viasna on patreon

Камісія з дзіцячага садка пагражае, што адбярэ дачку ў палітвязня Уладзіміра Навуміка Дапоўнена

2020 2020-06-17T13:04:09+0300 2020-06-17T14:30:30+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/navumik_dochka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Навумік разам з дачкой. Фота Hrodna.life

Уладзімір Навумік разам з дачкой. Фота Hrodna.life

У Гародні раніцай 17 чэрвеня да Віталіі Навумік – жонкі затрыманага фігуранта “справы Ціханоўскага” Уладзіміра Навуміка, які зараз знаходзіцца ў СІЗА-1, прыйшлі з праверкай загадчыца, выхавальнік і псіхолаг дзіцячага садка, у які ходзіць іх пяцігадовая дачка.

Яны сказалі, што пасля ператрусу, які праводзіўся ў сувязі з затрыманнем Уладзіміра, да іх паступіла інфармацыя аб тым, што ў кватэры Навумікаў нібыта неналежныя ўмовы для выхавання дзіцяці.

Як звычайна ў такіх выпадках камісія з дзіцячага садка праверыла наяўнасць прадуктаў у лядоўні сям’і, асноўнага кармільца якога беларуская дзяржава кінула за краты, чысціню у кватэры, наяўнасць іншых умоваў для маленькай дачкі.

Паводле Віталіі Навумік, было бачна, што супрацоўнікі дзіцячага сада негатыўна ставяцца да яе мужа, лічаць заганным тое, што ён увогуле быў на пікеце 29 траўня, дзе яго затрымалі.

navumik_vita.jpeg
Віталія Навумік. Фота "Гарадзенскай Вясны"

Відавочна, што на сям’ю Навумікаў праз камісію з дзіцячага садка аказваецца ціск з-за таго, што Уладзімір з’яўляецца абвінавачваемым па арт. 342 КК РБ. Пася гэтага візіта, які давеў Віталію да слёз, яна вельмі хвалюецца, што ў яе могуць забраць дачку. Бо менавіта пра гэта сказала загадчыца дзіцячага садка.

"Радыё Свабода" са спасылка на БелаПАН паведаміла, што загадчыца дзіцячага садку № 96, куды ходзіць дачка Навумікаў, Святлана Янчанюк паведаміла, што яны прыходзілі ў сямʼю на падставе дэкрэту № 18 і ліста з РАУС, які прыйшоў у аддзел адукацыі. Таксама яна адзначыла, што пасля першага агляду жытла няма падставаў забіраць дзіця з сямʼі.

«Ці не шкодзіць дзіцяці нешта. Як было напісана ў паперы, падчас ператрусу ў маці знайшлі бутэлькі ад спіртных напояў, яна курыла ў прысутнасьці дзяцей, а гэта парушэнне правоў. Але ніхто ў яе не спрабуе забраць дзяцей. Навошта яна так кажа?», — кажа Святлана Янчанюк.

Віталія Навумік пры гэтым аспрэчвае, што ў яе доме былі бутэлькі і недакуркі, бо ні яна, ні муж не паляць і не выпіваюць.

Цяпер ідзе сацыяльнае расследаваньне ўмоваў жыцця дзіцяці, падчас якога збіраюць пакет дакумэнтаў для разгляду на радзе прафіляктыкі. Будуць таксама браць характарыстыкі з месцаў працы абодвух бацькоў. Сацыяльнае расследаваньне цягнецца 15 дзён. 

Уладзімір Навумік быў затрыманы ўвечары 29 траўня пасля інцыдэнту з міліцыянтам на Савецкай плошчы ў Гродне. Паводле яго жонкі, Уладзімір не быў знаёмы с Сяргеем Ціханоўскім і апынуўся на месцы падзей выпадкова. На наступны дзень пасля затрымання яго перавезлі ў Мінск, а 8 чэрвеня прад’явілі абвінавачванне па арт. 342 КК РБ – Арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Зараз Уладзімір Навумік знаходзіцца ў СІЗА-1 на вул. Валадарскага ў Мінску.

У сувязі з затрыманнем карміцеля сям'я Уладзіміра апынулася ў цяжкім становішчы. Ім можна дапамагчы, пералічыўшы грошы на картку:

Белінвестбанк
5578 8434 0000 9035
Дзейнічае да 06.2021

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства