viasna on patreon

"Гэта персанальныя рэпрэсіі". Праваабаронца Аляксандр Буракоў выйшаў з ІЧУ

2020 2020-05-19T16:51:18+0300 2020-05-19T17:13:19+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/2020-05-19-burakou-pashtouka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Журналіст і праваабаронца “Магілёўскай вясны” Аляксандр Буракоў выйшаў з магілёўскага ІЧУ пасля 10-суткавага арышту. Менавіта так яго пакаралі за 2-хвілінны ўдзел у акцыі пад магілёўскім ІЧУ (артыкул 23.34 КаАП). Пры гэтым Буракоў не ўдзельнічаў у масавым мерапрыемстве, а выконваў свае праваабарончыя абавязкі.

Суткі Аляксандр Буракоў правёў у адзіночнай камеры. Але гэта ніяк не звязана з мерамі бяспецы пры сітуацыі COVID-19, лічыць праваабаронца:

“Гэта менавіта персанальныя рэпрэсіі. Напрыклад, тыя, хто сядзеў у ІЧУ за “бытавыя” [правапарушэнні], сядзелі па пяць чалавек у адной камеры. А “палітычныя”—а іх па маіх адчуваннях было чалавек 25 — з большага знаходзіліся ў адзіночках”.

Таксама гэта заўважна было і ў тым, якім чынам Аляксандра Буракова выводзілі на штодзённую прагулку — так, каб ён не змог з кімсьці з “суседзяў” паразмаўляць.

Адзначыў праваабаронца і важнасць паштовак салідарнасці.

“Дзякуй за кампанію падтрымкі і салідарнасці, якая была разгорнутая на волі! Хачу перадаць прывітанне Дар’і Рублеўскай, таму што з усіх паштовак ад яе была самаробная. Дар’я напісала, што патрымала кветку бэзу над ёй, каб быў пах — і пах дайшоў! Вялікі дзякуй!”

Аляксандр Буракоў паказвае паштоўку салідарнасці. Фота: Аляксей Колчын
Аляксандр Буракоў паказвае паштоўку салідарнасці. Фота: Аляксей Колчын

Праваабаронца не лічыць сябе вінаватым у здзяйсненні парушэння і абскарджвае рашэнне суда:

“Насамрэч суд я выіграў.Калі быў перанос суда на наступны дзень, то было бачна, як суддзя Вікторыя Палякова зачытала тое, што было ўжо гатова—і я думаю, што гэта загад быў з Мінску”, — успамінае Аляксандр Буракоў.

Зараз на сутках застаецца яшчэ адзін журналіст “Магілёўскай вясны” Алесь Буракоў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства