“Гэта зусім не класна!”: Першая праваабарончая гульня для падлеткаў
Да Міжнароднага дня абароны дзяцей Таварыства Беларускай школы і Асветніцка-дабрачынная ўстанова “Камітэт Салідарнасць” распрацавалі першую беларускамоўную камп’ютарную гульню “ГЭТА ЗУСІМ НЕ КЛАСНА!”. Мэта гульні – дапамагчы дзецям 13-17 гадоў зразумець іх правы і набыць навыкі бяспечных паводзінаў.
У гульні выкарыстоўваюцца забаўляльныя, інтэрактыўныя і пазнавальныя магчымасці навучэння правам чалавека. Кожны раз, калі юныя гульцы трапляюць ў складаную сітуацыю, ім даецца важная падсказка ад праваабаронцы, як лепш дзейнічаць.
Гульня адрасавана не толькі падлеткам, але і тым, хто з імі працуе, і дае добрую магчымасць абмяркаваць правы дзяцей, як яны выкладзены ў Канвенцыі ААН і як яны выконваюцца альбо парушаюцца ў гульні і ў нашай рэчаіснасці.
Вось некаторыя з іх:
- Дзеці маюць права ведаць свае правы. Дарослыя – асабліва праваахоўнікі і настаўнікі – таксама павінны ведаць правы дзяцей, каб лепш іх абараняць.
- Дзеці маюць права на юрыдычную дапамогу, на справядлівы разбор у межах прававой сістэмы, якая б улічвала іх інтарэсы. З боку дарослых недапушчальна стыгматызаваць дзяцей як правапарушальнікаў, бо іх светапогляд канчаткова не сфармаваны.
- Дзеці павінны быць абаронены ад усіх відаў гвалту. Дарослые – ў тым ліку міліцыянеры – не маюць права зневажаць дзяцей на падставе прадузятага стаўлення, маніпуляваць імі у сваіх інтарэсах і г.д.
Гульня дае падставы пагутарыць з падлеткамі і выхавацелямі пра тое, што яны могуць зрабіць у рэальным жыцці, каб абараніць правы альбо дапамагчы тым дзецям, чые правы парушаныя.
ПАГУЛЯЦЬ У "ГЭТА ЗУСІМ НЕ КЛАСНА!" |