Адміністрацыйныя суды над затрыманымі праходзяць у некалькіх гарадах Беларусі Дапоўнена
У розных гарадах Беларусі ў панядзелак восьмага чэрвеня будуць праходзіць суды над затрыманымі ў пятніцу і на выходных. Нагадаем, што ў апошнія тры дні па краіне было затрымана каля 40 чалавек, частку з іх пакінулі ў ізалятарах часовага ўтрымання да судоў. Гэта актывісты "Народнай грамады", "Еўрапейскай Беларусі", валанцёры ініцыятыўнай групы святлана Ціханоўскай і іншыя людзі.
Мінск
У Мінску мусяць адбыцца суды над затрыманымі ппадчас і пасля нядзельнай акцыі ля Камароўскага рынку, а таксама над затрыманамі ў пятніцу прэвентыўны.
Спіс затрыманых у нядзелю
Як праходзілі нядзельныя пікеты? Шмат фота, падрабязнасці, абставіны затрыманняў.
Вядома, што разгляд спраў палітыка Паўлам Севярынцам і сябра ініцыятыўнай групы Вольгі Кавальковай Валянціна Фралова пройдуць у судзе Фрунзенскага раёна. Валянцін быў затрыманы перад пачаткам акцыі, а Павел - пасля, ужо каля дома. Але затым суд для Валянціна Фралова перанеслі ў Савецкі. Ён атрымаў 15 сутак арышту.
Павел Севярынец таксама атрымаў 15 сутак арышту.
Затрыманую пасля акцыі на Камароўцы Вольгу Нікалайчык ў судзе Першамайскага раёна асудзілі на 15 сутак. Справу разглядала суддзя Анастасія Ляйкоўская.
У судзе Савецкага раёна Мінска Алегу Баброўскаму, сябру ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, далі 20 сутак арышту і штраф.
Затрыманы ў пятніцу сябра "Народнай грамады" Рыгор Пагарцаў атрымаў 15 сутак арышту. Яго судзілі ў судзе Цэнтральнага раёна.
Усяслава Пашкевіча прывезлі ў суд Першамайскага раёна. Там яму далі штраф у 30 базавых велічынь (810 рублёў).
Затрыманых каля ГЦ "Сілуэт" Дзмітрыя Ражкова, Аляксея Вісцяжа, Іллю Латужку і Віталя Карніенку развезлі па розных судах. Дзмітрый Ражкоў атрымаў 30 базавых велічынь (суд Цэнтральнага раёна).
Віталь Карніенка - 25 базавых велічынь (675 рублёў). Пасяджэнне праходзіла ў судзе Маскоўскага раёна.
Ілля Латужка і Аляксей Вісцяж - па 20 базавых штрафу (540 рублёў). Іх судзілі ў судзе Савецкага раёна.
Актывістку "Народнай грамады" Вераніку Мішчанка прывезлі ў суд Маскоўскага раёна. Яе судзіць Таццяна Мотыль. На плячах у Веранікі гематомы пасля затрымання. Ёй далі 15 сутак арышту. Жанчыну судзілі за акцыю ў Гомелі 31 траўня.
Аляксей Ананіч атрымаў 20 базавых велічынь штрафу (540 рублёў).
У судзе Заводскага раёна 15-суткавы арышт атрымаў Аляксандр Грачышнікаў. Суд над Валерыем Рабцавым перанеслі на 9 чэрвеня, ён на волі.
У судзе Фрунзенскага раёна на 25 базавых велічынь кожнага аштрафавалі Міхаіла Радкевіча і Віталя Стрыкоўскага.
Віцебск
Віцебкую блогерку Алену Янушкоўскую, якую затрымалі 5 чэрвеня і да суду зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, прызналі вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу, які, паводле міліцыі, адбыўся ў Віцебску 31 траўня. Суд Віцебскага раёну аштрафаваў жанчыну на 40 базавых велічынь. Яшчэ двух актывістаў – Алега Паўлава і Аляксандра Мацеюка прысудзілі да адміністрацыйных арыштаў, піша "Віцебская Вясна".
Справу Янушкоўскай у судзе Віцебскага раёну разглядаў 8 чэрвеня па скайпе судзьдзя Міхаіл Зубеня. Актывістку абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве – мітынгу, які прайшоў у Віцебску 31 траўня з удзелам палітыка Паўла Севярынца. Паводле пратаколу, Янушкоўская выкрывала лозунгі «Лукашэнка, сыходзь!», «Жыве Беларусь!»
Жанчына не згадзілася з пратаколам і заявіла на судзе, што ў той дзень брала ўдзел у цалкам законным пікетаванні для збору подпісаў.
Суддзя Зубеня пасля прагляду відэа, знятага міліцыянтамі, палічыў віну актывісткі даказанай і пакараў яе паводле ч.3 арт. 23.34 КаАП штрафам у памеры 40 базавых велічынь (1080 рублёў). Алена Янушкоўская цяпер на волі.
Апроч таго, 8 чэрвеня адбыліся яшчэ два суды над затрыманымі ў мінулую пятніцу і суботу актывістамі, якія знаходзяцца ў ІЧУ. Справы Алега Паўлава і Аляксандра Мацеюка разглядаў суд Чыгуначнага раёну Віцебску. Актывістаў таксама абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу 31 траўня. Суддзя Алена Цыганкова прысудзіла Паўлава да 5 сутак арышту. Мацеюк атрымаў 7 сутак арышту.
Гродна
Да вызваленага ў пятніцу з СІЗА Сяргея Калмыкова сёння раніцай прыехалі супрацоунікі міліцыі і забралі у Ленінскі РАУС Гродна. Сказалі, што ён мусіць азнаеміцца з матэр'яламі адміністрацыйнай справы. Па крымінальнай справе, са словау блізкіх Сяргея, ён праходзіць як сведка. У выніку яго проста апыталі. Ён на волі.
Актывіст Мікалай Салянік атрымаў 40 базавых велічынь штрафу. Яго судзілі адразу пасля выхада са шпіталя.
Гомель
Юрый Уласаў, які ўжо правёў за кратамі 30 сутак, атрымаў новы 15-суткавы арышт, піша "Радыё Свабода". Яго судзілі за дробнае хуліганства і непадпарадкаванне міліцыі. Таксама 15 сутак арышту атрымаў Аляксей Думянкоў за непадпарадкаванне міліцыі (арт. 23.34 КаАП).