viasna on patreon

"Мільёны людзей у Беларусі жадаюць зменаў". Вялікая гутарка з Алесем Бяляцкім пра выбары

2020 2020-06-15T13:41:25+0300 2020-06-15T14:19:11+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bialiacki-12.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Днямі праваабарончая супольнасць Беларусі выступіла з тэрміновай заявай, у якой заклікала беларускія ўлады спыніць ціск і запалохванне людзей у сувязі з іх удзелам у выбарчай кампаніі. У гісторыі незалежнай Беларусі складваецца беспрэцэдэнтная сітуацыя: за два месяцы да выбараў у краіне ў сувязі з кампаніяй узбуджаны каля дзесятка крымінальных справаў, па іх палітвязнямі прызнаны восем чалавек, узбуджаны таксама дзясяткі адміністрацыйных справаў, амаль штодзённа праходзяць затрыманні і арышты актывістаў і простых выбаршчыкаў, якія ўдзельнічаюць у мірных пікетах па зборы подпісаў, таксама адбываецца ціск непасрэдна на некаторых прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта. З самага свайго пачатку выбарчая кампанія праходзіць у атмасферы страху, пагроз і запалохвання. Праваабаронцы адзначылі, што ў такіх умовах нельга казаць аб правядзенні сумленных і справядлівых выбараў.

Мы паразмаўлялі на гэтую тэму са старшынёй Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесем Бяляцкім. Як праваабаронца бачыць сённяшнюю грамадска-палітычную абстаноўку ў Беларусі, чым адрозніваецца гэтая выбарчая кампанія ад папярэдніх, як можна расцэньваць цяпершанія дзеянні беларускіх уладаў, чаго чакаюць праваабаронцы ад гэтых выбараў — у нашым матэрыяле.

Алесь Бяляцкі. Фота: Радыё Свабода.
Алесь Бяляцкі. Фота: Радыё Свабода, Уладзь Грыдзін

“З’яўленне новых асобаў выклікала разгубленасць ва ўладаў і сапраўдны фурор у грамадстве”

Алесь Бяляцкі адзначае, што цяпер у Беларусі склалася незвычайная грамадска-палітычная сітуацыя, якой падчас папярэдніх прэзідэнцкіх выбарчых кампаній у нашай краіне не назіралася.

“Традыцыйная дэмакратычная апазіцыя, якая была асноўным супернікам Лукашэнкі на ранейшых выбарах, цалкам выдахлася ў 2015-м годзе. Яе месца занялі падстаўныя спарынг-партнёры, якія гулялі ў выбары па правілах прэзідэнцкай каманды. Гэтая гульня была з прадказальным вынікам, без асаблівых стратаў для абодву бакоў. Яшчэ пару месяцаў таму здавалася, што і гэтая прэзідэнцкая кампанія пройдзе па гэткай жа схеме, выбары будуць зымітаваны і скончацца трыумфам правячай касты.

Але, як аказалася, у значнай часткі беларускага грамадства выспела вялікая патрэба на змены. Кепская эканамічная сітуацыя, мізэрныя заробкі, адсутнасць перспектываў для развіцця, поўная задуха ва ўсіх сферах жыцця вымушаюць людзей, нават ніякім чынам не звязаных з палітыкай, шукаць выйсця. Да ўсяго, правал барацьбы з эпідэміяй каранавірусу, нядаўні бессэнсоўны парад, іншая траскучая паказуха, карупцыя на вышэйшым узроўні, паказалі шырокаму грамадству, наколькі сённяшні прэзідэнт за гэтыя 26 гадоў праўлення адарваўся ад рэальнага жыцця.

З’яўленне новых асобаў, раней не звязаных з традыцыйнай апазіцыяй, якія заявілі пра жаданне ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі, выклікала разгубленасць ва ўладаў і сапраўдны фурор у грамадстве, моцны ўздым спадзяванняў на магчымыя змены. Візуальным доказам прагі людзей да пераменаў былі вялікія чэргі да зборшчыкаў подпісаў. Такога яшчэ не было ніколі".

"Калі цяперашні прэзідэнт зразумеў, што справа з выбарамі набірае сур’ёзны абарот, то ўсе мы пачулі: “Страну они не получат!”

"Прычым, трэба сказаць, што новыя лідары грамадскіх думак за месяц прайшлі сур’ёзны шлях ад малавопытных у палітычных баталіях людзей да асобаў, якія чуйна ловяць настроі грамадства і пастаянна ўдасканальваюцца. Я мяркую, ніхто з іх не чакаў, што ўдары ўлады па іх будуць такімі моцнымі. Яны спадзяваліся хоць на цывілізаваныя правілы гульні. Але калі цяперашні прэзідэнт зразумеў, што справа з выбарамі набірае сур’ёзны абарот, то ўсе мы пачулі: “Страну они не получат!”

Пасыпаліся рэпрэсіі супраць ягоных супернікаў. Сяргей Ціханоўскі напачатку быў незарэгістраваны і неўзабаве апынуўся ў турме. Там жа апынулася бліжэйшае кола банкіраў і бізнэсмэнаў, з якімі працаваў Віктар Бабарыка. Яму самому недвухсэнсоўна пагражаюць зняволеннем. Аказваецца ціск і на Валерыя Цэпкала.

Гучаць абвінавачванні, што альтэрнатыўных кандыдатаў падтрымліваюць расійскія алігархі, ледзь не афіцыйная Масква. Дык прадстаўляйце жалезныя доказы і разбірайцеся, што за Саюзную дзяржаву вы пабудавалі за 20 гадоў, і што ў вас за саюзнік, які ў незалежнай краіне прасоўвае на пасаду прэзідэнта сваіх крэатур.

Новае ў гэтай выбарчай кампаніі тое, што галоўную небяспеку для сваёй улады Лукашэнка бачыць не з Захаду, а з Усходу. Неаб’яўленая эканамічная вайна з “Газпрамам”, якую пачаў афіцыйны Мінск, наспявала даўно з-за высокіх, у параўнанні з еўрапейскімі, коштамі на газ, якія карпарацыя прадае беларусі. Але “Газпрам” у значнай ступені і ёсць сама Расія”.

“Новым падчас гэтай кампаніі з’яўляецца прыцягненне дактароў да рэпрэсіяў супраць актывістаў”

Пад рэпрэсіі трапляюць не толькі альтэрнатыўныя прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта і іх каманды, але і на актывісты, блогеры і журналісты, праваабаронцы і іншыя людзі, якія праяўляюць нейкую актыўнасць падчас выбарчай кампаніі. Пра што гэта можа сведчыць і як расцэньваць гэтыя дзеянні ўладаў у кантэксце выбарчай кампанні?

“А вось у гэтым нічога новага мы не бачым. Вайну з грамадзянскай супольнасцю беларускі рэжым вядзе ўжо 25 гадоў. Яна заціхае ў часы палітычнага шцілю і разгараецца з асаблівай сілай падчас уздыму грамадскай актыўнасці, асабліва падчас прэзідэнцкіх выбараў. Улады задзейнічаюць усе магчымыя формы рэпрэсіяў, найбольш распаўсюджаныя з якіх: судовы, міліцэйскі, пракурорскі пераслед, пазбаўленне права на працу і вучобу, падаткавыя органы, ваенкаматы.

Сотні людей ўжо былі неабгрунтавана рэпрэсаваныя напярэдадні і падчас гэтай выбарчай кампаніі. Сённяшні час не параўнаць з 2015-м годам, але лёгка можна параўнаць з выбарчымі кампаніямі 2006-га і 2010-га гадоў. І яшчэ, як кажуць, не вечар. Кожны дзень адбываюцца затрыманні і суды.

Новым падчас гэтай кампаніі з’яўляецца прыцягненне дактароў да рэпрэсіяў супраць грамадскіх актывістаў. І там адбылося расслаенне на прыстойных людзей і падлюг. Пераважная большасць дактароў самаахвярна змагаецца з каронавірусам, аднак хтосьці з доктарскіх начальнічкаў фальсіфікуе і ўтойвае рэальныя лічбы захварэлых і памёрлых ад пошасьці, аддае загады не ставіць сапраўдныя дыягназы, не праводзіць тэставанне. Вось жа, падчас кампаніі збору подпісаў дайшло да таго, што некаторых членаў ініцыятыўных групаў, актывістаў, ізалююць пры дапамозе медыкаў, каб выключыць іх з выбарчага працэсу, ці мэтава караюць за парушэнне неабгрунтаванай ізаляцыі.

Пад каток рэпрэсіяў трапляюць і журналісты і праваабаронцы. Гэта, хіба непазбежна, бо мы з’яўляемся часткай беларускага дэмакратычнага грамадства. Мы змагаемся на права на распаўсюд інфармацыі, за іншыя правы нашых грамадзянаў, мы фіксуем парушээнні правоў чалавека. Гэтым мы небяспечныя для ўладцаў. Улада плоціць нам сваёй, зразумелай для іх манетай. Менавіта таму за апошні час пераследаваліся нашыя калегі праваабаронцы Алена Маслюкова з Светлагорску, Алесь і Аляксандр Бураковы з Магілёва, Уладімір Вялічкін з Брэста".

Алену Маслюкову будуць судзіць. Праваабаронцы патрабуюць спыніць яе пераслед

На праваабаронцу "Вясны" Алену Маслюкову 11 чэрвеня супрацоўнікі светлагорскага РАУС склалі пратакол па ч. 1 арт. 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) нібы за ўдзел 31 траўня ў пікетаванні ў мясцовым скверы.

"Жаданне свабоды і справядлівасці ў беларускіх людзей невынішчальнае"

"Зразумела, што Лукашэнка хацеў бы вярнуць сітуацыю ў краіне пад поўны кантроль, зрабіць яе такой, якой яна была яшчэ поўгады таму. Вось таму прыкметна ўзмацніўся ціск на грамадства. Адбылася кэгэбізацыя ўраду і кіроўнага кола. Там зараз рознага кшталту генералаў — праз аднаго, калі не болей. Манера і звычка стасункаў з грамадствам у іх адпаведныя. Мяркую, што на этапе выбараў узровень рэпрэсіяў, гвалту, ціску на беларускае грамадства будзе толькі павялічвацца.

Але ўсяму ёсць свая мяжа. У нас усё ж не Паўночная Карэя і не Узбекістан часоў Карымава. Таму інтрыга барацьбы часткі грамадства, якая жадае зменаў, з правячай кансерватыўнай клікай, якая імкнецца пакінуць усё як ёсць, застаецца. І вынікі гэтай барацьбы канчаткова не прадвызначаныя. Усе папярээднія гады ўладам удавалася паспяхова задушыць пратэсты супраць фальсіфікацыяў выбараў, супраць аб’яднаўчых ініцыятываў з Расіяй, супраць дрэннага эканамічнага становішча. Як яно будзе гэтым разам – пабачым.

Урэшце, у любым выпадку, чым бы не скончылася гэтая выбарчая кампанія, ужо яе пачатак паказаў, што мільёны людзей у Беларусі жадаюць зменаў у краіне. І гэта вельмі радуе. Жаданне свабоды і справядлівасці ў беларускіх людзей невынішчальнае.

У той жа час, улады не гатовыя ні да правядзення дэмакратычных рэформаў увогуле, ні да справядлівых і празрыстых выбараў у прыватнасці. Правячая кансерватыўная кліка будзе імкнуцца ўтрымаць уладу любым чынам, не зважаючы на Канстытуцыю ды іншыя законы, якія гарантуюць беларускім грамадзянам іх грамадскія ды палітычныя правы".

“Мы хочам толькі аднаго: сумленнага і празрыстага выбарчага працэсу”

Праваабарончая супольнасць Беларусі ў апошняй заяве адзначыла, што “ў такіх умовах нельга казаць аб правядзенні сумленных і справядлівых выбараў”. Што гэта значыць і на што паўплывае прыезд місіі БДІПЧ АБСЕ у Беларусь?

“Ацэнку выбарам як беларускія, так і міжнародныя назіральнікі будуць рабіць па выніках усёй выбарчай кампаніі. Але зараз узровень парушэнняў і ціску на альтэрнатыўнах вылучэнцаў дасягнуў такога ўзроўню, што беларускія праваабаронцы былі вымушаныя ўголас запатрабаваць ад уладаў спыніць ціск і запалохванне людзей, якія бяруць удзел у выбарачай кампаніі.

Патэнцыйна карыснай у гэтай сітуацыі аказваецца роля спецыяльнага дакладчыка па Беларусі ААН, якая робіць рэгулярныя незалежныя даклады па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Калі беларускія ўлады будуць працягваць палітыку масавага парушэння правоў беларускіх грамадзянаў, у тым ліку і права на сумленныя і справядлівыя выбары, калі будуць утрымліваць іх у турмах па палітычных матывах, мяркую, што Захад можа пашырыць санкцыі супраць асобаў, вінаватых у гэтых парушэннях. І тады ніякі Орбан не выратуе Лукашэнку ад санкцый.

Тое, што прыедуць міжнародныя назіральнікі, гэта добра. Будзе незалежная ацэнка выбарчага працэсу і вынікаў выбараў. Гэта ўплывае на ўзровень легітымнасці беларускіх уладаў, і, адпаведна, на градус даверу да яе на міжнароднай арэне.

Беларускія праваабаронцы не хочуць нічога звышнатуральнага. Мы хочам толькі аднаго: сумленнага і празрыстага выбарчага працэсу. Каб палітычныя баталіі вырашаліся мірна, не праз рэпрэсіі і гвалт. Каб кожны голас нашых беларускіх грамадзянаў-выбаршчыкаў быў справядліва ўлічаны”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства