viasna on patreon

Магілёўскі актывіст пра свой пераслед: Трапіў пад падазрэнне – ужо не чалавек

2020 2020-05-21T16:35:59+0300 2020-05-21T16:36:37+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/andrei_bodzileu_mspring.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пасля адбыцця адміністрацыйнага арышту грамадскія актывісты распавядаюць свае гісторыі знаходжання ў міліцыі. Як піша MSPRING.ONLINEАндрэй Бодзілеў, мабыць, трапіў у самыя жорсткія ўмовы, чакаючы суду. У святочны дзень 9 траўня ў 8:40 раніцы ў дамафон яго кватэры патэлефанавала міліцыя з патрабаваннем адчыніць дзверы. Актывіст выйшаў з кватэры і ўжо на лесвіцы сустрэўся з двума супрацоўнікамі Кастрычніцкага РАУС, якія настойліва прапанавалі прайсці з імі ў аддзяленне, каб, па іх выразе, «пагаварыць пра мітынг».

Андрэй Бодзілеў. Фота: mspring.online

12 ГАДЗІНАЎ У КАМЕННЫМ МЯШКУ

Там актывіста сустрэў участковы Руслан Анцутка, які пад наглядам начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі (ААПП) склаў на яго пратакол нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі на Віцебскім праспекце ў Магілёве 5 траўня, хаця актывіст не быў сябрам групы падтрымкі блогера Сяргея Ціханоўскага, а толькі здымаў тое, што адбывалася на відэа.

У 11 гадзін 30 хвілін Андрэй Бодзілеў быў змешчаны ў камеру для затрыманых асоб аператыўна-дзяжурнай службы на тэрыторыі Кастрычніцкага РАУС і правёў у ёй 12 гадзінаў.

Як тлумачаць магілёўскія праваабаронцы, такія «міні-ІЧУ» ёсць у кожным райаддзеле міліцыі, і яны не прызначаныя для працяглага знаходжання затрыманых (раней іх называлі КПЗ, на жаргоне – абяз’яннік, каталажка, кутузка і г.д.). Як правіла, гэта чатыры камеры побач з постам дзяжурнага.

Памяшканне ўяўляла сабой каменны мех памерам 1,8 х 2 метры, успамінае Бодзілеў. Падлога была бетонная, па перыметры ўздоўж сцен на вышыні стандартнага крэсла выкладзены з цэглы выступ шырынёй прыкладна 80 сантыметраў, які зверху таксама быў заліты бетонам – гэта было «спальным» месцам. Ніякіх вокнаў у камеры не было, пад столлю пастаянна гарэла цьмяная лямпачка.

МІЛІЦЫІ – WC, А АСТАТНІМ?

Асобнае пытанне ў Кастрычніцкім РАУС – туалет. Усіх затрыманых выводзілі на вуліцу, дзе да гэтага часу існуе сярэднявечная бетонная прыбіральня на два “ачка”. Пры гэтым для супрацоўнікаў міліцыі ў будынку райаддзелу выкарыстоўваецца звычайны WC з вадаправодам.

То бок, відавочная дыскрымінацыя па прынцыпе «трапіў пад падазрэнне – ужо не чалавек», лічыць Андрэй Бодзілеў. Пры гэтым ён адзначае, што знаходзіўся ў такіх умовах да суда, а значыць, яго віна не была даказаная: «І лішнім будзе казаць, што туалет быў смярдзючым і проста гідкім»

Словы Андрэя Бодзілева пацвердзіла і актывістка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Таццяна Сівачэнка. Жанчыну затрымалі ў дзень яе нараджэння 8 траўня ў кватэры яе бацькоў. У камеры РАУС з бетоннай падлогай і сценамі яе пратрымалі тры гадзіны. У прыбіральню выводзілі таксама на вуліцу.

ШТО КАЖА ЗАКОН?

У той жа час Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №996 ад 21.11.2013 г. “Аб зацвярджэнні Правілаў ўтрымання фізічнай асобы, у дачыненні да якой ўжыта адміністрацыйнае затрыманне” кажа, што (п.120) у пакоях для затрыманых асоб аператыўна-дзяжурнай службы органаў ўнутраных спраў могуць утрымлівацца затрыманыя асобы, у дачыненні да якіх прыменена адміністрацыйнае затрыманне на тэрмін, які не перавышае 12 гадзін.

Пры гэтым у пункт 127 асобна патрабуе, каб у пакоях для затрыманых меліся лаўкі, наглуха прымацаваныя да падлогі і сценаў. Такім чынам, бетоннае ложа відавочна па-за законам.

Калі ж грамадзяніна затрымалі на тэрмін звыш 12 гадзін – а было відавочна, што ні Бодзілева, ні Сівачэнку дадому ўжо не адпусцяць, то пастанова прадугледжвае іх хуткае накіраванне ў ізалятар часовага ўтрымання, дзе правоў у арыштаванага значна больш. Так, ім абавязкова прадастаўляецца для індывідуальнага карыстання спальнае месца і месца для захоўвання сродкаў асабістай гігіены, выдаюцца пасцельныя прыналежнасці і пасцельная бялізна, сродкі асабістай гігіены. Асобна прапісана глава аб санітарна-гігіенічным дабрабыце.

Атрымліваецца, Андрэя Бодзілева пакаралі двойчы. Спачатку ён адседзеў 12 гадзін у камеры для затрыманых на тэрыторыі РАУС, але замест вызвалення бліжэй да палуначы быў этапаваны ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Паесці ён змог толькі праз суткі пасля свайго затрымання.

Андрэй Бодзілеў і Таццяна Сівачэнка лічаць, што ўмовы іх утрымання ў Кастрычніцкім РАУС можна расцаніць як жорсткія, бесчалавечныя і прыніжаючыя асабістую годнасць. Адпаведныя скаргі яны рыхтуюць у наглядныя органы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства