viasna on patreon

Тром актывістам "Народнай Грамады" прысудзілі праз Skype яшчэ па 15 сутак арышту Дапоўнена

2020 2020-06-16T17:56:04+0300 2020-06-18T09:33:15+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/skype-sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Актывістам "Народнай Грамады" Валянціну Троцкаму, Аляксандру Грэчышнікаву і Вераніке Мішчанка прысудзілі новыя 15 сутак арышту. Суды над імі прайшлі 16 чэрвеня праз Skype-канферэнцыю, бо кожны з актывістаў адбывае ранейшыя 15-суткавыя арышты — за ўдзел у "несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве" (арт. 23.34 КаАП). Падстава гэтых арыштаў — знаходжанне актывістаў на пікетах па збору подпісаў за вылучэнне альтэрнатыўных кандыдатаў.

Такая ж падстава была і ў новых адміністрацыйных пратаколах, якія разглядаліся 16 чэрвеня.

Валянціна Троцкага судзілі ў судзе Фрунзенскага раёна. Рашэнне аб новым арышце ў 15 сутак прыняў суддзя  Дзмітрый Лукашэвіч.

Валянцін Троцкі. Фота з сайта hramada.org

Валянціна Троцкага затрымалі ранкам 3 чэрвеня, а на наступны дзень асудзілі на 15 сутак. На волю ён мусіў выйсці 18 чэрвеня, але верагодна, з улікам новага пакарання, застанецца пад вартай да 3 ліпеня.


Таксама 16 чэрвеня  ў судзе Заводскага раёна горада Мінска суддзя Капцэвіч асудзіла Аляксандра Грачышнікава на 15 сутак адразу па двух пратаколах — за прысутнасць на пікетах 21 і 24 траўня. Судовае паседжанне, якое было запланавана на 16.00, распачалося амаль на дзве гадзіны пазней. Як растлумачыў сакратар суда, перашкодзілі гэтаму нейкія тэхічныя прычыны.  Аляксандр выйшаў на сувязь з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў, бо на дадзены момант таксама адбывае  яшчэ адныя 15 сутак арышту за тое, што прысутнічаў на пікеце па збору подпісаў сёмага чэрвеня.

Аляксандр Грачышнікаў падчас перапынку на сваім судовым паседжанні
Аляксандр Грачышнікаў падчас перапынку на сваім судовым паседжанні

У той жа дзень асудзілі і Вераніку Мішчанка. Акалічнасці ўсё тыя ж — праз Skype суддзя вынес рашэнне аб новых 15 сутках арышту.  Зараз Вераніка таксама адбывае арышт у 15 сутак, які раней вынесла суддзя Таццяна Мотыль за ўдзел актывісткі ў пікетах сёмага чэрвеня.

За паўтара месяца – больш за 1200 сутак арыштаў і сотня непад'ёмных штрафаў. Наперадзе новыя суды

Па дадзеных, якімі Праваабарончы цэнтр “Вясна” валодае па стане на 16 чэрвеня, у Беларусі ў перыяд з 6 траўня 97 чалавек атрымалі агулам 1246 сутак арышту па адміністрацыйных артыкулах, выкарыстаных у мэтах палітычнага пераследу. 105 чалавекі атрымалі штрафы агульным памерам каля 90000 рублёў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства