Стасу Пачоботу, які быў моцна збіты міліцыянтамі ў мінулыя выходныя, зрабілі аперацыю на твары.
Падчас аперацыі ў паламаную скулу Стасу ўкруцілі вінт, які будзе трымаць костку. Два тыдні пасля аперацыі Стас вымушаны будзе насіць адмысловую гіпсавую шапку. Аб гэтым паведаміла доктар аддзялення чэрапна-тварнай хірургіі Гродзенскай абласной бальніцы Алена Клачко. Па словах Клачко, аперацыя была б непатрэбная, калі неабходная дапамога Стасу была аказаная яшчэ тыдзень таму. Па словах спадарыні Клачко рэшткі скулавай косткі не пашкодзілі зрок Стаса. Але на восем месяцаў у яго анямее левая палова твару, на якой была зробленая аперацыя.
Зараз пракуратура Ленінскага раёна Гродна праводзіць следчую праверку па скарзе, пададзенай на дзеянні міліцыянтаў братам збітага музыкі Андрэем Пачобутам. Напрыканцы гэтага тыдня пракуратура мусіць прыняць рашэнне ці ўзбуджаць крымінальную справу на супрацоўнікаў міліцыі.
Стас Пачобут, карэспандэнт газеты “Навінкі,”лідар гарадзенскага гурта “Deviation”, быў збіты ў ноч на 8 верасня супрацоўнікамі Ленінскага РАЎС Гродна.