viasna on patreon

Human Rights Watch: Адвольнае затрыманне мірных крытыкаў улады стварае рызыкі для здароўя

2020 2020-05-26T17:21:31+0300 2020-05-26T17:21:32+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/human-rights-watch.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Human Rights Watch

Human Rights Watch

Напярэдадні жнівеньскіх прэзідэнцкіх выбараў беларускія ўлады ўзмацнілі ганенні на незалежных актывістаў і журналістаў, заявіла сёння Human Rights Watch.

За перыяд з 6 па 13 траўня 2020 г. у 17 гарадах краіны былі адвольна арыштаваныя больш за 120 удзельнікаў мірных пратэстаў, апазіцыйных блогераў, журналістаў і іншых крытыкаў улады. Нягледзячы на пандэмію COVID-19 і павышаную рызыку заражэння, звязаную з умовамі, у якіх утрымліваюцца адміністрацыйна затрыманыя, суды прызначалі грамадзянам да 25 сутак арышту па справах аб "удзеле ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах".

"Новая хваля адвольных арыштаў у Беларусі выклікае асаблівую трывогу ў святле пандэміі COVID-19, – кажа Таня Локшына, намеснік дырэктара Human Rights Watch па Еўропе і Цэнтральнай Азіі. – Людзей у прынцыпе нельга адпраўляць пад арышт за ўдзел у мірных пратэстах, і ўжо зусім недапушчальна ствараць для іх павышаную рызыку заражэння смяротна небяспечнай інфекцыяй".

Кіраўніцтва Беларусі павінна прыслухацца да заклікаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя і іншых экспертных органаў, такіх як Падкамітэт ААН па папярэджанні катаванняў, якія рэкамендуюць на перыяд пандэміі па магчымасці разгружаць турмы і ізалятары.

У Беларусі на 21 траўня было зафіксавана 31 523 выпадкі заражэння каранавірусам. Спасылаючыся на эканамічныя і сацыяльныя выдаткі, улады прынялі рашэнне не ўводзіць каранцінныя меры.

У ліку адпраўленых пад арышт апынуліся актывісты, якія пратэстуюць супраць акумулятарнага завода пад Берасцем; прыхільнікі папулярнага блогера Сяргея Ціханоўскага; актывісты руху "Моладзевы блок", які выступае за правы чалавека і законнасць, а таксама праваабаронцы і журналісты, якія асвятлялі мірныя сходы.

Human Rights Watch звязалася з трыма актывістамі пасля іх выхаду з-пад арышту. У аднаго з іх COVID-19 дыягнаставалі праз некалькі дзён утрымання пад вартай, у другога – сімптомы з'явіліся некалькі пазней, трэцяга везлі ў "стакане" з затрыманым, які кашляў і пры гэтым быў без маскі. Сям'і дваіх з суразмоўцаў Human Rights Watch больш сутак не маглі высветліць іх месцазнаходжанне.

Відэаблогера Сяргея Пятрухіна затрымалі падчас сустрэчы з прыхільнікамі Ціханоўскага, і праз пяць дзён суд у Берасці прызначыў яму 15 дзён адміністрацыйнага арышту. У судзе Пятрухін паскардзіўся на высокую тэмпературу і сімптомы ВРВІ і папрасіў выклікаць "хуткую". Суддзя пагадзіўся, аднак міліцыя вярнула арыштаванага ў ІЧУ да прыезду брыгады.

Пятрухін распавёў Human Rights Watch, што яму ў віну ставіўся ўдзел 19 красавіка ў несанкцыянаваным мерапрыемстве праціўнікаў акумулятарнага завода пад Берасцем, якое ён асвятляў у сваім блогу ў рэжыме стрымінгавай трансляцыі. 6 траўня АМАП уварваўся ў яго дом у вёсцы Востраў, дзе Пятрухін сустракаўся з прыхільнікамі Ціханоўскага, і затрымаў яго самога і яшчэ двух удзельнікаў гэтай сустрэчы. Усіх затрыманых адвезлі ў мясцовы РАУС. Адтуль Пятрухіна з завязанымі вачыма на міліцэйскім аўтобусе адвезьлі ў наваколлі Баранавічаў, дзе перасадзілі ў іншую машыну. На гэтай машыне яго прывезлі ў ІЧУ Ленінскага РАУС Берасця, і ўжо там аформілі затрыманне за ўдзел у адным з штотыднёвых мірных пратэстаў супраць акумулятарнага завода.

8 траўня суддзя распарадзіўся адпусціць Пятрухіна да наступнага пасяджэння, якое было прызначанае на 11 траўня, аднак на выхадзе міліцыя забрала яго і вярнула ў ІЧУ. 11 траўня суд прызначыў Пятрухіну 15 дзён арышту. З суда яго адвезлі ў ІЧУ, не дачакаўшыся прыезду "хуткай", якую выклікалі па яго просьбе.

У ІЧУ Пятрухін настаяў на тым, каб яму вымерылі тэмпературу, і ўжо на іншай "хуткай" яго шпіталізавалі. 12 траўня тэставанне паказала наяўнасць у яго COVID-19, цяпер ён знаходзіцца на лячэнні ў цэнтральнай бальніцы Берасця.

Ціханоўскі быў затрыманы 6 траўня на ўскраіне Магілёва – нібыта па неадбытым арышце на 15 сутак, які яму прызначылі ў студзені па справе аб удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. 18 траўня яму асобна прызначылі яшчэ 15 сутак за сустрэчы з прыхільнікамі ў Оршы і Берасце, якія ўлады таксама кваліфікавалі як несанкцыянаванае мерапрыемства.

19 траўня ў межах асобнай вытворчасці Ціханоўскаму дадаткова прызначылі 15 дзён арышту за сустрэчы з прыхільнікамі ў Салігорску і Мёрах. Як ён сам паведаміў журналістам, на яго заведзена яшчэ сем аналагічных адміністрацыйных спраў.

Праваабаронцу Рамана Кісляка затрымалі 10 траўня ў Берасці, калі ён прысутнічаў у якасці назіральніка на чарговай мірнай акцыі праціўнікаў акумулятарнага завода. Паводле яго слоў, у акцыі прымала ўдзел каля 230 чалавек, мерапрыемства праходзіла ў фармаце "кармлення галубоў", удзельнікі былі без плакатаў і не скандавалі ніякіх лозунгаў. Кісляк быў затрыманы, калі людзі ўжо разыходзіліся.

На міліцэйскім аўтобусе Кісляка адвезлі ў РАУС г. Кобрын Берасцейкай вобласці. З матэрыяламі справы яго азнаёмілі толькі 12 траўня, калі прывезлі ў РАУС Ленінскага раёна Берасця. З пратаколу вынікала, што яму інкрымінуецца ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве 12 красавіка.

З 10 па 12 траўня сям'я Кісляка нічога не ведала пра яго месцазнаходжанне, і маці падала ў міліцыю заяву аб знікненні без вестак.

Адміністрацыйныя слуханні 12 траўня праходзілі без удзелу адваката Кісляка, якога не дапусцілі ў залу. Праваабаронца звярнуў на гэта ўвагу суддзі і таксама паскардзіўся на тое, што супрацоўнікі ІЧУ адабралі ў яго ручку, адмовіліся выдаць новую, і ён не змог напісаць заяву па факце адвольнага затрымання.

Суддзя перанёс разгляд справы па сутнасці і абвясціў, што Кісляк можа быць вольны да наступнага пасяджэння, аднак на выхадзе з суда супрацоўнікі міліцыі зноў затрымалі яго і адвезлі назад у ІЧУ. Там яму прад'явілі яшчэ адзін пратакол, у якім было напісана "за здзяйсненне адміністрацыйнага правапарушэння" без ўказання, якога менавіта. Пры гэтым супрацоўнікі адмовіліся выклікаць адваката, нягледзячы на патрабаванні Кісляка.

На судовым пасяджэнні 14 траўня высветлілася, што па другім пратаколе праваабаронцу ставіцца ў віну ўдзел у несанкцыянаваным пратэсце 3 траўня. Ён хадайнічаў аб праглядзе відэазапісаў з яго тэлефона, па якіх можна было адсачыць яго знаходжанне падчас акцыі. Суддзя пагадзіўся, і Кісляка ў выніку адпусцілі дадому да пасяджэння, прызначанага на 19 траўня. Аднак неўзабаве ён захварэў і пайшоў на хатнюю самаізаляцыю з сімптомамі, падобнымі да COVID-19.

Магілёўскага журналіста Алеся Асіпцова затрымалі 9 траўня ў Бабруйску на "Антыпарадзе", які ён асвятляў па рэдакцыйным заданні незалежнага інфармагенцтва БелаПАН. Акцыя праводзілася ў знак пратэсту супраць рашэння прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі правесці ў Дзень Перамогі ў Мінску парад, нягледзячы на эпідэмічную сітуацыю.

Са слоў Асіпцова, да яго падышоў чалавек у цывільным і, заявіўшы, што супраць яго распачатая адміністрацыйная справа, без далейшых тлумачэнняў прапанаваў прайсці ў міліцэйскі аўтобус. Асіпцова прывезлі ў Ленінскі РАУС Бабруйска, там абшукалі і праз прыкладна пяць гадзін, у 17:30, адвезлі ў Кастрычніцкі РАУС Магілёва, дзе прад'явілі пратакол аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у сустрэчы Ціханоўскага з яго прыхільнікамі ў Магілёве 5 траўня, якую Асіпцоў асвятляў па рэдакцыйным заданні БелаПАН.

З РАУС у ІЧУ Асіпцова везлі ў аўтазаку ў цесным "стакане" з яшчэ адным затрыманым, які ўвесь час кашляў і смаркаўся і пры гэтым быў без маскі. У ІЧУ Асіпцова пасадзілі ў камеру без суседзяў.

Сваякі Асіпцова больш сутак шукалі яго, але не змаглі атрымаць ад уладаў ніякай інфармацыі. У выніку ім удалося ўстанавіць яго месцазнаходжанне па трэкінгу мабільнага тэлефона, пасля чаго яны патэлефанавалі ў ІЧУ, дзе ім пацвердзілі, што Асіпцоў сапраўды знаходзіцца там.

12 траўня суд прызначыў Асіпцову 10 дзён арышту, 19 траўня ён адбыў пакаранне і вярнуўся дадому. Паводле яго слоў, стан здароўя на дадзены момант у яго нармальны.

Улады Беларусі павінны паважаць свабоду сходаў, нагадвае Human Rights Watch. Міжнароднае права прызнае за кожным чалавекам права на свабоду мірных сходаў, такія сходы павінны па змоўчванні лічыцца законнымі, а іх удзельнікі не павінны прыцягвацца ні да крымінальнай, ні да адміністрацыйнай адказнасці нават у тым выпадку, калі ўлады лічаць сход незаконным.

"Адміністрацыйны арышт за ўдзел у мірным сходзе або за яго асвятленне – гэта несправядлівае пакаранне нават у звычайны час, а ва ўмовах пандэміі гэта проста абуральна, – кажа Таня Локшына. – Беларускія ўлады ставяць пад пагрозу здароўе і саміх актывістаў, і іншых затрыманых, і службовых асобаў. Уладам трэба засяродзіць намаганні на барацьбе з распаўсюджваннем каранавіруса, а не ствараць для росту эпідэміі дадатковыя спрыяльныя ўмовы, адвольна адпраўляючы людзей пад арышт".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства