Праваабаронца Аляксандр Буракоў патрабуе ўзбудзіць крымінальную справу супраць міліцыянтаў
Журналіст і праваабаронца з Магілёва Аляксандр Буракоў звярнуўся ў пракуратуру з заявай аб узбуджэнні крымінальнай справы ў адносінах да супрацоўнікаў міліцыі, якія праводзілі яго затрыманне і складалі на яго адміністрацыйныя пратаколы. Пра гэта паведамляе інтэрнэт-выданне "Часопіс пра правы чалавека" MSPRING.ONLINE.
Нагадаем, Аляксандр Буракоў быў затрыманы 8 траўня каля будынку суда Кастрычніцкага раёну, куды прыйшоў назіраць за працэсам над калегамі-журналістамі. Арыштоўвалі яго адразу пяць чалавек – імі кіраваў намеснік начальніка аддзела правапарадку міліцыі грамадскай бяспекі маёр Павел Башарымаў. Яго, перш за ўсё, журналіст і патрабуе прыцягнуць да адказнасці.
"Гэта персанальныя рэпрэсіі". Праваабаронца Аляксандр Буракоў выйшаў з ІЧУ
Высветлілася, што ў РАУС Ленінскага раёна Буракова даставілі не праз агульны ўваход у дзяжурную частку, а праз службовыя памяшканні практычна таемна: машына заехала на абгароджаную тэрыторыю РАУС, дзе размяшчаюцца гаражы і іншыя пабудовы.
Там нехта А.Л. Ячмянёў склаў на яго пратакол адміністрацыйнага затрымання. Буракоў пры гэтым даў вычарпальныя тлумачэнні і распавёў, што выконваў журналісцкія і праваабарончыя функцыі.
Нягледзячы на тое, што журналіст прад’явіў пасведчанне, якое пацвярджае яго сувязь з прафесіяй, далей у справу ўмяшаўся яшчэ і старшы інспектар ААПП МГБ АУС адміністрацыі Ленінскага раёна маёр Уладзімір Паўлаў. Ён склаў, на думку Буракова, загадзя ілжывы пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па артыкуле 23.34 КаАП (Удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Як піша ў скарзе журналіст, гэта было зроблена ў парушэнне артыкула 198 КК Рэспублікі Беларусь - “Перашкаджэнне законнай прафесійнай дзейнасці журналіста”.
Першапачаткова Аляксандр Буракоў растлумачыў міліцыянтам, што ажыццяўляе журналісцкую дзейнасць і з’яўляецца членам праваабарончага руху. 6 траўня з’явілася інфармацыя аб знікненні блогера Сяргея Ціханоўскага і яго двух кіроўцаў, таму журналіст прыступіў да вышуку людзей. Яго задачай было фіксаваць тое, што адбываецца і перадаваць інфармацыю.
Сітуацыя цікавая яшчэ і тым, што паказанні маёра Башарымава цалкам пацвярджаюць апісанае Бураковым. Аднак ён, тым не менш, як лічыць Буракоў, вырашыў даць ход відавочна палітычна матываванай справе з мэтай персанальнага пераследу журналіста і яго сям'і, а гэта азначае парушэнне артыкула 190 КК "Парушэнне раўнапраўя грамадзян".
Міліцыянт абвінаваціў журналіста ў тым, што яго “удзел [у несанкцыянаваным мерапрыемстве - заўв.] доўжыўся крыху больш за дзве хвіліны”.
Пры гэтым у матэрыялах справы маецца пратакол апытання ўжо ў якасці сведкі таго ж маёра Башарымава, дзе ён патлумачыў, што апазнаў Аляксандра Буракова, бо яго ведае. Таксама ён сцвярджае, што нібыта журналіст з’яўляецца "актыўным удзельнікам акцый з удзелам апазіцыйна настроеных грамадзян, якія праходзяць на тэрыторыі раёна".
У адказ на дзеянні міліцыі Аляксандр Буракоў вырашыў звярнуцца ў пракуратуру: ён ніколі з Паўлам Башарымавым знаёмы не быў, нідзе з ім не перасякаўся і кантактаў не шукаў. Да таго ж, сцвярджае журналіст, у акцыях з удзелам апазіцыйна настроеных грамадзян ён не ўдзельнічаў.
Журналіст просіць пракуратуру праверыць, ці не парушыў маёр Башарымаў артыкул 179 Крымінальнага кодэкса ("Незаконнае збіранне альбо распаўсюджванне інфармацыі аб прыватным жыцці"), бо атрымліваецца, міліцыянт таемна вядзе сачэнне за ім і, як аказалася, за членамі яго сям’і.
Аляксандр Буракоў лічыць, што прычынай пераследу сталі яго крытычныя артыкулы і дзейнасць у якасці вядучага палітычных праграм. Таму ён мяркуе, што міліцыянтамі парушаны яшчэ і артыкул 197 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь ("Пераслед грамадзянаў за крытыку").