Затрыманні актывістаў і зборшчыкаў подпісаў працягваюцца 31 траўня. Спіс абнаўляецца Дапоўнена
Праваабаронцам "Вясны" з раніцы 31 траўня паведамляюць пра затрыманні актывістаў з усёй Беларусі. Нагадаем, на сёння былі аб'яўлены ў розных гарадах Беларусі ў 12:00 пікеты па збору подпісаў у падтрымку Святланы Ціханоўскай. Міліцыя затрымлівае зборшчыкаў подпісаў за Святлану Ціханоўскую і актывістаў "Народнай Грамады".
Спіс затрыманых 31 траўня:
|
Падрабязнасці:
Як паведамляе тэлеграм-канал "Страна для жизни", раніцай 31 траўня затрыманы трое членаў ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. Сярод затрыманых — Уладзімір Мароз з Кобрына, Валерый Рамановіч з Пінску, Аляксандр Мілюк з Мастоў. Першых даставілі ў мясцовыя РУУС. Мілюку ўручылі позву і адвезлі ў Следчы камітэт у Гродне, каб дапытаць у скасці сведкі па крымінальнай справе, узбуджанай пасля інцыдэнту ў Гродне 29 траўня. Днём Мілюка вызвалілі, ён прыехаў на Савецкую плошчу ў Гродне, дзе ідзе збор подпісаў. Валерыя Рамановіча таксама адпусцілі.
Паведамляецца, што супрацоўнікі міліцыі затрымалі іх у якасці сведак. Па якой справе сябры ініцыятыўнай групы ў якасці сведак дастаўленыя ў міліцыю і Следчы камітэт — не паведамляецца. Меркавана, гэта звязана са здарэннем падчас пікету 29 траўня ў Гродне.
Таксама "Вясне" паведамілі, што ў Мінску затрыманы актывіст "Народнай Грамады" Валянцін Троцкі. Каля 14.00 стала вядома, што актывісту стала дрэнна, у яго гіпертанічны крыз. Яго вязуць у бальніцу хуткай медычнай дапамогі.
Супрацоўнікі міліцыі дзяжураць каля дома палітыка Міколы Статкевіча. Каля 12:30 яго затрымалі людзі ў цывільным па дарозе на пікет на Камароўцы. Яго павезлі ў РУУС Ленінскага раёна г. Мінска. Жонцы Статкевіча Марыне Адамовіч пацвердзілі ў ЦІП, што ён у іх да суда.
Затрыманы Статкевіч. Ягоная жонка піша заяву пра выкраданне
Вольга Нікалайчык паведаміла, што таксама затрыманая актывістка "Народнай Грамады" Вераніка Мішчанка і яшчэ пару чалавек, у якіх была апаратура для мінскага пікета.
Праваабаронцам паведамілі, што ў Гродне таксама затрыманы Валерый Епіфанаў. Пад хатай адной з каардынатарак ініцыятыўнай групы ў Шчучыне Ганны Раманцэвіч таксама дзяжурыць міліцэйская машына. Такая ж самая сітуацыя склалася ў каардынатара ІГ Ціханоўскай па Гомелю і Гомельскай вобласці.
Раніцай 31 траўня на выездзе з Баранавічаў затрымалі актывістку Тамару Патоцкую. Прычына — "не пройдзены тэхагляд". Яе павезлі ў РУУС у суправаджэнні пяці міліцэйскіх машын з мігалкамі. Пазней тг-канал "Народнай Грамады" паведаміў, што Тамару адпусцілі пасля 6 гадзін затрымання.
Паведамляецца, што ў Вілейскім РАУС з раніцы знаходзіцца актывіст Аляксей Сюдак. Ужо скончылася яго 3-гадзіннае затрыманне. Стала вядома, што міліцыя затрымала ў Маладзечне актывіста Алеся Абрамовіча. Ён знаходзіцца ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі.
У Віцебску затрыманы Алег Баразна. Яго затрымалі супрацоўнікі міліцыі падчас усталявання палаткі для збору подпісаў. Паведамляецца, што зніклі Саламаненка і Ільянец.
У Мінску на плошчы Якуба Коласа супрацоўнік ДАІ затрымаў кіроўцу, які сігналіў у падтрымку акцыі. Людзі вакол крычаць " Адпускай".
Два супрацоўнікі ДАІ выпісалі паралельна штрафы двум кіроўцам. Гэта былі кіроўца таксі і кіроўца каршэрынга.
У Гомелі затрымалі блогера Івана Рэмязоўскага. Ён — сірата, вядзе Yotube-канал «RealBelarus», нядаўна адбыў 15 сутак за акцыю салідарнасці з Сяргеем Ціханоўскім 7 траўня ў Гомелі. «Яго схапілі міліцыянты, як толькі ён выйшаў з дому, павезлі ў Навабеліцкі РАУС», — паведаміў "Радыё Свабода" блогер Арцём Шапараў. У 20:20 яго выпусцілі без складання пратаколу. "Нічога не прад'яўлялі і не праводзілі якіх-небудзь размоваў. Проста сядзеў", — распавёў Іван.
Тэлеграм-канал Nexta Live паведамляе пра затрыманне недалёка ад Камароўскага рынку.
У Мінску затрыманы лідар "Маладога фронту" Дзяніс Урбановіч. Знікла сувязь з актывісткай Ірынай Цап.
У Гомелі прыкладна а 12.00 была затрыманая Нарыскіна Святлана. Жанчыну даставілі ў Цэнтральны РАУС. Хутчэй за ўсё затрыманне звязанае з яе ўдзелам у акцыі ў падтрымку Ціханоўскага 7 траўня. Некалькі дзён таму яе і яе мужа Леаніда Кудзінава выклікалі ў міліцыю для складання пратаколу, але яны не пайшлі.
У Брэсце прыкладна ў 16.40 затрыманы АМАПам Анатоль Данількевіч за бел-чырвона-белы сцяг. Яго адпусцілі пасля трох гадзін затрымання. На яго склалі пратакол паводле ч.1 арт. 23.34 КаАП.
У Мінску затрыманы Яўген Гормаш, які крычаў “Ганьба” на супрацоўніка ДАІ, які афармляў пратакол на кіроўцу. Спачатку яго спрабавалі затрымаць супрацоўнікі ДАІ, але народ адбіў яго. Потым яго ўсё ж затрымалі ў дварах супрацоўнікі ў цывільным.
Па відэа, якім актывіст "Маладога фронту" Віталь Трыгубаў паспеў падзяліцца ў Facebook, бачна, як затрымліваюць Віталя, а таксама актывістаў Андрэя Войніча і Максіма Вінярскага. Мікрааўтобус спыніў таксі, дзе ехалі актывісты, затым пачалося затрыманне. Як паведамляе "Белсат", быў затрыманы таксама кіроўца таксі, у якім ехалі актывісты і везлі гукаўзмацняльную апаратуру і плакаты. Прозвішча кіроўцы высвятляецца.
Таксама 31 траўня ў 10:30 мінскія міліцыянты затрымлівалі Ігара Краўчанку. Яго вызвалі толькі ў 20:00 гадзінаў без складання пратаколу.
Раніцай 31 траўня ў Гомелі затрымлівалі таксама непаўнагадовага Ягора Мікалаенку. Яго затрымалі ў 11 гадзін і адпусцілі на волю толькі праз 5 гадзін. Гэты час яго дапытвалі нібы па факту збіцця нейкага мужчыны каля яго дома. Непаўнагадовага апытвалі ўвесь час без законнага прадстаўніка. Акрамя гэтага, у яго ўзялі ўзоры сліны. Таксама раніцай у Гомелі быў затрыманы актывіст Аляксей Раманаў. Яго пратрымалі ў міліцыі пяць гадзінаў і адпусцілі без складання пратаколу.
У Бярозе ў 11:15 быў затрыманы сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай Максім Кавалевіч. Супрацоўнікі міліцыі пратрымалі яго ў мясцовым РУУС да 19 гадзін. Яму прад'яўлялі нібы крадзеж ровару. Па вызваленні не далі ніякіх дакументаў наконт затрымання.
Як паведамляе naviny.by, затрыманых 31 траўня двух праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода пад Брэстам Уладзіміра Мароза і Віталя Казака адпусцілі з міліцыі без складання пратаколаў. Каля 9.00 у Кобрыне быў затрыманы Уладзімір Мароз, які ўваходзіць у ініцыятыўную групу па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Мароза даставілі ў Кобрынскі РАУС, дзе апыталі ў межах крымінальнай справы аб згарэлай фуры пад Кобрынам. Каля 17.30 актывіста адпусцілі з міліцыі. У Брэсце каля 20.00 недалёка ад кінатэатра "Беларусь" на вуліцы Савецкай супрацоўнікі міліцыі затрымалі Віталя Казака, пасля таго як ён скончыў стрым з пікету па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Яго даставілі ў Ленінскі РАУС Брэста і пасля апытання адпусцілі (каля 22.00).
Інфармацыя дапаўняецца і ўдакладняецца.
Затрыманых у Гродне перавезлі ў Мінск:
Затрыманых у Гродне перавезлі ў Мінск. Яны праходзяць па крымінальнай справе
Падрабязнасці інцыдэнту 29 траўня ў Гродне на пікеце ў падтрымку Святланы Ціханоўскай тут:
У Гродне затрымалі блогера Ціханоўскага і яго паплечнікаў. Спіс абнаўляецца
Афіцыйны каментар МУС па справе тут:
МУС пракаментавала затрыманні ў Гродне: Заведзена крымінальная справа