Ці ёсць сэнс назіраць за выбарамі ў Беларусі? Запрашаем на анлайн-дэбаты!
Валанцёрская служба “Вясны” запрашае ўсіх жадаючых абмеркаваць важны аспект выбарчай працэдуры – назіранне.
Наўрад ці варта адмаўляць, што ў нашай краіне адсутнічае разуменне важнасці грамадскага кантролю як у дзяржаве ў цэлым, так і за выбарамі ў прыватнасці. Але ці насамрэч масавае назіранне можа паўплываць на выкананне закону? Гэта дзейсны спосаб дамагчыся законнасці і захавання правоў ці марная трата часу?
28 траўня ў 19:00 кожны і кожная можа далучыцца да анлайн-дэбатаў і падыскутаваць пра мэтазгоднасць назірання за выбарамі ў Беларусі.
Дэбаты будуць праходзіць паміж двума камандамі, пры ўдзеле мадэратараў, экспертаў і гледачоў. Колькасць месцаў у кожнай з каманд абмежавана, таму спяшайцеся запоўніць анкету да 25 траўня ўключна. Па спасылцы-рэгістрацыі вы можаце пазначыць:
- жаданне быць у камандзе, якая лічыць, што за выбарамі варта назіраць;
- жаданне быць у камандзе, якая прытрымліваецца думкі, што за выбарамі назіраць няма сэнсу;
- жаданне быць гледачом.
Экспертамі і суддзямі выступяць каардынатары кампаніі “Праваабарнцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч і Алег Гулак, а таксама доўгатэрміновы назіральнік кампаніі, юрыст Алег Пашкевіч.
Пасля рэгістрацыі вы атрымаеце больш падрабязную інфармацыю пра дэбаты і спасылку на анлайн.