viasna on patreon

Блог Паўла Сапелкі: Тры падыходы да шафы

2020 2020-06-17T12:43:22+0300 2020-06-17T12:43:23+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/grodno_vybory_tihonovskiy_20200529_gord_tutby-8323.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сяргей Ціханоўскі ў Гродне

Сяргей Ціханоўскі ў Гродне

Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка ў чарговым выпуску блога "Слова аб праве" ў "Белгазеце" аналізуе парушэнне асноўных правоў і свабодаў, а таксама непаслядоўнасць працэсуальных дзеянняў у справе Сяргея Ціханоўскага. 

Што мяне больш за ўсё прыгнятае ў нашай маладой, але вельмі незалежнай дзяржаве - гэта, бадай, поўная безабароннасць кожнага. Цаной іншадумства ў любы момант можа стаць турэмная камера.

Я вельмі хацеў бы абысціся без слова "выбары" і абмежавацца толькі развагамі аб асабістых правах і свабодах, недатыкальнасці жылля і правоў затрыманых і абвінавачаных, але ўспомніўся даўні эпізод.

Некалькі гадоў таму я назіраў за выбарамі ў Нарвегіі. Праехаўшыся па некалькіх месцах, лісліва спытаў у чарговага старшыні камісіі: а што гэта ў вас амаль усе члены камісіі - муніцыпальныя служачыя? А той паважна адказвае: "А хто яшчэ ў выходны працаваць павінен? Мы". Слова за слова, і высветлілася, што наогул-та прадстаўнікоў партый яны чакаюць з распасцёртымі абдымкамі, але тыя не едуць. Няма чаго. Нават бюлетэні там лічыць, строга кажучы, не камісія, а сканер - штука такая тыпу лазернай друкаркі. Ты стой хоць прама перад ім, хоць за ім, будзь дэмакратам або з Пірацкай партыі - розніцы ніякай. А нягледзячы на ўсеагульны ажыятаж, ад таго, якая з партый выйграе выбары, ім у мясцовым "выканкаме" не горача і не холадна. Зменіцца кіруючая партыя - яны заўтра выйдуць на працу ў тым жа складзе і з тым жа настроем, што і сёння.

Гэта я да чаго? Да таго, што ў нашых праваахоўнікаў сітуацыя іншая. І вось у Гродне адбываецца захоп падазраванага - кіраўніка ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдата ў прэзідэнты, Сяргея Ціханоўскага. Кагосьці здзівіла тапорнасць, з якой правялі прадстаўнікі МУС гэты спектакль, а я зноў жахнуўся лёгкасці, з якой зламалі ілюзію захавання правоў чалавека. Можна не ведаць тонкасцяў ацэнкі парушэнняў права на мірны сход або спрачацца аб дыскрымінацыі, але кожнаму зразумела, што чалавек мае права на свабоду і асабістую недатыкальнасць. Зразумела, што ніхто не можа быць падвергнуты адвольнаму арышту або ўтрыманню пад вартай.

Далей складаней: ніхто не павінен быць пазбаўлены волі інакш, як на падставах і ў адпаведнасці з працэдурай, якія ўстаноўленыя законам. Так што, калі фармальна ўсё зроблена па працэдуры і "па правілах", то можна затрымаць нават невінаватага? Не, нельга. А калі гэта зроблена ў сувязі з рэалізацыяй чалавекам сваіх грамадзянскіх і палітычных правоў, то адразу ж павінна расцэньвацца як адвольнае пазбаўленне волі.

На жаль, нашыя нацыянальныя законы дазваляюць без прад'яўлення абвінавачванняў пратрымаць чалавека 10, а часам і 20 сутак у статусе падазраванага пад вартай, тады як еўрапейскі стандарт - 48 гадзін. Да таго ж, нагадаю, гаворка наогул ідзе пра гвалт у дачыненні да канкрэтнага міліцыянта (двух пакуль, дакладней), усе астатнія падазрэнні, абвінавачванні і фантазіі пакуль агучаныя зусім не ў працэсуальнай форме.

Чаму гэта важна? Таму што затрыманы мае права выбудоўваць з моманту затрымання сваю абарону, яго магчымасці і так у параўнанні з магчымасцямі абвінавачвання значна менш.

З гэтага зыходзілі і тады, калі замацоўвалі ў законе розныя складаныя правілы: ператрусу, допыту, забеспячэння абаронцам. Але высветлілася, што ператрус можна рабіць у тры падыходы, падазраю, што па адной пастанове. І падазраю, што прававой падставай ператрусу ўказана расследаванне справы па факце гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі. Дык дзе той супрацоўнік з гвалтам, а дзе дамы і дачы арыштаванага і яго радні? Як следчы абгрунтоўваў неабходнасць у ходзе расследавання мітусні на плошчы ў Гродне шнарыць па шафах і ў бялізне аж у далёкім Гомелі?

Таму там, дзе цэняцца не толькі вынікі барацьбы з іншадумствам і хуткасць расследавання спехам рэжысаванай "падставы", парушаць недатыкальнасць жылля дазваляе ці не дазваляе свабодны і справядлівы суд. А не пракурор, якога змена ўлады "вынясе" з кабінета.

Блог Паўла Сапелкі: Праца з лічбамі

У кожнай выбарчай кампаніі, тым больш прэзідэнцкай, ёсць свая разыначка. Вось, напрыклад, збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў: іх наогул трэба ўсяго 100 тысяч і пару тысяч у запас, але ніяк не мільён ці два.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства