ніякай сэнсавай нагрузкі". Суд зачытаў гэтыя паказанні з матэрыялаў справы.
У першы дзень суда было прагледжана відэа, дзе людзі выказваюцца пра дзеянні Піліпа Шаўрова. Суд таксама вывучыў яго характарыстыкі. З апошняга месца працы не меў спагнанняў, характарыстыка адтуль добрая.
Як паведамляе "Радыё Свабода", больш за гадзіну суд вывучаў матэрыялы справы. З іх вынікае, што следства ў тым ліку разбіралася ў разумовых здольнасцях Шаўрова, а таксама высвятляла, ці не хварэў ён засмучэннем псіхікі, ці не ўжывае алкаголь альбо наркотыкі. Экспертыза нічога гэтага не выявіла. Сярод асабістых якасцяў Шаўрова эксперты адзначылі яго адкрытасць і смагу да лідарства.