viasna on patreon

На сям’ю Мікіты Емяльянава па-ранейшаму аказваецца ціск

2020 2020-06-12T12:35:06+0300 2020-06-12T13:12:36+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/anastasiya_emelyanova_nikita_emelyanov_sud_nad_anarkhistami.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Анастасія Емяльянава з сынам Мікітай

Анастасія Емяльянава з сынам Мікітай

Маці палітзняволенага Мікіты Емяльянава паведаміла праваабаронцам “Вясны”, што працяглы час на яе сям’ю аказваецца ціск з боку праваахоўных органаў. 

Анастасія Емяльянава кажа пра пагрозы, якія паступаюць ад сілавікоў, з-за яе актыўнай падтрымкі сына, апублічванні інфармацыі і напісання лістоў іншым вязням.      

Праз знаёмага маці Мікіты Емяльянава перадалі, што яна мусіць паводзіць сябе асцярожна, бо ў адносінах да яе могуць зрабіць правакацыю, каб “закрыць”, а пра яе “дзейнасць” дакладаюць на “самы верх”. Хто дакладна з’яўляецца “дабразычлівым сябрам”, жанчына не ведае, але мяркуе, што хутчэй за ўсё гэта нейкі супрацоўнік праваахоўных органаў.

“Той чалавек патлумачыў, што мая “дзейнасьць” вельмі раздражняе ўладу, таму ўлады загадалі знайсьці любую нагоду, каб "закрыць" мяне ці майго сужэнца. Калі нагоду ня знойдуць - то прыдумаць яе”, - распавяла Анастасія Емяльянава.

Жанчына падкрэсліла, што пагрозы ад уладаў паступалі ў адрас яе сям’і і раней: калі ішло следства па справе Мікіты Емяльянава і Івана Комара.

“Нам казалі, што мы мусім паўплываць на паводзіны нашага сына таму, што падчас следства Мікіта паводзіў сябе "няправільна". І нам пагражалі, каб мы не давалі інтэрв’ю прэсе.

Зараз з прычын, якія так раздражняюць улады, і што можна назваць "маёй дзейнасьцю", я магу здагадвацца, – гэта ліставанне з палітвязьнямі і прадастаўленне інфармацыі для Радыё Свабода", – адзначае маці палітвязня.

listy_viazniam2.jpg
Лісты вязням, якія дасылае Анастасія Емяльянава

Анастасія Емяльянава кажа, што піша лісты да антыфашыста Іллі Валавіка, праваабаронцы Міхаіла Жамчужнага і Святаслава Барановіча, які заступіўся за анархістаў у сакавіку 2017 года падчас “дармаедскіх пратэстаў”.

“Раней я пісала Вадзіму Бойка да таго, калі ён выйшаў на волю.

Таксама я перапісвалася з Піліпам Шаўровым, калі ён сідзеў у СІЗА падчас следства, і прыносіла два разы Піліпу перадачкі на Валадарку. Зараз і ён на волі.

І адзін раз я пісала Івану Комару, але адказу не атрымала.

У апошнім сваім лісце Ілля Валавік мне напісаў, што мой ліст "вельмі доўга ішоў да яго і прайшоў праз шмат рук перад тым, каб трапіць да яго”, - кажа маці Мікіты Емяльянава.

Яна адзначае, што змест яе лістоў з большага пазнавальна-забаўляльны, нічога палітычнага ці крытыкуючага ўладу ў іх няма. Жанчына і надалей плануе працягваць перапіску з вязнямі.

Нагадаем, Мікіты Емяльянаў быў асуджаны судом Савецкага раёна г. Мінска 12 лютага 2020 года да 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за сімвалічныя акцыя супраць пераследу палітзняволеных. 27 сакавіка Мінгарсуд па апеляцыйнай скарзе зменшыў тэрмін Мікіце Емяльянаву — да 4 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала яго палітзняволеным. 

29 траўня Мікіта Емяльянаў быў пераведзены на строгі рэжым турэмнага зняволення. 9 чэрвеня ён этапаваны ў турму №4 г. Магілёва. 

Дасылаць лісты Мікіце Емяльянаву можна на адрас: турма №4, вул. Крупскай, 99а, Магілёў, 212011

"Хачу напісаць вязню!" Распавядаем, як гэта зрабіць

Мы падрыхтавалі інструкцыю, для тых, хто хоча напісаць у месцы зняволення, але не ведае, як гэта зрабіць.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства