Віцебская суддзя не змагла выдаліць з залы 15 чалавек на працэсе Аляксея Саламаненкі Фота
Суд Чыгуначнага раёну Віцебску 22 траўня разглядаў справу актывіста «Краіны для жыцьця» Аляксея Саламаненкі, якога вінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве – «кармленьні галубоў». Па інфармацыі "Віцебскай Вясны", суддзя Алена Цыганкова аштрафавала яго на 540 рублёў, але рашэнне прымала за закрытымі дзвярыма і без удзелу самога абвінавачанага.
На самым пачатку працэсу суддзі Цыганковай не спадабалася атмасфера ў залі, дзе прысутнічала каля 15 актывістаў, якія прыйшлі падтрымаць Аляксею Саламаненку. Суддзя без якіх-небудзь папярэджанняў запатрабавала ўсіх слухачоў «устаць і пакінуць судовую залю», але прысутныя не падпарадкаваліся. Цыганкова пагражала націснуць «трывожны гузік», але абвясціла перапынак, падчас якога выклікала ахову.
У сваю чаргу грамадзяне, якія прыйшлі на суд, выклікалі міліцыю і склалі заяву аб незаконных дзеяннях суддзі.
Працэс аднавіўся толькі праз гадзіну. Суддзя Цыганкова папрасіла абвінавачанага Саламаненку перайсці ў іншую залу, але паведаміла, што слухачы прысутнічаць на працэсе не будуць, бо яны – «выдаленыя». Аляксей Саламаненка заявіў, што, калі на пасяджэнне не пусьцяць ягоных паплечнікаў, то не пойдзе і ён.
У выніку разгляд адміністрацыйнай справы прайшоў за закрытымі дзвярыма (уваход у залю перакрылі міліцыянты) і без удзелу самога абвінавачанага. Пра вынік гэтага пасяджэння журналісты змаглі даведацца ад сакратаркі суддзі: Аляксей Саламаненка прызнаны вінаватым у правапарушэнні паводле арт. 23.34 КаАП і аштрафаваны на 20 базавых велічынь (540 рублёў).
Таксама сёння ў Маладзечне на 30 базавых велічынь шрафу (810 рублёў) быў асуджаны Міхаіл Заблоцкі. Суддзя Іна Каханоўская пакарала яго за тое, што 15 красавіка Міхаіл удзельнічаў у сустрэчы падпісчыкаў канала "Краіна для жыцця" ў Маладзечне. Гэтая сустрэча была расцэнена судом як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства.