viasna on patreon

Фота і інтэрв'ю — гэта пікет. Як прайшлі суды ў Вілейцы, Маладзечне і Мінску Дапоўнена Аўдыё

2020 2020-05-20T18:56:15+0300 2020-05-20T21:42:31+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kudzik_na_ploshchy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

19 і 20 траўня ў Вілейцы, Маладзечне і Мінску працягнуліся суды над удзельнікамі сустрэч з блогерам Сяргеем Ціханоўскім, а таксама акцый салідарнасці з берасцейскімі актывістамі («кармленне галубоў»).

Вілейка

19 траўня ў судзе Вілейскага раёна прайшоў суд над актывістам Андрэем Кудзікам, а таксама Андрэем Кастэнкам.

Судовы працэс над імі пачаўся яшчэ 14 траўня — тады ў судовым паседжанні зрабілі перапынак, а 19 жа траўня суддзя Алена Ахметава вырашыла адправіць справы двух вілейчукоў на дапрацоўку.

Справы Кудзіка і Кастэнкі разглядаліся на адным судовым пасяджэнні адразу. Прычым у Кудзіка было адразу тры справы аб адміністрацыйным правапарушэнні паводле арт 23.34 КаАП. Адно з іх — "агульнае" з Андрэем Кастэнкам. Што гэта значыць?

Як распавёў "Вясне" Андрэй Кудзік, у канцы красавіка ён гуляў па Цэнтральнай плошчы Вілейкі і сустрэў Андрэя Кастэнку. Раней яны не былі знаёмыя. Кудзік прапанаваў яму сфатаграфавацца разам, а затым выклаў фатаграфію ў Faсebook з хэштэгам "BELARUS12STOP". Менавіта гэта паслужыла прычынай складання адразу двух пратаколаў па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Андрэй Кудзік на плошчы ў Вілейцы. Фота з яго Facebook
Андрэй Кудзік і Андрэй Кастэнка на цэнтральнай плошчы Вілейкі. Плакат у руках трымае Андрэй Кудзік. Фота: сацыяльная сетка Facebook

Як указаў у пратаколе лейтэнант міліцыі Вілейскага РАУС Уладзімір Путро, Андрэй Кудзік 19 красавіка сумесна з Андрэем Кастэнкам "браў актыўны ўдзел у правядзенні пікетавання, трымаючы ў руках шыльду з надпісам "BELARUS12STOP" без адпаведнага дазволу Вілейскага выканаўчага камітэта, з мэтай публічнага выказвання грамадска-палітычных і асабістых інтарэсаў". Дакладна такая ж фармулёўка значылася і ў пратаколе Андрэя Кастэнкі.

"На судзе я задаў пытанне міліцыянту [Уладзімір Путро выступаў у якасці сведкі на судзе 19 траўня — заўв.], чаму ён піша ў пратаколе, што я трымаў шыльду з надпісам, калі ў матэрыялах справы прыкладаецца скрын гэтай фатаграфіі, дзе выразна відаць, што я яе не трымаю?", — распавёў "Ввясне" Андрэй Кастэнка. — У адказ на гэта міліцыянт замяўся".

Пасля гэтай справы Кудзіка і Кастэнка за фатаграфію з таблічкай "BELARUS12STOP" адправілі на дапрацоўку.

Такім жа чынам паступілі і з двума астатнімі адміністрацыйнымі справамі Андрэя Кудзіка — за ўдзел у пікетаванні 20 красавіка і 3 траўня.

"Ва ўсіх пратаколах [якія разглядаліся 19 траўня — заўв.] было напісана "пакетаванне" замест "пікетавання". Мы на гэта звярнулі ўвагу на судзе, — адзначыў Андрэй Кудзік. — А пасля пасяджэння мы спыталі ў сакратаркі: што азначае, што справу адправілі на дапрацоўку? Яна, мабыць, пасаромелася адказаць, але сказала, што цяпер працэс над намі пойдзе "з нуля" і на нас будуць складацца новыя пратаколы".

Пасля гэтага, 20 траўня раніцай міліцыянт Путро спрабаваў датэлефанавацца да Кудзіка і Кастэнкі, каб "прапанаваць сустрэцца з нагоды пратаколу".

Нагадаем, што 13 траўня тая ж суддзя Алена Ахметава прысудзіла Андрэю Кудзіку штраф у 50 базавых велічынь паводле двух пратаколаў: за "заклік да пікетавання з дапамогай сацыяльнай сеткі Faсebook", а таксама за удзел у ім 26 красавіка.

Яшчэ адзін вілейчук — Аляксей Сюдак — зараз знаходзіцца "на сутках". 18 траўня суддзя Алена Ахметава прысудзіла яму арышт у 10 сутак за ўдзел у двух "несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах".

Маладзечна

20 мая ў судзе Маладзечанскага раёна прайшло судовае пасяджэнне над Паўлам Пясковым. Разглядалася адразу два пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах (арт.23. 34 КаАП), а менавіта: сустрэча з блогерам Сяргеем Ціханоўскім 15 красавіка, а таксама ўдзел у "кармленні галубоў" 3 траўня.

Павел Пяскоў каля будынку суда. Фота: Алесь Капуцкі
Павел Пяскоў каля будынку суда. Фота: Алесь Капуцкі

На судзе выступалі сведкі з боку міліцыі — Дзмітрый Ярашэвіч і Віталь Мурза. Апытанне сведак і разгляд матэрыялаў справы (у тым ліку відэазапісаў) заняло дзве гадзіны. Пасля чаго суддзя Палішчук вырашыла зрабіць перапынак — судовае пасяджэнне працягнецца 21 траўня ў 9.10.

Мінск

У судзе Мінскага раёна 20 траўня прайшло судовае пасяджэнне над Уладзімірам Міціным. 24 сакавіка ён даў інтэрв'ю блогеру Сяргею Ціханоўскаму з нагоды высечкі лесу ў Бараўлянскім сельскім савеце. Суд палічыў гэта ўдзелам у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і вынес рашэнне — пакараць Уладзіміра Міціна штрафам у 20 базавых велічынь.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства