viasna on patreon

Ізноў суды: У Берасці судзілі Паўла Кінчака, у Віцебску - Баразну   Дапоўнена

2020 2020-05-19T14:46:00+0300 2020-05-19T15:11:32+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kinchak-berascie.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Павел Кінчак.

Павел Кінчак.

У Беларусі дагэтуль працягваюцца суды над удзельнікамі сустрэч з блогерам Сяргеем Ціханоўскім ці акцый па “кармленні галубоў”: многіх удзеньнікаў чакаюць новыя адміністрацыйныя справы і пратаколы.

Брэст

Суд Ленінскага раёна Берасця 19 траўня разгледзеў адміністрацыйную справу Паўла Кінчака.

Берасцейскі дальнабойнік Павел Кінчак быў затрыманы на мяжы, пры перасячэнні польска-беларускай мяжы. Як паведамляла “Брэсцкая газета”, днём 16 траўня Павел вяртаўся з грузам з Польшчы ў Беларусь. Яго затрымалі адразу пасля пераходу мяжы.

Кінчака абвінавачваюць ва удзеле у несанкцыянаванай акцыі пратэсту супраць акумулятарнага завода, якая праходзіла ў Брэсце 12 красавіка. Да суда яго змясцілі ў ізалятар.

Справу разглядае суддзя А. Семянчук. Ён забараніў весці фото і відэаздымку ў судовай залі.

Кінчак кажа, што 12 красавіка ішоў па вуліцы, шпацыраваў, было цікава. Людзі ішлі, ён з імі не быў знаёмы. Ніякіх лозунгаў не прамаўляў.  Прызнае, што браў удзел у шэсці.

Сведка Піліп Пятленка, супрацоўнік АБЭП, нёс службу і бачыў, што Кінчак прымаў удзел і даваў блогеру Ціханоўскаму інтэрв'ю. Прысутныя выкрыквалі лозунгі падчас шэсця.

Адвакат прасіў далучыць да матэрыялаў справы копію дакумента аб тым, што на ўтрыманні Кінчака непаўнагадовае дзіця.

Пастанова: парушыў ч.1 арт 23.34 КаАП, штраф у памеры 30 базавых велічынь.


Таксама на сёння быў прызначаны суд над праваабаронцам Раманам Кісляком. Аднак, як паведаміў сябра ПЦ "Вясна" Уладзімір Вялічкін, суд адкладзены на нявызначаны тэрмін па прычыне хваробы Рамана Кісляка.

Першапачаткова судовае паседжанне пачалося 14 траўня.  Разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненні да Кісляка ішоў адразу па двух пратаколах — за шэсьці 12 красавіка і 3 траўня (частка 1 артыкула 23.34 КаАП). На судовым паседжанні Кісляк заявіў хадайніцтва для таго, каб апратэставаць напісанае ў пратаколе. Так, РАУС у пратаколе ўказаў, што Раман падчас акцыі ішоў у калоне пратэстоўцаў. 

Раман Кісляк падчас судовага паседжання запатрабаваў далучыць да матэрыялаў справы відэазапісы, якія пацвярджаюць, што ён быў на гэтых сходах у якасці менавіта назіральніка. Суд вырашыў зрабіць перапынак да 19 траўня, каб ён мог прадаставіць гэта відэа.

Віцебск

Суд Чыгуначнага раёну Віцебска 19 траўня пакараў віцябляніна Алега Баразну штрафам у памеры 30 базавых велічынь за ўдзел у стрыме блогера Сяргея Ціханоўскага. Суддзя палічыла, што Баразна, адказаўшы на пытанне блогера, паўдзельнічаў у несанкцыянаваным пікетаванні і парушыў тым самым заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (ч.1 арт. 23.34).

Адміністрацыйную справу Алега Баразны разглядала суддзя Святлана Варатынская. Па інфармацыі “Віцебскай Вясны”, паводле міліцэйскага пратаколу, Алег Баразна 30 красавіка ўзяў удзел у несанкцыянаваным пікетаванні, на якім абмяркоўвалася сацыяльная палітыка дзяржавы, будучыя выбары, выказвалася незадавальненне кіраўніцтвам дзяржавы.

Абвінавачаны мужчына з пратаколам не пагадзіўся. Заявіў, што трапіў на сустрэчу выпадкова і быў упэўнены, што анічога супрацьзаконнага ня чыніць.

Суддзя Святлана Варатынская палічыла вінаватасць Баразны даказанай (сведкі ў суд не выклікаліся) і пакарала яго за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах штрафам у памеры 30 базавых велічынь (810 рублёў).

Алег Баразна.
Алег Баразна. Фота: "Віцебская Вясна".

Гэта ўжо другі штраф, прысуджаны Баразне ў траўні 2020 году за правапарушэнні паводле арт. 23.34. Раней, 8 траўня, суддзя Алена Цыганкова аштрафавала яго на 540 рублёў за ўдзел у акцыі кармлення галубоў. Суткі да таго суду Алег Баразна правёў у ізалятары часовага ўтрымання.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства