viasna on patreon

Палітычны пераслед у траўні: прамежкавыя вынікі і расклад новых судоў

2020 2020-05-22T19:25:43+0300 2020-05-27T17:19:54+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zatr_gomel070520209.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Затрыманні ў Гомелі 7 траўня. Фота "Радыё Свабода"

Затрыманні ў Гомелі 7 траўня. Фота "Радыё Свабода"

Па дадзеных Праваабарончага цэнтру “Вясна” на 22 траўня, у Беларусі ў перыяд з 6 траўня зафіксавана каля 150 выпадкаў адвольных затрыманняў па палітычных матывах. Пад пераслед трапілі людзі, якія прыходзілі на сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім у розных гарадах краіны, выходзілі на акцыі ў яго падтрымку пасля затрымання блогера, “кармілі галубоў” на плошчах сваіх гарадоў ці ўдзельнічалі ў іншых акцыях пратэсту. Пад пераслед трапілі таксама праваабаронцы і журналісты, якія назіралі ці асвятлялі акцыі.

За гэты час 61 чалавек былі асуджаныя на арышты тэрмінам ад 2 да 45 сутак. Некалькі чалавек (у прыватнасці блогераў Сяргея Ціханоўскага і Уладзіміра Няронскага) судзілі некалькі разоў і кожны раз давалі арышты. Агульная колькасць атрыманых сутак з 6 па 22 траўня – 622.

Таксама за гэты перыяд па артыкулах за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП) і за непадпарадкаванне міліцыі падчас гэтых акцый (арт. 23.4 КаАП) 47 чалавек атрымалі штрафы, агульная сума якіх перавышае 47 тысяч рублёў (каля 20000 долараў).

Адміністрацыйныя суды прайшлі ў 20 гарадах краіны: у Мінску, Віцебску, Гомелі, Бабруйску, Магілёве, Оршы, Паставах, Полацку, Наваполацку, Глыбокім, Вілейцы, Гродне, Лідзе, Брэсце, Мазыры, Жлобіне, Мар’інай Горцы, Слуцку (верагодна), Маладзечне, Пінску. Горадамі-“рэкардсменамі” па колькасці палітычна матываваных адміністрацыйных спраў сталі Мінск (больш за 22 суды), Магілёў (21) і Брэст (19).

Але гэтыя лічбы неканчатковыя. Як мінімум да першага чэрвеня будуць працягвацца суды над паплечнікамі Сяргея Ціханоўскага і іншымі актывістамі.

Каго будуць судзіць у бліжэйшы час?

25 траўня

Віцебск (суд Чыгуначнага раёна): Дар’я К (арт. 23.34 КаАП) - за ўдзел у сустрэчы з Сяргеем Ціханоўскім 30 красавіка.

Верагодна ў гэты дзень у Віцебску будуць судзіць затрыманага 22 траўня Аляксея Прохарава

Маладзечна (раённы суд): 09.30. Дзмітрый Булкоўскі (арт. 23.34 КаАП) – за ўдзел у акцыі ў Маладзечна.

Наваполацк (раённы суд): 10.00. Артур Сіні (арт. 23.34 КаАП).

26 траўня

Мінск (суд Першамайскага раёна): Вольга Нікалайчык (арт. 23.34 КаАП) – за ўдзел у стрыме Сяргея Ціханоўскага каля Нацыянальнай бібліятэкі.

27 траўня

Мінск (суд Савецкага раёна): 11.30. Валянцін Троцкі (арт. 23.34 КаАП).

Маладзечна (раённы суд): 09.30. Андрэй Смаляк (арт. 23.34 КаАП) – за ўдзел у сустрэчы з сяргеем Ціханоўскім у Маладзечна і за акцыію па “кармленні галубоў”.

29 траўня

Віцебск (суд Кастрычніцкага раёна): 10.00. Юлія Барсукова (арт. 23.34 КаАП) – за заклікі да “несанкцыянаванага мерапрыемства” ў інтэрнэце.

Магілёў (суд Кастрычніцкага раёна): Ігар Шчамялёў (арт. 23.34 КаАП) – за ўдзел у сустрэчы падпісчыкаў “Краіны для жыцця” ў Магілёве 5 траўня. Ігар сцвярджае, што ў сустрэчы не ўдзельнічаў.

1 чэрвеня

Наваполацк (раённы суд):

  • Наталля Карэліна (арт. 23.34 КаАП) – за ўдзел у акцыі па “кармленні галубоў” 3 траўня і ў стрыме Сяргея Ціханоўскага 29 красавіка.
  • 10.00. Юлія Шэлепень (арт. 23.34 КаАП) – за ўдзел у стрыме Сяргея Ціханоўскага 29 красавіка.
  • 10.30. Аляксандр Шэлепень (арт. 23.34 КаАП) - за ўдзел у стрыме Сяргея Ціханоўскага 29 красавіка.
  • 10.30. Алена Гурчонак (арт. 23.34 КаАП) - за ўдзел у акцыі па “кармленні галубоў” 3 траўня.

Інфармацыя па судовых працэсах будзе ўдакладняцца. Калі вас ці вашых знаёмых выклікаюць у суд ці ў міліцыю за ўдзел у мірных акцыях ці сустрэчах, просім звяртацца да праваабаронцаў:  pierasled@spring96.org (грамадская прыёмная), маб.: (029) 841 39 81 Signal, WhatsApp, Telegram.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства